Пакрой нас ад усякага зла чэсным сваім амафорам…

Падзеі, у гонар якіх было ўсталявана адно з самых улюбёных святаў, апісваецца ў Жыціі святога Андрэя. У сярэдзіне Х стагоддзя грэчаскі горад Канстанцінопаль быў акружаны сарацынамі. Жыхары горада малілі Госпада аб дапамозе. У час начнога Богаслужэння ва Улахернскім храме блажэнны Андрэй раптам убачыў, што Прасвятая Дзева ідзе па паветры. Яна ззяла, як сонца, і была акружана прарокамі, апосталамі, анёламі і мноствам іншых святых. Стаўшы на калені, яна доўга малілася за хрысціян… Падышоўшы да Прастола, яна зняла са сваёй галавы пакроў і распрасцёрла над тымі, хто маліўся ў храме. Святы Андрэй з хваляваннем назіраў гэта і спытаў у свайго вучня блажэннага Епіфанія: “Бачыш лі, брат, Царыцу і Гаспажу, якая моліцца аб усім сусвеце?” Епіфаній адказаў: “Бачу, святый отче, і жахаюсь”. Калі Божая Маці адышла, Пакроў стаў нябачным. Дзякуючы заступніцтву Царыцы нябеснай жыхары Канстанцінопаля адбілі нападзенне ворагаў. У памяць аб гэтай падзеі было ўстаноўлена свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы, якое з вялікай любоўю адзначаецца вернікамі 14 кастрычніка. Кананічнае тлумачэнне не перашкаджае жыхарам нашых вёсак складаць свае аповеды пра паходжанне гэтага свята.


“Мацер Гасподняя сжалілася…”


Вось як пра гэта распавядаюць у Радузе:
“Была такоя, што ішла Мацер Божжая, ішла ціпа нашай дзірэўні, сіло, і пад каждая акошка: “Пусціця! Пусціця!” Яна была “нішчанка”. Ніхто не пускаў. Не пусцілі, а зіма, у’юга. Куды Мацеры Гасподняй іцці? Яна нашла стог, салому, сена, туда прыбілася і лягла. А эта ўсё ўвідзіў грозны наш прарок Ільля: “Што здзелалі? Мацер Божжаю не прынялі ніхто?” І ён разгневаўся на эта сіло і нагнаў ураган, тучу, проста такоя, што невазможна была людзям і ў хаці нахадзіцца. Яны вышлі на вуліцу і давай прасіць, маліць Мацер Божжаю: “Зашчыці нас! Спасі!” Мацер Гасподняя сжалілася, вышла з этага стога сена, раскрыла свой пакроў і зашчыціла эта сіло. І з гэтага ўрэмені началі чціць Пакроў Божжай Мацеры”.


“Як была вайна пры Міколку…”


Зусім па-іншаму, але не менш прыгожа, распавядаюць пра паходжанне Пакрава ў пасёлку Рэпішча: “Як была вайна пры Міколку, так Божая Маць Маскву пакрыла махорам. Дажэ сціх пяецца: “Пакрый нас чэсным амафорам”. Загарадзіла ж яна яе. Яе ж, Маскву, тагда б растрапалі. Яна спусцілась па воздуху. Накрыла амафорам і ўсе паслеплі воіны, каторыя ішлі. І памагла”.


“Як абкрыла амафорам сваім, дак вайна замірылася…”


З вайной звязваюць паходжанне Пакрава і ў Вялікіх Нямках.
“Я ад людзей чула, што былі бітвы бальшыя ў старая ўрэмя, ніванасімая кровапраліція, дак Пакравіцільніца, Божжая Мацірь Пакравіцільніца, абкрыла сваім амафорам усё ваеннае вастанія. Як абкрыла амафорам сваім, дак вайна замірылася”.


“Выпадаў снег і лажылась зіма…”


І зусім народнае тлумачэнне пра паходжанне Пакрава аўтар гэтых нататак пачуў у вёсцы Хальч:
“Пакроў. Эта ў чэсць Пакрова налажылі. На Пакроў выпадаў снег і лажылася зіма. Начыналася ад Пакрова зіма. Вот налажылі Пакроў. Эта ў старыну. Эта, як мне расказывала мая баба, і я гавару. Баба ж — эта была стары чылавек. Ей была дзевяноста — яна памерла”.


“На Пакрова на рябам кані ездзяць…”


Прыкладна тое самае распавядалі і ў Падкаменне: [Чаму Пакроў называіцца Пакроў?]
“Патаму шта ўжо на Пакрова, гаворыцца, на рябам кані ездзяць. Ужо можыш на базар ехаць на калёсах, адтуль можыш на санях. Вот пакрывая ўжо снегам, і яно па-божжаму. Вот я ні знаю, пакрываў Гасподзь тожы пакрывалам… Я ні знаю, як сказаць. Пакроў… можа замерзнуць зямля… [Як на серым кані ездзіць?] Ну як на серым?.. На любом едзіш… Туда едзіш на калёсах, і адтуль можыш на санях… Нада… Можыш ужо… Снег выпасць… Патаму што так бывала… Былі такія годы, што едуць на базар у Свяцк на калёсах, адтуль ужо наматывая ўжо калёсы… На снег ідзі пешкі… Конь еле цягня калёсы. На Пакрова можа засыпаць снегам, а можа ішчэ будзя зямля. Пакроў ездзя на серым каню”.


Заўважу, што гэтыя аповеды ніякім чынам не выключаюць існаванне ў нашых вёсках і традыцыйных ведаў пра паходжанне гэтага свята:


“У каком-та гаду войны ішлі…”


У Залатым Розе паходжанне Пакрава тлумачуць наступнымі падзеямі:
“У каком-та гаду войны ішлі. Так эта ікона, зашлі ў цэркаў і памаліліся этай іконе, і ана, стаіць Мацер Божая і пакрава ана дзержыць на руках: “Радуйся, радасць ты наша, пакрой нас ад усякага зла чэсным сваім амафорам…” І када наступалі воіны, то памаліліся этай іконе, і Мацер Божая пакрыла, спасла людзей. Там аставалася іх нескалькі чылавек, ана іх пакрыла, і воіны адступілі. Эта када-та ацец Андрэй расказываў. Так эта “Пакрава” і называіцца, наверна, што ана этым сваім амафорам пакрыла людзей. І воіны адступілі”.


“Яна пакрывая нас амафорам…”


І як распавядаюць у Шарсціне:
“Пакроў” — Мацер Божая явілася ў цэркві с палаценцам. Вот яна пакрывая ўсіх людзей сваім амафорам. Святому паказалась. Святыя людзі — каторыя молюцца Богу, дастойныя, ужэ агледзілі Мацер Божаю с палаценцам. Вот яна пакрывая нас амафорам — палаценцам”.


Пакроў у нашых вёсках любяць, шануюць, святкуюць. І вельмі прыгожа, па-свойму, тлумачаць паходжанне гэтага свята. Існаванне шматлікіх легенд толькі лішні раз падкрэслівае, якое месца Пакроў займае ў жыцці нашых вёсак. Легенды ўзнікаюць толькі пра самае адметнае і вызначальнае.


Генадзь ЛАПАЦІН, вядучы навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея страабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.