Нашы прозвішчы ўмеюць гаварыць

Стварэнне беларускіх прозвішчаў ішло ў рэчышчы дзвюх тэндэнцый — агульнаеўрапейскай і расійскай. Гэта звязана з няпростым гістарычным шляхам, які прайшла Беларусь за больш чым тысячу гадоў. Яе тэрыторыя ў розны час была ў складзе розных дзяржаў, і на культуру нашай краіны аказалі ўплыў суседнія народы — рускія, палякі, габрэі, украінцы, немцы.

Сярод мясцовых прозвішчаў сустракаецца нямала такіх, якія зараз здаюцца нам дзіўнымі або іх этымалогія выглядае загадкавай, незразумелай. Позірк у нядаўняе мінулае дае ключы да паходжання прозвішчаў жыхароў Веткаўшчыны.

Безліч прозвішчаў паходзіць ад уласных імёнаў. Можна нават сказаць, што такіх большасць. Прозвішчы-патронімы ўказваюць на нашчадкаў забытага хрышчонага продка: Азара, Аксёна, Акулы (форма імя Вікул, Вакула), Аўрама, Антропа, Андроса, Анісіма, Арцюха (Арцёма), Ахрэма і так далей да канца алфавіта, прыстаўляючы канчаткі, якія ўказваюць на роднасць: -іч, -энка (-енка), -оў, -ін.

Прозвішчы на -энка (-енка), -а часам памылкова лічаць «украінскімі». Даследванні яшчэ савецкага часу, апублікаваныя ў аўтарытэтнейшым часопісе «Наука и жизнь», указвалі на прозвішчы, кшталту Бандарэнка, Ігнаценка, Халімоненка, Саўчанка, як на аднолькава характэрныя для беларусаў і ўкраінцаў.

Часам прозвішчы-патронімы паходзяць не ад мужчынскага продка, а ад маці: Удовенка, Дзявотчанка, Марыніч, Голда (яўрэйскае жаночае імя), Соніч, Сорыкаў (ад імя яўрэйскага Сора), Парашчанка (Параска, Параскева). Такія прозвішчы атрымлівалі тады, калі мужчыны ў сям’і не было, сям’я асірацела ці радавод вёўся «па кудзелі».

Даволі пашыраныя на Веткаўшчыне прозвішчы Ксяндзоў і Католікаў. Як няцяжка здагадацца, карані ідуць з веравызнання продкаў. Да таго, як мясцовыя землі патрапілі ў сферу ўплыву Расійскай імперыі, веравызнанне мясцовага насельніцтва было ў асноўным рымска-каталіцкім ці ўніяцкім (грэка-каталіцкім). Расійская імперыя мела на гэты конт вельмі канкрэтную думку — усеагульнае праваслаўе. Тых, хто перайшоў у «правільную веру» пазней або не адмовіўся ад яе, атаясамлівалі з католікамі праз мянушкі, што сталі прозвішчамі.

Нямала ў тэлефоннай кнізе і Літвінавых: у ваколіцах Веткі і стараабрадніцкіх паселішчах так вылучалі менавіта мясцовых, чые карані былі тут, ад Вялікага Княства Літоўскага. «Літвін» значыла прыналежнасць грамадзянскую, як зараз «грамадзянін Рэспублікі Беларусь». Прыезжыя стараверы літвінамі не былі, таму гэтае прозвішча сустракаецца як раз там, дзе «не-літвінаў» была найбольшая колькасць.

Шляхцічавы, Шляхтавы, Шляхценкі — сапраўды нашчадкі шляхты, часцей той, што ці не змагла пацвердзіць сваё шляхецтва пры перапісе, ці страціла карані, размяшаўшыся з нязнатнымі мяшчанамі і сялянамі.

Ад мянушак паходзіць нямала прозвішчаў. Напрыклад, такое цікавае, як Жавіна, мае мясцовае дыялектнае паходжанне. Так у многіх населеных пунктах раёна называлі духмяную ягаду, ажыну. За што нечый продак атрымаў такую мянушку — за чорныя вочы ці за якія іншыя прыемнасці, але прозвішча прыжылося, упрыгожыўшы сабой летапісы. Каларытнае прозвішча Сыракваша мае таксама дыялектнае мясцовае паходжанне — так называецца ўсім вядомы прысмак з кіслага малака. Мянушку Суглоб атрымаў касцісты, маслаты чалавек — дыялектнае слова і значыць «сустаў, масол». Чалавек, які меў звычку ласкава звяртацца да ўсіх «мамачка», даў сваёй мянушкай пачатак прозвішчу Мамачкін. Чарнявых скрозь дражнілі Цыганкамі, нашчадкаў удзельнікаў ваенных кампаній з замежнымі інтэрвентамі — Шведамі, Шведавымі (водгукі Паўночнай вайны).

Прозвішчы Доктараў, Кухараў, Дзегцяроў (гнаў дзёгаць), Маёраў, Шаўцоў (шыў боты), Купцоў, Краўчанка (шыў адзенне, кроіў), Канавалаў (ветэрынар), Лымар (рымар — майстар па конскай збруі), Воінаў маюць празрыстую этымалогію — ад заняткаў продкаў. Харанжын мае такое ж паходжанне: ад «харунжы» — сцяганосец, вайсковае званне ў часы Вялікага Княства, Рэчы Паспалітай. Продкі Шынкаровых і Шынкарэнак мелі непасрэднае дачыненне да старадаўняга «паба» — шынка. Кушняровы займаліся кушнерствам — вырабам скураў, пашывам з іх. Пасечнюкі займаліся пчалярствам. Рыбалка, Рыбачукі, Рыбаковы вялі свой радавод ад небагатага продка — рыбак значыла амаль тое ж, што і бядняк. А вось Рыбянкі (Рабянкі) да рыбы дачынення не мелі, гэта прозвішча паходзіць ад далёкага яўрэйскага продка, рабінава (равінава) нашчадка, які некалі перайшоў, верагодна, у хрысціянства.

Цікава, што ў Расійскай імперыі пераход у праваслаўе не толькі горача вітаўся, але па першым часе нават узнагароджваўся. Калі багатыя яўрэі былі здольныя набыць сабе дваранства, то пры хрышчэнні атрымлівалі прозвішчы ў гонар царкоўных святаў: Раждзественскі, Пакроўскі, Спасскі, Пятроўскі, Багародскі і г.д. Калі першая хваля прайшла, а жадаючыя яшчэ заставаліся, то прозвішчы «выхрыстам» даваліся ўжо па назвах дрэў: Сасноўскія, Беразоўскія і г.д., што адначасова стварыла і блытаніну са шляхецкімі прозвішчамі, атрыманымі па мясцовасцях. Пасля Вялікай Айчыннай вайны прозвішчы па назвах гарадоў давалі знойдзеным там сіротам: Гомельскі, Слуцкі, Мінскі, Аршанец…

У «эндэмічнага» толькі для Веткаўшчыны (ўсе носьбіты маюць корань у Жалезніках) шляхетскага прозвішча Гатальскі ёсць два варыянты паходжання. Першы варыянт — ад мясцовасці: бераг у Жалезніках нізкі, спрадвек клаліся кладкі і гаці, ад слова «гаць». Другі — ад дыялектнага «гаталь» (смелы, адчайны вершнік, наезднік, сарвігалава); «гаталяваць» — рызыкоўна скакаць на кані, а таксама ў пераносным значэнні — насіцца, гарэзаваць.

Цікава, што ў іншага шляхецкага прозвішча раёна, Шалюта, этымалогія амаль такая ж: «шалюта» — ласкавае памяншэнне ад «шаляніша», «шалёны». Улічваючы, што галоўнае прызначэнне шляхты (як і вынікае са значэння самаго слова ад еўрапейскага кораню «бараніць», «змагацца») было ў вайсковай справе, то адчайная адвага — не загана для вершніка з мячом.

Вядомае прозвішча Грамыка, таксама шляхецкае, мае гучную этымалогію: «грамыхаць, грахатаць, грымець» — гаварыць і смяяцца гучна, раскаціста, наогул быць гучным, шумным.

У Свяцілавічах жывуць нашадкі яшчэ некалькіх шляхецкіх радоў: Мяцельскія, Маліноўскія, Язерскія. Першыя два прозвішчы, верагодней за ўсё, паходзяць ад мянушкі продка, а апошняе — ад мясцовасці, ад кораню «возера» ў яго стараславянскай транскрыпцыі. Драбышэўскія (ад «дробны, невялікі, сухапары, малы») і Дуброўскія (ад назвы нейкага месца з коранем «дуб») таксама маюць права ведаць пра свае шляхецкія карані.

Цікава, што самы вядомы праз твор Пушкіна Дуброўскі меў рэальнага прататыпа, разоранага імперскім указам, які патрабаваў пацверджання высакароднага паходжання. Шляхціч Магілёўскай губерніі, у якую тады ўваходзіла і Гомельшчына, быў даведзены да адчаю і пайшоў у паўстанцы. Адкуль Пушкін узяў гэтыя звесткі? Усё нашмат бліжэй: бацька пісьменніка быў таксама дваранінам Магілёўскай губерніі.

Мясцовыя Караткевічы («кароткі, малы») з вялікай верагоднасцю маюць шанец на роднасць з вядомым пісьменнікам: мая бабуля з Жалезнікаў, да замужжа Караткевіч, выйшла сюды замуж з Магілёўшчыны. Нашчадкі гэтага шляхецкага роду і брата маёй бабулі апякуюцца мясцовым храмам. За годную грамадскую дзейнасць яны ў старыя часы маглі б быць адзначаны прыдомкам да прозвішча, каб вылучацца з іншых, але само прозвішча і так дастаткова славутае.

Трапляюцца ў нас і рэдкія прозвішчы. Пра такое, як Вішталь, часам чую: ці не яўрэйскае? Не. Вядомае з сярэднявечча, на беларускіх і ўкраінскіх землях, утварэнне слова па старажытным узоры, як каваль, мураль (муляр), ліхвяр. Калі паходзіць ад украінскага кораню, то значыць «ляўшун», а можа, і «фурман»: у Закарпацці «вішта!» камандуюць каню, каб ехаў налева. А калі ад занятку, напрыклад, ад дзеяслова «вышталёўваць», то значыць «майстар, штукар». Розныя крыніцы прапануюць яшчэ шэраг варыянтаў.

Здараюцца і казусы. Часам не дужа пісьменныя пашпартысты запісваюць прозвішчы так, што здзівішся. Напрыклад, прозвішча Прымачэнка паходзіць ад агульнавядомага слова «прымак» (мужык, што жыве пры жончынай сям’і), у рускай транскрыпцыі запісана праз «о». Выйшла нібы ўжо ад зусім іншага, нібы ад «прымочваць». Католікавы ў раёне ўсе спрэс запісаны па-руску як «Котоликовы»: пісар катоў ведаў, а католікаў — не. Двойчы сустракала Гатальскіх, запісаных па-руску праз «о». Тут асацыяцыі з нейкімі готамі, сувязь з коранем страчана. У Пачышавых з Барчанкоў палова радні запісана як Падчышавы. Ёсць у раёне Качанавы і праз «о», і праз «а»: нібы ад розных каранёў. А самы казусны вядомы мне выпадак з прозвішчам Заец — пашпартыстка магла і праз «і» напісаць. Уладальнікі такіх прозвішчаў увесь час ва ўстановах ад пошты да ЗАГСа вымушаныя дыктаваць іх па літарах: унесці папраўку ў прозвішча не лягчэй, чым цалкам змяніць.

Углядзіцеся ў сваё прозвішча. Яно можа нешта расказаць вам аб гісторыі сям’і і родных мясцін.

Арыя ГАТАЛЬСКАЯ.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.