Усе Каляды святыя

Нешта здарылася ў прыродзе. Вось ужо і Раство сустрэлі, і Хрышчэнне амаль на парозе, на якое звычайна быў моцны мароз, ярка зіхацеў снег, а бывала і так, што нават вада замярзала ў калодзежы. Ды тое было даўней. А цяпер снег і мароз сталі дужа рэдкімі гасцямі ў нашых мясцінах.

Але ж, як толькі дзеці ў яслях-садах ды школьнікі на калядных святочных сустрэчах разам з дарослымі пачалі клікаць і запрашаць Мароза куццю есці, пахаладала. Снег, хоць рэдкі і недаўгавечны, усё ж з’явіўся. Сусвет адгукнуўся.

Тук… тук… тук… Гаспадар дома стукае ў шыбу і тры разы гучна кажа:

— Мароз! Мароз! Хадзі да нас куццю есці! Не марозь нашы агуркі, капусту, буракі, бульбу! А будзеш марозіць — будзем цябе жалезнай пугай сеч…

Сказаўшы гэта, гаспадар дома падкідвае лыжку з куццёй высока пад столь.

Так рабілі ў Неглюбцы і Пералёўцы, Казацкіх Балсунах і Малых Нямках. І ў Вялікіх Нямках таксама. Стукалі, казалі, падкідвалі шмат хто і шмат дзе — і дзесяць гадоў назад, і пяцьдзясят.

Гаспадар — галоўны ў доме, Гасподзь — галоўны ў Сусвеце. «Гаспадар» і «Гасподзь» — словы з адным коранем. Гасподзь, відаць жа, чуе зварот гаспадара і адказвае ўраджаем. Або — галодным годам. Спадзяёмся, што гэты год будзе ўраджайным на зерне, грыбы, ягады, на добрыя людскія справы, на радасную працу.

Дай Бог здароўя і шчасця кожнаму з нас у новым годзе! З Калядамі!

Ларыса РАМАНАВА.

Comments (0)
Add Comment