Дэбютная выстава Ангеліны Гарэлавай

vetkovski_raion_gdkАнгеліна Гарэлава прыйшла працаваць мастаком-аздабленцам у Веткаўскі гарадскі Дом культуры гэтым летам. Дэкор сцэны, афішы, аздабленне да розных святаў сталі яе клопатам па сканчэнні каледжа мстацкіх промыслаў. Яшчэ Ангеліна вядзе мастацкі гурток, дзе можна навучыцца ўсяму, што ўмее сама маладая мастачка.

А ўмее яна не так і мала, калі меркаваць па яе першай выставе, што адбылася пад час мерапрыемстваў у ГДК з нагоды Дня маці. Роспіс па дрэве, жывапіс, графіка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, вышыўка, бісерапляценне, лялька — тэхнікі, якія асвоіла Ангеліна. Іх яна прадэманстравала на сваёй «першай персанальнай». Некаторы эклектычны роскід па тэмах і стылях лёгка растлумачыць жаданнем прэзентаваць усё адразу. А таксама паказаць, чым можна займацца ў яе гуртку.

Наведвальнікі абмяркоўвалі работы, дзяліліся ўражаннямі. «А вось такую я б у зале павесіла, а такая б на камодзе глядзелася ў акурат». Значыць, прыйшліся да душы работы, раз хацелася забраць іх дадому.

Дэбютная выстава дзяўчыны дае спадзяванне, што неўзабаве веткаўчане пабачаць яе новыя работы, магчыма, ужо пад дэвізам «выбранае і любімае».

Арыя ГАТАЛЬСКАЯ.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.