Аб задачах кіраўнікам і будучыні Беларусі

Кіраўнік дзяржавы 18 кастрычніка наведаў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Беларусі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Акадэмія кіравання — гэта ўнікальная навучальная ўстанова, сама назва ВНУ падкрэслівае яе статус і значнасць. «Тут развіваецца сучасная нацыянальная школа дзяржкіравання — ствараецца будучыня краіны. Будучыня, галоўная роля ў якой належыць тым, хто свядома выбраў адказны і няпросты шлях — служыць краіне і народу. І гэта праца, якая патрабуе поўнай самааддачы, адданасці дзяржаве, шчырага стаўлення да людзей, пастаяннага ўдасканалення», — сказаў беларускі лідар.

Лукашэнка патрабуе ад дзяржупраўленцаў быць бліжэй да людзей

Гаворачы аб існуючай сістэме дзяржаўнай службы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што выбудаваная мадэль у цэлым дае магчымасць вырашаць асноўныя задачы, гэта сістэма пастаянна ўдасканальваецца. А праблемы, паводле яго слоў, калі і ўзнікаюць, то часцей за ўсё звязаны з нядобрасумленным стаўленнем да работы і адсутнасцю належнай дысцыпліны.

«Недапушчальна, каб у вачах насельніцтва ўпраўленец асацыіраваўся з кабінетным чыноўнікам. Ён павінен быць бліжэй да людзей, нацэленым на вырашэнне канкрэтных праблем чалавека, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Тое, што ў адрас Адміністрацыі Прэзідэнта прадаўжаюць паступаць скаргі на бюракратыю і цяганіну, на жаль, красамоўна сведчыць, што практыка фармальных размоў або адпісак усё яшчэ існуе. І да гэтага маё стаўленне вядома».

Пры гэтым Прэзідэнт заўважыў, што эфектыўна вырашаць пастаўленыя задачы для кіраўніка любога рангу — гэта толькі палова поспеху. Важна пры неабходнасці ўмець своечасова, аргументавана і зразумела растлумачыць людзям прынятыя рашэнні і прычыны магчымых праблем, адказаць на любое, у тым ліку нязручнае, пытанне як насельніцтву, так і прадстаўнікам СМІ. «Сёння ж некаторыя кіраўнікі ў прынцыпе баяцца відэакамеры або мікрафона журналіста», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Акрамя таго, дасведчаны кіраўнік павінен умець бачыць і падтрымліваць жывую ініцыятыву на месцах. Акумуляваць вакол сябе лепшыя прапановы і ідэі, дапамагаць у іх рэалізацыі. Выкарыстоўваць патэнцыял навукі, экспертаў у сваёй сферы. У сувязі з гэтым ад упраўленцаў чакаюцца большая, чым раней, публічнасць і актыўны ўдзел у сацыяльна-палітычным жыцці рэгіёнаў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Якіх людзей трэба адбіраць ва ўпраўленцы

«Сёння ў падборы кадраў на кіруючую пасаду неабходна ўлічваць чалавечыя якасці і маральны крытэрый. Мы бачым, як на фоне сістэмнага ўкаранення новых тэхналогій у эканамічную дзейнасць і грамадскія адносіны ўзнікаюць новыя карупцыйныя рызыкі. У сувязі з гэтым прынцыпова важна на кіраўніцкія пасады адбіраць толькі зацікаўленых, неабыякавых і высокакваліфікаваных спецыялістаў, арыентаваных на служэнне краіне і людзям, а не на задавальненне асабістых або кар’ерных амбіцый», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Тэма, якая, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, таксама патрабуе асаблівай увагі, — ратацыя кіруючых кадраў. Яе галоўная мэта, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, нават не ў тым, каб выключыць кумаўство і пратэкцыянізм. «Мяняць месца работы, а іншым разам і прапіску, выходзіць з зоны камфорту трэба, каб развівацца, пашыраць кругагляд, адкрываць у сабе новыя грані і здольнасці. Такім чынам, спецыяліст не толькі вырасце прафесійна, але і краіне прынясе больш карысці», — лічыць ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што курс дзяржаўнай палітыкі ў Беларусі нязменны: у краіне дзейнічае прынцып пераемнасці пакаленняў, захавання лепшых дасягненняў мінулага. «Амаль трэць нашых грамадзян — каля 3 млн чалавек — нарадзіліся ў суверэннай Беларусі. Гэта юнакі і дзяўчаты, якія ўспрымаюць рэчаіснасць ужо з пункту гледжання жыхароў самастойнай еўрапейскай дзяржавы, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — І настаў час актыўна ўключаць гэтых маладых людзей у палітычнае жыццё краіны».

Лукашэнка пра будучыню Беларусі: хачу бачыць яе свабоднай і незалежнай

«Каб больш ніколі намі з-пад бізуна не кіравалі ў нашай гісторыі. Каб мы самі кіравалі працэсамі ў сваёй краіне і вызначалі яе будучыню. Гэта галоўнае, што трэба захаваць. Усё астатняе купім», — сказаў беларускі лідар.

«Я хачу, каб яна (краіна. — Заўвага БЕЛТА) была Беларуссю. Каб яна была ў цэнтры Еўропы, стабільнай, з некранутымі граніцамі, каб мы самі сваё шчасце здабывалі і адчувалі. Гэта значыць, я хачу бачыць Беларусь свабоднай і незалежнай, каб нашы дзеці маглі, выехаўшы кудысьці, вярнуцца на свой кавалачак зямлі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

БЕЛТА

Comments (0)
Add Comment