Вялікая таямніца

Ведаю, як святкуе Раство Хрыстова Праваслаўная Царква. А наколькі значнае гэта свята ў ліку іншых царкоўных святаў?
Валянціна Марозава, горад Ветка.
З гэтым пытаннем мы звярнуліся да студэнта Свята-Філарэтаўскага Праваслаўнага Багаслоўскага інстытута (г. Масква), навуковага супрацоўніка Веткаўскага музея народнай творчасці Андрэя Валер’евіча Скідан.
— Шырока святкаваць нараджэнне Ісуса Хрыста наша Царква пачала адносна позна. Нават у Бібліі толькі ў евангеліста Лукі мы знойдзем сур’ёзны, абгрунтаваны аповед пра гэту падзею. Пры гэтым асноўны ўпор у павестваванні робіцца на тым, што Хрыстос нарадзіўся ў яўрэйскай сям’і.
Патлумачу: калі чалавек нараджаецца ў традыцыйным іудзейскім асяродку, то наперад вядома, што ў яго жыцці адбудзецца, якім чынам ён будзе выхоўвацца, у якім узросце стане юнаком, паўналетнім, калі будзе ўведзены ў Сабранне народа Божжага, калі атрымае мажлівасць прапаведваць ў сінагогі. Так і для чытачоў Евангеллі не выклікала пытанняў жыццё Хрыста ў маладыя гады. Найбольш важным было жыццё Ісуса як Спасіцеля. Менавіта таму асноўнымі і першачарговымі святамі для хрысціянскай Царквы з’яўляюцца святы Ускрасення Хрыстова, Крышчэння, Богаяўлення.
Безумоўна, з’яўленне Госпада на свет таксама важны момант. Пры гэтым не так прынцыпова, у які дакладна час, дзень, месяц і нават год нарадзіўся Хрыстос (некаторыя даследчыкі датуюць час нараджэння недзе на шэсць гадоў раней агульна прынятага). Для нас найперш цікава, як гэта суадносіцца з простым чалавекам.
Уся гісторыя іудзейства — народа Божага да Хрыста — была звязана з чаканнем дзіўнай падзеі — нараджэння Бога сярод людзей. Аб гэтым сведчылі прароцтвы яшчэ за восем стагоддзяў. Але як гэта адбудзецца ў рэальнасці, ніхто дакладна не ведаў, тым больш маці Ісуса Марыя.
Момант нараджэння Бога ў чэраве зямной жанчыны з’яўляецца вялікай таямніцай для чалавека. Гэта свята не толькі ўспамін аб калісьці адбыўшымся цудзе. Адзначу адну з вартасцей царкоўнай памяці — яе пазачасовасць. Падзея, якая адбылася тысячу год таму, актуальная і цяпер. Гэты дзень для Царквы — тая ж радасць.
Цікавай у гэтай сувязі з’яўляецца беларуская народная традыцыя святкавання Раства, калі калядоўшчыкі хадзілі па дварах з віфліемскай зоркай, гаворачы пры гэтым “Хрыстос нарадзіўся на вашым двары!”. З аднога боку, гэта звычайны выгук калядоўшчыкаў, іх віншаванні са святам, пажаданні ўсяго найлепшага гаспадарам. А з другога боку — сведчанне факта: выйдзі, паглядзі, можа быць, гэта і сапраўды так. Можа быць, Хрыстос — не тое немаўлятка, што ляжыць ў Марыіі на ўлонні. Хрыстос можа нарадзіцца ў кожным з нас. Так вучыць Царква.
Нараджэнне Хрыста — свята дзіўнае, таямнічае. А як чалавек прыходзіць да Бога? Таксама сакрэт. У кожнага чалавека гэты вопыт заўсёды ўнікальны і адзіны ў жыцці, нібыта другое нараджэнне. Кожны ідзе да Бога сваім шляхом.
Запісала Н. ЦІТУШКІНА.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.