ГІСТОРЫЯ АДНАГО ПІСЬМА

Адразу скажу: гісторыя гэта драматычная і нават неверагодная. Аднак аб усім па парадку. Пісьмо было напісана больш за семдзесят гадоў назад і адпраўлена 27 лістапада 1939 г. з Касцюкоўкі, што на Гомельшчыне, Івану Фамічу Брундукову. Вось яно:


“Ад вядомай цябе сястры Юлі. Першым доўгам, дарагі брат Ваня, я хачу цябе паведаміць, што я знаходжуся жыва і здарова, чаго і табе жадаю. Пісьмо я твае атрымала, за якое цябе вельмі ўдзячна. Я пакуль працую ў калгасе. Узяла даведку ў сельсавеце і думаю паступіць на іншую работу. Паступіць вельмі цяжка, таму што няма набору, а кушаць нечага. Калі б грошы былі, то было б лепш. Колькі ні працавалі ў калгасе, няма нічога, атрымалі толькі два кіло бульбы і 26 чысла 800 грам зерня, вось і кушай хлеб. Аднак неяк перажывем. Яшчэ няма з арміі Маўра, памаленьку жыве Дуся. Цябе чакае, усе пытаецца, ці скора дзядзька прыдзе, пляменнік твой. Яму пакажаш фотакартку, ен цябе пазнае і паказвае. Іншых навінаў у нас няма, усе па-стараму, ніхто не жэніцца, ніхто замуж не ідзе. У нас зусім няма марозу, толькі крыху падмерзла, снегу крыху падсыпала спачатку, а потым усе патаяла. Ну, за гэтым да пабачэння, дарагі брат Ваня, больш пісаць няма чаго, калі што будзе, то напішам яшчэ. Пісала сястра Юля брату Івану Фамічу”.


У графе “адрас атрымальніка” значылася: “Палявая паштовая станцыя, горна-стралковы полк, 3-я куляметная рота”.


Іван Брундукоў атрымаў пісьмо з родных мясцін як раз напярэдадні савецка-фінскага канфлікта, у якім яму давялося ўдзельнічаць. Тую вайну паэт назваў незнакамітай, аднак баі тут былі вельмі жорсткія. Гэта, дарэчы, адзначалі і шматлікія замежныя карэспандэнты, якія асвятлялі падзеі за таго, фінскага, боку.


Вось што, напрыклад, убачыў на полі боя пасля аднаго з такіх сражэнняў карэспандэнт з Францыі Ўладзімір Зянзінаў: “Крыху ў баку ад дарогі стаяў танк – у адтуліне былі бачны сагнутыя калені і ногі, само цела заставалася ўнутры танка: танкіст загінуў, хутчэў за ўсе, згарэў у сваім танку. Забітыя цяпер сустракаліся на кожным кроку. Усе яны былі ў такім стане, быццам смерць іх напаткала нечакана, маланкава… Трапляліся і такія, якія, відавочна, былі параненыя ў мінулых баях – з белымі павязкамі на галаве, забінтаванымі рукамі”.


І далей:


“Цяжка і нават немагчыма апісаць ва ўсіх падрабязнасцях поле бітвы. Зямлянкі, акопы ў розных кірунках, раскіданыя танкі, разбітыя грузавыя аўтамабілі. Каскі, штыкі, нейкія бляшанкі, вывернутыя чамаданы з паперамі. Снег усеяны лісткамі паперы, абрыўкамі газет, кнігамі”.


Менавіта тут Уладзімір Зянзінаў убачыў на снезе і падняў самаробны канверт з чырвонай паперы. Журналіст беражна захаваў гэта пісьмо.


Чалавек, якому яно адрасавалася, яўна знайшоў апошні прытулак, на заснежанай фінскай зямлі, але хаця ж якая-та памяць пра салдата павінна застацца.


Уладзімір Міхайлавіч Зянзінаў у царскай Расіі быў чалавекам вядомым. Рэвалюцыянер, у пачатку дваццатага стагоддзя член ЦК партыі эсэраў. Яму давялося некаторы час нават пабываць у баявой арганізацыі Барыса Савінкава. Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 г. Зянзінаў сустрэў адмоўна, таму вельмі хутка апынуўся ў эміграцыі. Аднак там працягваў заставацца рускім чалавекам, сувязі з радзімай не губляў, цікавіўся ўсімі падзеямі, якія там адбываліся. Таму, калі ў 1939 г. у яго з’явілася магчымасць паехаць у Фінляндыю, Зянзінаў не вагаўся ні хвіліны.


А праз пяць гадоў, у 1944 г., за свае грошы Ў. Зянзінаў надрукаваў у Нью-Йорку кнігу “Сустрэчы з Расіяй”. Наклад гэтага ўнікальнага выдання склаў усяго 875 асобнікаў. Менавіта на старонках гэтай кнігі знайшло свае месца знойдзенае ў далекай Фінляндыі пісьмо. Уладзімір Міхайлавіч лічыў, што нават такія простыя, бясхітрасныя радкі не павінны знікнуць – гэта таксама дакумент эпохі.


Праз шэсць з лішнім дзесяцігоддзяў пасля выдання кніга (адзін з яе нешматлікіх экземпляраў) трапіла мне ў рукі. З хваляваннем я прачытаў яе і, канечне, не мог не зацікавіцца лёсам земляка. Ці можна даведацца пра якія-небудзь падрабязнасці жыццевага шляха чалавека, які загінуў на савецка-фінскай? Аказалася, што можна.


У Цэнтральным архіве Міністэрства абароны Расіі ў падмаскоўным горадзе Падольску і да гэтае пары захоўваюцці звесткі пра салдата. Ен нарадзіўся ў 1916 г., жыў у паселку Першае Мая Веткаўскага раена. Адтуль пайшоў служыць у Чырвоную Армію.


І вось тут мяне чакала сапраўднае адкрыцце. Лёс Івана Брундукова склаўся вельмі драматычна. У савецка-фінскую ен… застаўся жывы. Так, нейкім цудам яму і некалькім яго таварышам давялося вырвацца з таго бою і дабрацца да сваіх.


Калі пачалася Вялікая Айчынная, Іван Фаміч зноў апрануў салдацкі шынель. Аднак паваяваў ён на гэты раз нядоўга. Баец трапіў у акружэнне на тэрыторыі Гомельскай вобласці і вярнуўся дадому. З другога жніўня 1941 г. у афіцыйных дакументах салдат лічыўся прапаўшым без вестак. Калі ў 1944 г. савецкія воіны вызвалілі родныя мясціны Івана ад нямецка-фашысцскіх захопнікаў, Брундукоў быў зноў прызваны ў армію Веткаўскім райваенкаматам. Ен ваяваў у Беларусі, Літве, на тэрыторыі Ўсходняй Прусіі. Аднак дажыць да Перамогі яму не давялося. Гвардзіі старшы сержант 31-й гвардзейскай стралковай дывізіі Іван Брундукоў загінуў у баі 30 студзеня 1945 г. Мужнага камандзіра ўзвода пахавалі ў цяперашнім паселку Знаменск Калінінградскай вобласці. Яго імя занесена ў мясцовую кнігу “Памяць”.


І вось праз дзесяцігоддзі да яго землякоў вяртаецца пісьмо з далекага 1939 г. Каб мы ведалі, як усе тады адбывалася. Каб памяталі.


Юрый КАМЯГІН, краязнаўца, г. Гродна.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.