У мінулую нядзелю, у дзень вялікага праваслаўнага свята Троіцы, Веткаўшчына ў восьмы раз сустракала гасцей — уздельнікаў адкрытага фестывалю народнай творчасці «Траецкі карагод»

У мінулую нядзелю, у дзень вялікага праваслаўнага свята Троіцы, Веткаўшчына ў восьмы раз сустракала гасцей — уздельнікаў адкрытага фестывалю народнай творчасці «Траецкі карагод». На гэты раз да нас завіталі калектывы з Гомельскага, Добрушскага, Лоеўскага, Кармянскага, Чачэрскага і Хойніцкага раёнаў.

Асноўнай ідэяй свята з’яўляецца захаванне і папулярызацыя нематэрыяльнай спадчыны, звычаяў і традыцый свайго рэгіёна, далучэнне да народнай творчасці шырокіх мас насельніцтва.

У конкурсе было шэсць намінацый, дзе вызначалі лепшых. Былі яны сярод фальклорных калектываў, салістаў, выканаўцаў прыпевак, гарманістаў, удзельнікаў народна-бытавога танца і артыстаў тэатральнага жанру.

У раённым фестывалі народнай творчасці прынялі ўдзел восем фальклорных калектываў Гомельшчыны. Веткаўскі раён прадстаўлялі народны фальклорна-этнаграфічны калектыў «Стаўбунскія вячоркі» пад кіраўніцтвам Святланы Парашчанка, народны фальклорны ансамбль «Рэчанька» Старасельскага сельскага Дома культуры пад кіраўніцтвам Антаніны Балбасавай, народны фальклорны ансамбль «Крыніцы» пад кіраўніцтвам Таццяны Гудковай і народны ансамбль гарманістаў «Вясёлыя музыкі» пад кіраўніцтвам Юрыя Гудзімава (Веткаўскі цэнтр культуры і народнай творчасці).

Складаней за ўсіх давялося членам журы, бо кожны калектыў, непаўторны і самабытны, мае свае ўнікальныя творчыя здабыткі. Ганаровую місію выканалі вядучы метадыст па народным традыцыям і абрадам Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Людміла Мельнікава і кіраўнік народнага ансамбля народнай песні «Славяне» Гомельскага тэхнічнага ўніверсітэта Наталія Багданава. Абавязкі старшыні журы ўзяў на сябе начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзмітрый Ісачанка. Па выніках конкурсных выступленняў калектывы былі ўзнагароджаны дыпломамі.

Трэба адзначыць, што цікавасць да фальклору не згасне, пакуль існуюць калектывы, улюбёныя ў справу адраджэння і захавання народных нацыянальных традыцый. Сёлета ў складзе фальклорных калектываў удзельнічалі маладыя дзяўчаты. Як на прыклад, у “Стаўбунскіх вячорках”, а гэта значыць, што моладзь пераймае веды і вопыт ў старэйшага пакалення. А значыць, народныя традыцыі будуць жыць.

«Траецкі карагод на Веткаўшчыне» — не проста конкурс, гэта вяртанне да сваіх каранёў, да гісторыі і культуры роднага краю. Народныя песні, прыпеўкі, танцы надоўга запомняцца як веткаўчанам, так і ўдзельнікам фестывалю.

Кацярына ЧУДУКОВА.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.