Сустрэча Лукашэнкі з прадстаўнікамі ўкраінскіх СМІ

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з прадстаўнікамі ўкраінскіх СМІ. У размове з імі кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што беларусы і ўкраінцы настолькі цесна звязаны агульнымі каранямі — гістарычнымі, духоўнымі, сямейнымі, што не маюць права страціць гэта адзінства.

Улада ва Украіне павінна рабіць усё дзеля міру і цэласнасці краіны

«Трэба рабіць любыя крокі для таго, каб вайна была спынена і гэта тэрыторыя пачынала вяртацца да Украіны, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Вайна скончыцца рана ці позна. Галоўнае пытанне, каб гэты кавалак добрай зямлі вярнуўся Украіне. Гэта найвялікшая каштоўнасць».

Прэзідэнт лічыць, што калі ўкраінскія ўлады хочуць адзінства краіны, то павінны для гэтага рабіць любыя спробы вярнуць мір. «Я пайшоў бы на ўсё. На правядзенне выбараў? Я пайшоў бы на правядзенне выбараў, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Так, там трэба даць гарантыі людзям, якія, як яны гавораць, ваююць за свой кавалак зямлі, сваю сям’ю. Хоць я лічу, гэта таксама не пытанне».

На думку Аляксандра Лукашэнкі, сёння аднаго жадання вырашыць канфлікт ва Украіне недастаткова — патрэбны канкрэтныя дзеянні. «Людзям патрэбны дзеянні, якія прынясуць жаданы мір і вынікі. Вось што сёння там чакаюць людзі, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Трэба рабіць любыя крокі, трэба адкінуць усе амбіцыі, усім унутры краіны трэба аб’яднацца, каб у галовах з’явілася: трэба захаваць адзінства ва Украіне».

Раней кіраўнік беларускай дзяржавы заяўляў, што канфлікт неабходна вырашыць сіламі самой Украіны, Расіі і Беларусі. Гэтай пазіцыі ён прытрымліваецца і цяпер. «Забудзьце аб усялякіх формулах. Сядзьце ва Украіне і паклічце тых, хто хоча міру, у тым ліку беларусаў. Мы, тры славянскія народы, павінны вырашыць гэты канфлікт, таму што гэта наш дом. І там ужо не выкруцішся: або вырашай, або гавары, што не хачу вырашаць гэты канфлікт», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Аб значнасці Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што Украіна — важнейшы сусед нашай краіны, адзін з галоўных гандлёва-эканамічных партнёраў, і менавіта таму адносіны з ёй заўсёды былі ў прыярытэце. Беларусь і Украіна супрацоўнічаюць па шырокім спектры пытанняў: міжнародная бяспека, эканоміка і гандаль, культура, навука, спорт, гуманітарныя праекты. І кожны з гэтых напрамкаў мае вельмі істотнае значэнне, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што сустрэча з прадстаўнікамі ўкраінскіх СМІ праходзіць напярэдадні II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які пройдзе ў Жытоміры ў пачатку кастрычніка. «Гэты праект вельмі значны не толькі для нашых краін, але і, адкрыю сакрэт, для мяне асабіста», — прызнаўся Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што два гады таму кіраўніцтва Украіны падтрымала гэту ідэю, і праз год ужо ў Гомелі адбыўся першы такі форум. «Вынікі не прымусілі сябе чакаць. Такія сустрэчы дапамагаюць нарошчваць вельмі патрэбныя міжрэгіянальныя сувязі, у першую чаргу ў гандлі і эканоміцы», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, менавіта гандлёва-эканамічныя адносіны — ключавы складнік беларуска-ўкраінскага партнёрства, і дасягненні тут значныя. У мінулым годзе тавараабарот паміж краінамі склаў амаль $5,5 млрд. «Працуюць сумесныя прадпрыемствы, ёсць нямала агульных інфраструктурных праектаў. Нас аб’ядноўваюць цесныя кааперацыйныя сувязі. І трэба сказаць, што гэты працэс пастаянна ўзмацняецца, нарастае», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Ваенная пагроза для Украіны з боку Беларусі адсутнічае

Журналісты пацікавіліся, ці магчыма сітуацыя, калі беларускія ваенныя ў рамках агульных дзеянняў з Расіяй узброеных сіл прыйдуць са зброяй на тэрыторыю Украіны.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз звярнуў увагу на дружалюбны характар двухбаковых адносін. «Мы не можам быць ворагамі вашага народа. І ўсё наша кіраўніцтва, і я як Прэзідэнт, які мае ў тысячу разоў больш паўнамоцтваў, чым у вашага Прэзідэнта, я ніколі на гэта не пайду», — падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў незалежны курс далейшага развіцця суверэннай Беларусі. Прэзідэнт звярнуў увагу на міралюбівы і незалежны характар беларускага народа. Асабліва гэта датычыцца цяперашняга маладога пакалення беларусаў, якія нарадзіліся ў перыяд суверэннай Беларусі і не ведаюць, што такое Савецкі Саюз.

«Вось гэта трэба ўлічваць — што людзі нарадзіліся ў незалежнай, суверэннай Беларусі. Яны не хочуць ні з кім канфліктаваць. Для іх што ўкраінец, што рускі — аднолькава», — сказаў Прэзідэнт.

БелТА

Comments (0)
Add Comment