«Тэрмінова ўсім скажыце — едзе Прэзідэнт!»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 студзеня з рабочай паездкай наведаў Шклоўскі раён. Кіраўнік дзяржавы пабываў на заводзе газетнай паперы, Шклоўскім масларобным заводзе і ільнозаводзе.

Нечакана зменены план паездкі ў Шклоў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Шклоў вырашыў змяніць план свайго візіту ў гэты горад. Першапачаткова чакалася, што кіраўнік дзяржавы пабывае толькі на заводзе газетнай паперы. Аднак, прыбыўшы туды раніцай, ён заявіў, што мае намер наведаць і Шклоўскі масларобны завод, ільнозавод і дрэваапрацоўчае прадпрыемства.

Яго словы сталі нечаканасцю для ўсіх, хто ўдзельнічаў у арганізацыі прэзідэнцкай паездкі, і тым больш для кіраўніцтва гэтых прадпрыемстваў. «Тэрмінова ўсім скажыце — едзе Прэзідэнт!» — то тут, то там гучалі папярэджанні па мабільных тэлефонах. Чыноўнікі ў мітусні спрабавалі раздаць даручэнні, каб наступныя кропкі маршруту хоць неяк былі падрыхтаваны да прыезду першай асобы.

Кіраўнік дзяржавы прыбыў на масларобны завод пасля паўдня. Тут ён наведаў некалькі цэхаў, азнаёміўся з тэхналагічнымі працэсамі, а затым перайшоў на размешчаную па суседстве прыватную вытворчасць «Данон Шклоў». Аляксандр Лукашэнка даручыў губернатару Магілёўскай вобласці падрабязна вывучыць работу двух гэтых прадпрыемстваў: магчыма, для больш паспяховай работы трэба аб’яднаць іх вытворчыя рэсурсы.

На льнозаводзе Прэзідэнт увогуле правёў каля дзесяці хвілін, але гэтага часу хапіла, каб нагадаць кіраўніцтву прадпрыемства аб былых даручэннях і агучыць новыя. Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка папрасіў звярнуць на сыравіну. Акрамя таго, на шклоўскім ільнозаводзе выйшла са строю частка ліній. Іх неабходна аператыўна аднавіць, запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Зялёнае святло вытворчасці экаўпакоўкі

Заслухаўшы даклады аб рабоце завода газетнай паперы, кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з выпускаемай тут прадукцыяй. Асабліва яго зацікавіла папяровая ўпакоўка: завод вырабляе яе ў вялікай колькасці і для самых розных мэт. «У сувязі з тым, што я не адступлю ад свайго даручэння па замене пластыку на паперу, трэба даць зялёнае святло вытворчасці ў краіне гэтага ўпаковачнага матэрыялу і пакетаў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, у асобных сферах неабходна наогул забараніць пластыкавую ўпакоўку. Акрамя, вядома, тых, дзе без яе не абысціся. «Дапусцім, ёсць пластыкавыя скрыні для яблыкаў — яны моцныя, даўгавечныя. Ім быць (пакуль, прынамсі)? Быць. І потым — іх жа лёгка перапрацаваць, калі трэба», — прывёў прыклад Прэзідэнт. Усё астатняе ён запатрабаваў замяніць экалагічнымі матэрыяламі.

Аб вялікай палітыкі і знешняй эканомікі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае непарушнасць суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. Адпаведныя заявы кіраўнік дзяржавы зрабіў, размаўляючы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву завода газетнай паперы.

«У нас ёсць свая краіна. Мы суверэнныя і незалежныя. Мы сваімі розумам і рукамі, што змаглі, зарабілі, будуем сваю краіну. І мы не можам быць часткай якой-небудзь краіны. Я не магу вам здрадзіць і растварыць Беларусь, няхай нават у нашай брацкай Расіі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Што датычыцца мяне асабіста, я ўжо напрацаваўся. Мне ўжо больш улады ці менш не трэба. І ў імя таго, каб прадоўжыць сваё існаванне, атрымаць ключы ад нейкага «склада» ў Расіі, для мяне непрымальна. Я не хачу быць апошнім прэзідэнтам Беларусі. Ганарова быць першым, але апошнім быць не хачу. Я хачу, каб нашы дзеці жылі на гэтым кавалку зямлі ў міры, згодзе. У абдымку з рускім чалавекам, расіянамі. Яны нам не чужыя. Расіяне — гэта нашы людзі. Ад іх, праўда, мала што залежыць цяпер», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Падрыхтавана па матэрыялах БЕЛТА

Comments (0)
Add Comment