Ветры і буры на камунальных дахах

antenna_chapaeva
Камунальныя справы часам вельмі тонкія. Здаецца, што пытанне, па якім звярнуўся чалавек, зусім простае і адназначнае, але пры блізкім разглядзе з яго выцягваецца столькі розных дадатковых «але», што справа набывае зусім іншы ракурс.
Такая праблема дасталася КЖУП «Веткаўскае» і аддзелу архітэктуры райвыканкама заадно. Звярнуўся туды адзін жыхар К. нашага горада са скаргай, што антэны на дамах парушаюць архітэктурны воблік Веткі, а між тым яны павінны ставіцца па нарматыўных патрабаваннях. Такая свядомасць і клопат за воблік роднага горада кранае: гэта ж трэба, дбае чалавек пра такія матэрыі! Але далей заяўляльнік наракаў, што антэна яго суседкі псуе якасць яго жыцця. Не болей не меней гэта простая канструкцыя з металічных пруткоў з’яўляецца прычынай сырасці ў ягонай кватэры. Пісаў ён, што з яе цячэ вада праз дах проста ў кватэру. Прыводзіў прадстаўнікоў службаў да сябе і дэманстраваў наяўнасць плесні, сырасці. І патрабаваў ужо, каб яму ўцяплілі столю, бо ён жыве на апошнім паверсе і ад даху невыносна сыра. Справяд-лівасці дзеля варта сказаць, што пры рамонце дамоў у 2008 годзе дах забыліся ўцяпліць.
Гараджаніну столю камунальнікі ўцяплілі, бо выявілася сапраўдная недаробка. Нядаўна працэдуру па патрабаванню настойлівага грамадзяніна К. паўтарылі, часткова правялі аналагічныя работы, прычым за кошт прадпрыемства. Відавочна, гэтымі мэтамі і кіраваўся кемлівы гаспадар, калі выказваў такі «клопат» пра эстэтыку горада. Але запушчаны ім папяровы зарад не спыніўся і ляцеў далей, трапляючы ў арганізацыі і суседзяў. Урэшце на патрабавальны націск пісальшчыка заяў камунальнікі былі вымушаныя рэагаваць: усім жыхарам дома, дзе жыве гэты свядомы грамадзянін, выпісалі па прадпісанню прыбраць свае антэны з даху.
Але чаму такая несправядлівасць напаткала толькі жыхароў гэтага дома? Яны маюць права абурыцца і сказаць, што ў такім разе трэба выпісаць такія паперы добрай палове веткаўчан. Так абурылася і жыхарка таго ж дома Таццяна Пашкова, і звярнулася ў рэдакцыю з пытаннем, як ёй быць з антэнай. Гэта яе антэна неміласэрна замінае жыць суседу — адна з пяці, размешчаных па краю даху.
«Чаму менавіта мая? Няхай тады ставяць законную, агульную. Не сядзець жа без тэлебачання», — абураецца жанчына.
Давайце разбірацца і з антэнай, і з дзіўнымі канструктыўнымі асаблівасцямі жытла суседа. Цікава, як можа трапляць вільгаць праз дах, перакрыцці, уцяпляльнік і столю ў кватэру, калі антэна прымацавана не да дзіркі ў даху, а да парапета? Цяпер патрабаванні да мацавання антэн маюць больш акрэсленыя нарматывы, але калі ў 2008 годзе рабіўся рамонт дома, то антэны жыхарам прымацавалі тыя ж рабочыя і даволі грунтоўна. Праўда, тады ж, 18 сакавіка 2008 года, афіцыйным лістом паведамлялася, што ў доме будзе ўсталявана калектыўная антэна.
Жыхарам абяцалі антэну ў 2009 годзе, аб чым з КЖУП паведамлялі Пашковай лістом ад 30.12.2008. Не зраслося з антэнай і дагэтуль. Проста шмат што памянялася з тых пор у падпарадкаванні, кампетэнцыі розных арганізацый. Напрыклад, ААТ «Гарант», які меркаваўся ў ролі падрадчыка, работ па Ветцы практычна болей не вядзе. Як паведамілі ў тэхнічнай службе «Гаранта», складанасць утвараюць нават работы па рамонту антэн і прылад, што ўжо існуюць у горадзе. Але калі жыхары дома хочуць, то за іх сродкі антэна для ўсіх можа быць усталявана.
Большасць веткаўскіх абанентаў перайшлі на эфірную або кабельную «Залу», якая транслюецца пры дапамозе «Белтэлекама». У «Белтэлекаме» нам паведамілі, што іх кабельнымі абанентамі з’яўляюцца ў гэтым доме двое або трое жыхароў, у залежнасці ад таго, ці працягнуць яны кантракты. Такім чынам, большасць глядзіць так званы сацпакет праграм эфірнай «Залы», якая ловіцца пры дапамозе вонкавых антэн любога тыпу. Гэта значыць, што агульная антэна ці індывідуальная, розніцы ніякай.
У КЖУП «Веткаўскае» пытанне з існуючай антэнай веткаўчанкі Пашковай прапануюць вырашыць проста: звярнуцца ў аддзел архітэктуры за дазволам на лега-лізацыю канструкцыі. Працэдура простая і не затратная. Застаюцца яшчэ і варыянты з заказам калектыўных антэн, калі суседзі падтрымаюць складчыну.
Але ці пакіне ў спакоі антэну Пашковай сусед? Аднак ці няма ў сырасці іншай прычыны? Як відна на фатаздымку, балкон жыхара апошняга паверха шчыльна зашыты не толькі шклопакетамі, не прадугледжанымі праектам, але і сайдынгам. Суседні балкон мае яшчэ больш істотныя пераробкі. Там патрапленне святла ў кватэру яшчэ мацней ускладнена. Не спрыяюць вентыляцыі і пластыкавыя шклопакеты, што ўстаноўлены ў гэтых кватэрах.
Што можна сказаць у выніку? Жанчыне прапанаваны найбольш просты варыянт вырашэння яе праблем з антэнай: легалізацыя праз дазвол. Тое ж мусяць тады зрабіць і іншыя жыхары дома, а па справядлівасці — і ўсёй Веткі. Не задаволіць гэта толькі грамадзяніна К.: пераносу той самай антэны тады не будзе. А як быць з незаконнымі перапланіроўкамі балконаў, перабудовамі ў кватэрах і вакол іх? Спадзяёмся, К. падрыхтаваўся да складання дакументацый, заяў, зваротаў, папер, наведвання кабінетаў. Толькі, пасеяўшы вецер, ці не пажне гэты чалавек буру. Напрыклад, буру абурэнняў за створаныя праблемы безлічы народу.
P.S. Апошнім часам народ зацікаўлена абмяркоўвае так званы закон аб прафесійных скаржніках. Калі чалавек рэгулярна прымушае выканаўчыя ўлады ці камунальныя службы працаваць па надуманых пытаннях, трацячы грошы і сілы, ён можа быць прыцягнуты да адказнасці. Гэта не намёк у чый-небудзь бок, а інфармацыя для будучых разваг.
Арыя ГАТАЛЬСКАЯ.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.