Кніжная навінка

У Ветцы нашай ёсць дамы з цікавай асаблівасцю, адбудаваныя стараверамі: дамы з двайной столлю (“потолком” — руск.). У прасторы, якая ёсць паміж двумя пакрыццямі, даўней захоўвалі зерне, розныя прадметы. Ветка працягвае здзіўляць сваім “двайным дном” — усё новымі і новымі адкрыццямі. І зараз, як у часы Аляксандра Пушкіна, яна прыцягвае ўвагу творчых людзей.
“Ветка — гарадок стараверскі, у ім і ва-коліцах сапраўды захавалася шмат рарытэтаў — старадаўніх кніг і абразоў, выкупляць якія ў бабулек за капейкі ды перапраўляць за валюту на захад даўно ездзілі масквічы з ленінградцамі. Не цікавіла нічога толькі беларускіх навукоўцаў. Але сярод веткаўчан знайшоўся чалавек, які не пабаяўся рызыкнуць, і пачаў збіраць спадчыну старавераў — Фёдар Шкляраў. Дакладней, не збіраць, а ратаваць ад знішчэння. Бо камуністы ў змаганні з рэлігіяй сотнямі адбіралі ў вернікаў стара-друкі і абразы, звозілі ў райцэнтр і палілі імі грубкі… А Шкляраў, калі надышла чарговая адліга, якую назвалі перабудовай, скарыстаў момант і на аснове свайго таемнага збору стварыў унікальны музей. Спачатку хатні, а цяпер вось пад яго выдзелілі асобны будынак”… Гэтыя радкі ды іншыя — аб Ветцы, веткаўчанах — у новым мастацкім творы, аповесці Барыса Пятровіча “Спачатку была цемра”. Аповесць, у якой пісьменнік расказвае пра рэаліі 1980-90 гг. і нашага сённяшняга жыцця, уражвае праўдзівасцю. Відавочна: гэты твор — сапраўдны мастацкі дакумент свайго часу, а таму будзе мець вельмі доўгае жыццё. Аповесць надрукавана ў часопісе “Дзеяслоў” (№59, 4’12).
Літаральна на днях з’явіўся новы буклет “На Ветке жить добро, мирно и вольно!” — даведачнае выданне аб гісторыі, дзейнасці Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава (прадаецца ў музеі). Тэкст буклета створаны Г.Г. Нячаевай, С.І. Лявонцьевай, А.В. Скіданам, В.В. Міронавай, мастацкі макет — Н.А. Кузьмяновай. Буклет, гэтак жа, як і часопіс “Дзеяслоў”, быў надрукаваны ў Мінску. Вокладка буклета, на маю думку, вельмі прыгожая. Гледзячы на яе, адразу ўспамінаеш галоўныя словы: “жанчына”, “жыта”, “жыццё”… Мірнае, вольнае неба з невялікімі воблакамі (“У гэтай краіне не маю я волі, Вось воблака, сяду і ў свет палячу…” (Анатоль Сыс)) размешчана побач са словамі, прамоўленымі стараверам І. Матвеевым падчас катаванняў, — “На Ветке жить добро, мирно и вольно!”. Нябёсы, словы, жанчына са снапом жыта на руках нагадваюць пра тое, што сапраўдныя каштоўнасці нашага зямнога жыцця — вечныя.
У буклеце размешчана 37 фотаздымкаў. На іх — фота самага старога будынка ў Ветцы — музея, фота Ф.Р. Шклярава, фота экспазіцый, вітрын музея і філіяла музея, які знаходзіцца ў Гомелі. У невялікім, змястоўным тэксце буклета — аповед аб сакрэтах пабудовы музейных экспазіцый, аб унікальных калекцыях, аб традыцыях і святах веткаўчан — усім тым, што ўсё болей і болей прыцягвае гасцей у Ветку. Гэтак жа — аповед аб новых праектах, выстаўках музея, падчас якіх распазнаеш сябе, вывучаеш гісторыю, культуру той зямлі, дзе нарадзіўся. На працягу больш 30 гадоў Веткаўскі музей народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава з’яўляецца творчай “палявой” лабараторыяй па зборы і перадачы “энергіі продкаў”.
Ларыса РАМАНАВА, вядучы навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.