Багата прытчаў было ў старая ўрэмя…

Культура нашай Веткаўшчыны адметная і старажытная. Можна нават не казаць аб тым, што часта нашы суразмоўнікі ў сваіх аповедах спасылаюцца на сваіх бабуль і прабабуль. Хутчэй за ўсё, варта вызначыць тое, што першыя пісьмовыя этнаграфічныя звесткі пра ўсходнеславянскія плямёны, што жылі на тэрыторыі Беларусі, вядомы з “Аповесці мінулых гадоў”, складзенай на пачатку ХII стагоддзя. Адметна, што ў гэтым найстаражытнейшым дакуменце мы знаходзім тыя самыя, праўда, асобныя “культурныя” дэталі, якія ўзнікаюць у аповедах веткаўчан, занатаваных намі напрыканцы ХХ — пачатку ХХI стагоддзя.

Але разам з тым, як я ўжо вызначаў у папярэдніх публікацыях, жыхары нашых вёсак ўспамінаюць гады, калі дзяржаўная ўлада знішчала народную культуру: калі людзям забаранялі не толькі адзначаць вялікія рэлігійныя святы, але нават “хадзіць па шчодрах” у Каляды і на могілкі на Радуніцу, дзеці школьнага ўзросту нават баяліся выйсці на вуліцу з пафарбаваным яйкам.

Свой адметны ўнёсак у справу знішчэння народнай культуры Веткаўшчыны зрабіла і аварыя на ЧАЭС. З мапы раёна зніклі цэлыя вёскі са сваімі непаўторнымі абрадамі, песнямі і аповедамі пра дабрахожых і русалак, пра цуды, якія проста ўпрыгожвалі жыццё.
Як сведчыць Варвара Аляксандраўна Грэцкая з Амяльнога: “І “Свяча” б была і ціпер бы, еслі б не параз’язжаліся ўсе людзі. І ціпер бы і “Свечы” былі. І “Стралу” б вадзілі…” Ета ў нас на Ражаство была, і ў Закружжы былі, і ў Марозаўцы — усюды бы былі “Свечы”. А раз’ехаліся — там пустоя поля. Ужо німа нікога…”
Гэта сумна… Таму што, як сведчыць вопыт вывучэння культуры нашых вёсак, кожная, нават самая невялічкая вёска, здольна зрабіць свой адметны ўнёсак у агульнавядомае.

Безумоўна, можна шмат разважаць наконт прычын тэхнагеннай катастрофы, можна ўбачыць іх у памылках праекціроўшчыкаў альбо абслугоўваючага персанала атамнай станцыі. Але народная культура мае на гэта свой погляд. Жыхары сталага ўзросу ў нашых вёсках распавядаюць пра тое, што колісь была зямля наша незаклятая: “Багата прытчаў было ў старая ўрэмя. Тады, у старая ўрэмя Бог па зямле хадзіў. А ціпера-ка атрокся Бог ат нас… Як была нізаклятая зямля, хадзілі па дварах, і русалкі хадзілі, гулялі ўмесці з дзеўкамы, хлопцамі гулялі. І відзімыя ж былі ўсі. А як толькі зямля заклякла, ні сталі ніхто нікога відзіць. Толькі бачым мы самы сабе і сваіх таварышаў. А счас жа заклятая зямля. Ужо пад зямлёй нічога нічуць. То, бывала, прыкладзеш вуха к зямле, і чуць, што там гавораць людзі пад зямлёй. Зямля была ніварушаная. І дзе найдзіш месца, станіш, як на пячы цёпла было. А дзе яно — халодная-халодная места. А ціпер нідзе ні найдзеш. Уся зямля прасвеленая. Ціпер: у космасе. Ужо там усюдых… Ета самая. Ужо ў нас тыя прыроды німа, што была. Іе і ні будзя…”

“Каптур, мой муж, прыплыві ка мне”
“А то расказывалі, хадзілі дзяўчаты ў грыбы. І была красівая дзяўчына. Прыходзе к ёй парэнь красівы, у касцюме і гаворэ: “Пойдзеш за мяне замуж?” Яна гаворэ: “Пайду”. — “А калі за табой прыціці?” — “А калі прыдзеш”. Яна думала, эта такі парінь, а эта дабрахожы. Ён тры дні спусціў, прыходзе к ёй у хату. Шчапкі былі, усё атшчапілася. Ён паходзе к ёй, к краваці. “Ну, — гаворэ, — ты сказала пойдзеш? Пашлі”. Яна гаворэ: “Так я не пайду”. Яна думала ў сваты прыдуць. “Нет, — гаворэ, — пайдзём!” Яе за руку і павёў. Матка ха-дзіла назаўтра, плакала — і ўсё. Ну, дзе яна: яе ж не відна. Яна ж не бачыла яе. І, вот ужэ прашло гадоў сем ці колькі. Дзеваццы было ужэ сем гадкоў, а мальчыку — пяць. Яна ў яго папрасілась: “Пусці ты мяне к матцы даведацца”. Ён яе праводзіў да маста. “Вот, — гаворэ, — ежэлі будзеш назад іцціць, так скажы: “Каптур, мой муж, прыплыві ка мне”. Ежэлі пена красная будзе, значыць, я ўбіт, а белая, то я жыў”. Ну, і добра. Яна пашла. Прышла ў госці, пахадзіла і матцы гавора: “Вот, мамачка, ты мяне шукала па лясу, а я цябя бачыла, а ты мяне — не”. Браты сталі пытаць: “Хто ваш бацька?” Дзевачка ўзяла да і расказала, як, ужэ, матка бу-дзе зваць бацьку, як будуць іцціць. Браты пашлі к етаму масту і сказалі: “Каптур, мой муж, плыві ка мне!” Ён прыплыў. Яны яго ўбілі. Яна пагасцявала, распрашчалася з раднымі і прышла: “Каптур, мой муж, плыві ка мне!” Прыплыла красная пена — значыць яго німа. Яна гаворэ: “Хто сказаў?” Хлопчык кажа: “Я не казаў”. — “Значыць, ты сказала?” Дзевачка: “Ну, — гаворэ, — сказала”. — “Ну вот, ты будзь крапівай, штоб цябе людзі ругалі і клялі ўсю тваю жысць!” Ён жа на крапіву наступае і ругаецца, чалавек. А на сына сказала: “Ляці салаўём!” А сама ўляцела кукушкай. Пачаму кукушка ня ў’е гнязда і нясе ў чужое, і выво-дзюць. Тамушта кукушка з чалавека, салавей і крапіва”.

“…усё ўрэмя ездзілі на тую палянку баравікі браць…”
“Эта мая матка, пакойная матка, была дзяўчонкай. Яны жылі ў Бутрамееўцы. Такая пагода вясной… У мае маткі бабушка была… Сонца выпрыгнула, прайшоў дождж, прыпарка… Яна: “Мая ўнучка, пашлі мы сходзім у лес, можа, грыбоў набіром”. Пашлі ў лес. А якія грыбы? Вясной ішчо не было грыбоў. Пашлі… Там якую сыраежку, маслёнку якую найдуць. Бабушка ў адном краю, а яна — ў другом. І патом яна… Чэрэбаўша называлася, эта Бутрамееўка. Тута-ка дарога такая длінная. І матка дашла да дарогі да етыя. Баба гдзе-та ходзя. Гукаюцца. А матка мая дашла да дарогі да етыя, і дарогу яна не перайшла. Паглядзіць: як ідзець дзве барышні! Пад ручку. Шалі такія — да зямлі. Нарадныя такія!.. У адные вузялочык адзін звязаны ў руцэ… Яна так — стаіць рот разявіўшы, дзяўчонка ішчэ. Ні пірайшла дарогі. Стала і стаіць, дажыдая, пакуль етыя прайдуць барышні. Ну, етыя барышні, а ета дабраходжыя ішлі, дабраходжы — земляны бог, дабраходжыя ішлі. Ну, яна ж дзіцёнак, ні панімая — красівыя ідуць. І правяла яна іх, яны пашлі ўжэ во… Шчэ што — паглядзелі: адна — у карзінку. І другая гаворя: “А баравічкоў нету?” А мамка гаворя: “Да нету! Якія тут… Німа баравікоў”. А яны так: “А на той палянцы Вы былі?” А матка была на той палянцы ужэ. “Была я на той палянцы”. — “А там німа баравікоў?” — “Да нет, — гавора. — Счас німа баравікоў. Мая матка: “Глянь! Я была там, ніякіх баравікоў німа”. Яна ўніманія ні абраціла. Яна ўніманія абраціла, што яны красівыя, нарадныя. І яны пад ручку ціхінька як ішлі, так і пашлі. І тры разы варочаюцца: “Дзевачка, ні забудзься, зайдзі на палянку, на тую палянку зайдзі!” Ну, ладна, яна ўжэ правяла… думая: “Дай-ка я пайду, і праўда, пагляджу на тую палянку. Прышла на тую палянку, а на той палянцы — баравікі — чорна, хоць касу кладзі — касі: столькі баравікоў! Яна — адну карзіну… А баба дзе-та ходзя… Яна нарэзала адну карзіну, высыпала пад куст, другую кучу такую нарэзала. І тады ўжэ бабу гукая. Баба прышла. А баба — старая, яна ўжэ дагадалась: “А, унучычка, а хто кала цябе быў?” — гавора. — “Ой, баба! Як ішлі дзве барышні! Да красівучыя такія! І пашлі. І міне паслалі сюды. Я ж была на этай палянцы — ні было. А міне паслалі: “Ідзі — баравікі…” І вы знаіця: дзяўчонка, і замуж вышла, усё ўрэмя ездзілі на тую палянку баравікі браць. На кані дажэ ездзілі”.

“Божыя пцічкі, а вы іх адганяіця…”
“Калісь баба наша казала. Былі каласы: такая во саломка, а эта ўсё — колас. Такі бальшы. Бог прышоў, сказаў: “Мала з вас…” Пцічкі лятаць, мы ж адганяім. У міне калісь проса, дак ўсё стаяла, я і варону дохлаю вешала, яны п’юць эты каласы. Чалавек адганяў пцічак. Бог сказаў: “Ну раз так! Божыя пцічкі, а вы іх адганяіця. Я даў і на крадзяшчых, і на пасяшчых, і на чалавеку едзяшчых. Даў на ўсіх. А раз ты такі”, — узяў іздвінуў калосок. “Вот, — гаворя, — быў бальшы колас (рукой ідзвінуў) — толькі малы каласок. Сказаў: “Будуць і пцічкі есць, і вы будзіця карміць і катоў, і сабак — і ўсіх. Раз вы такія жадныя, я даў вам бальшы колас. Хваця і на пцічак”. І сказаў, усё баба наша казала: “Нікада чалавека… Сколькі ні давай яму дабра, усё раўно яму мала, мала, мала — усё мала. Дак, вот вам!” Аставіў колькі. А каласы калісь, прабаба бабіна казала: “Калісь каласы былі во такія во. І дожч не валяў, і вецер не валяў. Вот Бог так даваў. “А раз вы жадныя такія, што пцічкам жалеіця. Дзе ж ім чаво ўзяць паесць? Я даў на ўсіх, што б вы сеялі, і пцічкі елі, і сабачкі”.

“Вот мужыкам большэ ўрэмені…”
“Ішчо мама расказывала. Пачыму жэншчына ўсё работая, работая, работая, усё ей некагда, усё ей некагда, а мужчынам большэ ўрэмені. Вот, ідзёт Бог, старычок, ну, Бог ні Бог, но эта быў Бог, ідзёт такой старычок, старынькі, старынькі. Ідзёт, а жэншчына жнёт паласу жыта. І ён гаварыт: “Жэншчына, скажы пажалуста, как мне найці такую-такую дарогу. І колька мне прайці па этай дароге?” — “Ай, дзед, ідзі прама. Ні мішай мне! Некалі мне з табой разгаварываць”. Ён толька сказаў: “Штоб табе некалі ўсю жызнь была”. Вот, нам, бабам, некалі ўсю жызнь. Топчымся і топчымся, і тоё і сёе, і пятае і дзясятае. А патом ужэ, ён дальшэ ідзёт. Мужчына на лошадзі пашыт землю. Он падходзіт, этат старычок: “Добры чылавек, скажы мне пажалуста, далеко мне ішчо іцці туда і туда?” А он і гаварыт лошадзі: “Тпру! Стой!” Падышоў к дзедушку: “Счас раскажу. Давай сядзім, пакурым”. Селі спакойнінька. Сідзят — разгаварывают. “Ну, сколька табе прайці? Вот, пайдзёш, пайдзёш, ішчо німножачка прайдзёш. І будзіт то, што вам нада, то, што вы ішчыце”. І аб’ясніў. Бог сказаў: “Спасіба цібе, добры чылавек. Дай Бог цібе большэ ўрэмені. І дай Бог цібе доўга жыць. І штоб цібе была ўсю жызнь свабодна”. Вот, мужыкам большэ ўрэмені. Сядут пакурут. Вот так ад старыкоў эта ўсё была прызнана”.

“Ківаецца траўка і кажа…”
“Дзед кагда-та быў. Прадзед куды-та ішоў вуллі кутаць у лес. Ну, і з ім ішоў дзед наш, малы яшчэ быў. Бацька ідзець сабе, а эты малы бяжыць, бяжыць — і стане, і смяецца. Ён тады кажа: “Аўсейка, што табе смешна?” Ён: “Да, нічога!” Зноў прабяжыць дзіцёнак той, зноў — астановіцца. Ён што? Радзіўся дзіцёнак — і ўсе зубы ў роце. Эта ж рэдка бывае. Пагаворка такая: “Што ты ра-дзіўся з зубамі, значыць, усё доўжны знаць на свеце”. Так, бацька той ідзець вуллі кутаць, і ён, дзед наш, Аўсейка, той ідзець. Ён не прызнаваўся. Назад ідуць, ён к яму прывязываецца: “Ну чаго табе была смешна? Ты з мяне смяяўся, што я ўжэ стары і некрасівы?” — “Не, я не з цябе смяяўся. А, вот, ты не чуеш, а я чую, вот тыя траўкі качаюцца ад ветру. Ківаецца траўка і кажа: “Я — ад скулы!” А вон тая траўка ківаецца і кажа: “Я — ад кілы!” Значыць, вот, траўкі гаворуць між сабой, і кожнаю траўку нада панімаць, якая ад чаго”. Той дзіцёнак, што радзіўся з зубамі, так ён чуе тыя траўкі. Тая: “Ад грызі”, — ківаецца. А тая яшчэ ад чаго, кажа. Ён, эты дзіцёнак, рос і знаў усе этыя траўкі. Эта ўсё па пародзе дано. Богам дано”.

“У сарочцы нарадзіцца…”
“У мяне сын, еты што памер, у рубашцы радзіўся. Радзіла я, у мяне бабка была, дай ей царства нябесная, Ганна. Я, вот, кагда раджала, прышлі красныя, у немцаў горад адбілі, і тады я раджала. І пазвалі бабку, яна кажа: “Не валнуйсь! Нажымайся, ціхонька нажымайся!” І што-та шэпча. Што? Бог яго зная? І тады я радзіла. Я такога век не бачыла, во такая бумага (паказала паперу тыпу папіросная) — камбінзончык — і на руках, і на ножках, і на галоўцы. Яна гаворя: “Слава табе, Госпадзі! Будзе шчаслівы, такі харошы шчаслівы дзіцёнак!” І разарвала камбінзончык, адзелі, баба вымыла і кажа: “На, высушы і схавай!” Ты знаеш… Урокі… Я неграматная была… Пайду ў калхоз стагі кідаць, копны, яму скажу: “Пагляжу, як не выўчыш урокаў, дак я табе дам”. А ён думаў, што я граматная. А ён іх век не вучыў, туды-адтуль па хаце пройдзе і на пяцёркі здаваў. Вумны быў”.

“Ён бачыў русалак…”
“Кагда-та ехаў адзін чалавек з жонкай, яны жылі на Вараб’ёўскім пасёлку. Восава называўся. I там у нас такое месца — машчэнец. I там часта бачылі этых людзей — дабрахожых. Ну дак, яны паехалі з жонкай. Этат дзядзька быў багамаленны, маліўся Богу, у яго кніжкі былі бажэственныя. Паехалі яны, старыя, на тачцы ў дроўкі. Там капец такі накапаны. У той капец стоўбік — нумары напісаны ад ляснічаства. Як пераедаш эты машчэнец — дарога. Едуць, ён гаворыць на жонку: “Ганна, ты што-небудзь бачыш уперадзі сабе?” — “Не! Ня бачу. А ты, што бачыш?” — “А вот на тым капцы сядзяць дзеўкі. Косы іх расчосаныя, русыя-русыя. Красівыя-красівыя косы”. — “Сколькі ж іх сядзіць?” — “Тры. Тры дзеўкі. Яны сядзяць каля тога стоўбічка і пяюць песні”. — “Якія ж яны песні пяюць?” — “Бажэственныя. Бажэственныя песні пяюць. Я іх чую. А ты чуеш?” — “I ты іх ня бачыш? Яны ж, во, блізка”. — “Не. Ня бачу”. I ня бача жонка і ня чуе. Значыць, яна не дастойна была бачыць. А ён ўсё Богу маліўся, эты чалавек. Бажэственныя кніжкі ў яго былі. Значыць, ён іх бачыў, этых русалак”.

Паводле аповедаў Соф’і Кірылаўны Ксянзовай са Старога Закружжа, Варвары Аляксандраўны Грэцкай з Амяльнога, Лідзіі Мікалаеўны Івашчонак з Беседзі, Матроны Цітаўны Еціпнёвай з Барталамееўкі, Варвары Іванаўны Шэхавай і Людмілы Якаўлеўны Лапіцкай з Вераб’ёўкі, а таксама Аксінні Лаўрэнцьеўны Фяськовай са Стаўбуна падрыхтаваў Генадзь ЛАПАЦІН.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.