Візіт Прэзідэнта Беларусі ў Казахстан

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24–25 кастрычніка наведаў з афіцыйным візітам Казахстан

Лідары дзвюх краін абмеркавалі пашырэнне прамысловай кааперацыі, нарошчванне супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы, транспарце і лагістыцы, нафтахімічным комплексе, сферы высокіх тэхналогій.

Беларусь заўсёды будзе надзейным партнёрам для Казахстана

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым.

«Нашы адносіны з Казахстанам ідуць углыб дзесяцігоддзяў, стагоддзяў. Мы заўсёды, асабліва ў савецкі перыяд, былі блізкія. Нашы эканомікі заўсёды былі ўзаемадапаўняльныя, гэта стварае новыя магчымасці для нас і цяпер. Ва ўсім, што мы вырабляем, мае патрэбу наш дружалюбны Казахстан. Што вырабляеце вы, мы гатовы купляць з вялікім задавальненнем. Склалася добрая перспектыва. Існуючы фундамент, які створаны за гады незалежнасці, дарагога варты», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён запэўніў, што Беларусь заўсёды будзе надзейным партнёрам для Казахстана. «Мы як блізкія людзі, блізкія сябры заўсёды знойдзем развязкі па ўсіх пытаннях», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Касым-Жамарт Такаеў у сваю чаргу падкрэсліў, што візіт беларускага лідара — жаданая падзея для Казахстана і добрая магчымасць пацвердзіць абсалютна дружалюбны характар узаемаадносін паміж краінамі, надаць сур’ёзны імпульс дзелавому супрацоўніцтву, сфера эканомікі гэта, гуманітарныя сувязі ці міжнароднае супрацоўніцтва. Ён заявіў, што беларуска-казахстанскія адносіны, стратэгічнае партнёрства дзвюх дзяржаў, безумоўна, адпавядаюць нацыянальным інтарэсам народаў абедзвюх краін.

Прамкааперацыя — прыярытэт эканамічнага супрацоўніцтва

Кіраўнік беларускай дзяржавы канстатаваў, што Казахстан — адзін з ключавых гандлёвых партнёраў Беларусі. За тры гады тавараабарот паміж краінамі павялічыўся больш як у два разы. У 2018 годзе ён дасягнуў $900 млн.

«У якасці прыярытэтнага напрамку вызначылі далейшае развіццё прамысловай кааперацыі. Мы ад простага гандлю, які ў нас даволі шырока прадстаўлены і развіты, пераходзім да кааперацыйных сувязей. Сёння тут паспяхова функцыянуюць сумесныя прадпрыемствы па зборцы беларускай тэхнікі: камбайнаў, трактароў, грузавых аўтамабіляў, прычапной і навясной сельскагаспадарчай тэхнікі. Мы дамовіліся аб павелічэнні аб’ёмаў вытворчасці камбайнаў, а таксама вызначылі стратэгію далейшай работы па выпуску тэхнікі Мінскага трактарнага завода ў Казахстане», — расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Традыцыйна беларускі бок цікавяць вырабляемыя ў Казахстане металы, збожжа, баваўнянае валакно, нафтапрадукты. «Як вы ведаеце, Беларусь удзяляе асаблівую ўвагу пытанню дыверсіфікацыі паставак нафты. Таму мы зацікаўлены ў імпарце гэтай сыравіны з вашай краіны», — звярнуў увагу Прэзідэнт.

Беларусь і Казахстан падпісалі шэсць пагадненняў

Па выніках сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў урады дзвюх краін заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне міграцыі. Міністэрствы замежных спраў падпісалі план супрацоўніцтва на 2020–2021 гады. Дзяржаўны камітэт па маёмасці Беларусі і Міністэрства юстыцыі Казахстана падпісалі пагадненне па пытаннях дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці. Было заключана пагадненне паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Міністэрствам лічбавага развіцця, абароннай і аэракасмічнай прамысловасці Казахстана аб супрацоўніцтве ў галіне абмену данымі дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.

Пасля цырымоніі падпісання дакументаў Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што перагаворы прайшлі ў абсалютна дружалюбнай атмасферы і мелі дзелавы, даверны характар. «Перакананы, іх вынікі нададуць новую пазітыўную дынаміку паглыбленню стратэгічнага партнёрства Мінска і Нур-Султана», — заявіў Прэзідэнт Беларусі.

«Мы маем намер актыўна развіваць эканамічныя сувязі паміж рэгіёнамі нашых краін. Для гэтага прапанавана разгледзець пытанне правядзення форуму міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Упэўнены, наша супрацоўніцтва на ўзроўні рэгіёнаў таксама будзе паспяховым, плённым, паколькі Казахстан і Беларусь ужо маюць добры вопыт такога ўзаемадзеяння з іншымі дзяржавамі», — сказаў Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў.

БЕЛТА

Comments (0)
Add Comment