Час яркіх перамог

Час яркіх перамог

Беларусь атрымала права правядзення II Еўрапейскіх гульняў на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў у кастрычніку 2016 года. І вось 21 чэрвеня значны спартыўны форум адкрыўся ў Мінску. Ён пройдзе па 30 чэрвеня. Больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін разыграюць 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту.

Беларускія спартсмены (221 атлет) выступяць ва ўсіх відах праграмы. У першы дзень гульняў, 22 чэрвеня, спартсмены зборнай Беларусі заваявалі 14 медалёў, з якіх 4 вышэйшай пробы, у другі дзень — 00, у трэці — яшчэ 00.

Высокіх гасцей вітаў Прэзідэнт

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 чэрвеня правёў двухбаковыя сустрэчы з высокімі замежнымі гасцямі, якія прыбылі на адкрыццё II Еўрапейскіх гульняў. У іх ліку лідары Малдовы, Грузіі, Сербіі, Босніі і Герцагавіны, прэм’ер-міністр Расійскай Федэрацыі, кіраўнік Чачэнскай Рэспублікі Расійскай Федэрацыі, дзяржаўны міністр па гандлёвай палітыцы міністэрства знешняга гандлю Вялікабрытаніі.

Кіраўнік дзяржавы выказаў надзею, што замежныя госці адчуюць хараство беларускай зямлі і шчырасць народа, павязуць з сабой добрыя ўспаміны. «Самае галоўнае — я хацеў бы, каб вы акунуліся ў душэўную цеплыню нашага беларускага народа. Многія, і я перш за ўсё, лічаць, што ў Беларусь камфортна прыязджаць. Можна адпачыць, паразмаўляць, і да вас практычна ўсе паставяцца з вялікім разуменнем і ўвагай», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У вечары Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка аб’явіў ІІ Еўрапейскія гульні адкрытымі. Ён пажадаў усім атлетам паспяховых выступленняў, трэнерам — вытрымкі і цярплівасці, балельшчыкам — яркіх уражанняў. «Няхай агонь, як і нацыянальны беларускі сімвал — «папараць-кветка», сагрэе нашы сэрцы святлом дабра, натхніць на высакародныя здзяйсненні ў імя міру на Зямлі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Змагацца за тытул самай магутнай дзяржавы трэба толькі праз спорт

«Вось і надышоў час яркіх перамог. На гасціннай беларускай зямлі мы адкрываем ІІ Еўрапейскія гульні», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. «Мы рады, што Беларусі выпаў гонар быць ля вытокаў стварэння гэтага грандыёзнага праекта. Мы шчаслівы, што ёсць магчымасць пазнаёміць вас, нашых гасцей, з сапраўднай Беларуссю — прыгожай, гасціннай і ўтульнай. Вы пераканаецеся, што тут жывуць самыя шчырыя і добрыя людзі, што наша дружалюбнасць — не проста ветлівасць, а рыса характару, стан душы. Вы ўбачыце, што талерантнасць і адносіны, пабудаваныя на ўзаемным даверы і павазе, — гэта спосаб жыцця беларусаў. І мы дорым усё гэта вам!» — падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што прадстаўляць сваю краіну на Еўрапейскіх гульнях — вялікі гонар і велізарная адказнасць для кожнага з атлетаў. Іх перамога, падкрэсліў ён, стане нацыянальным здабыткам, асабісты рэкорд — прадметам гонару ўсяго народа.

«Давайце разам на карысць чалавецтва перанясём усе сучасныя палітычныя баталіі на спартыўныя пляцоўкі. Давайце толькі так, праз спорт, будзем змагацца за тытул самай магутнай дзяржавы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Агонь II Еўрапейскіх гульняў запалены

Факел на стадыён унеслі беларускія алімпійскія чэмпіёны Дар’я Домрачава, Аляксей Грышын, Максім Мірны, Юлія Несцярэнка, Раман Петрушэнка і Надзея Скардзіна, Дзмітрый Даўгалёнак, якія і запалілі агонь II Еўрапейскіх гульняў у Мінску.

Нагадаем, што эстафета «Полымя міру» стартавала 3 мая ў Рыме і за 50 дзён пераадолела больш за 7 тыс. км. Факел Гульняў на шляху ў Мінск быў падняты на вышэйшую кропку Еўропы гару Манблан. «Полымя міру» сустракалі ў Славеніі, Аўстрыі, Венгрыі, Чэхіі, Славакіі і Польшчы. У Беларусі агонь пабываў у Брэсцкай, Гродзенскай, Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай і Мінскай абласцях.

Афіцыйная назва чашы агню II Еўрапейскіх гульняў на стадыёне «Дынама» — Чаша квітнеючай папараці (The Fern Flower Cauldron). Гэта мадэрнізаваная чаша маскоўскай Алімпіяды 1980 года, упрыгожаная ўзорам з алюзіяй на папараць. Сімвалічна, што ў эстафеце агню 1980 года, як і ў час цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў, прыняў удзел знакаміты беларускі барэц Аляксандр Мядзведзь.

У 2023 годзе ІІІ Еўрапейскія гульні правядзе Польшча. Такое рашэнне прынята 22 чэрвеня ў Мінску на Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. Арганізатары Гульняў-2023 плануюць, што спаборніцтвы лепшых атлетаў Старога Свету пройдуць у Кракаве.

БелТА

Comments (0)
Add Comment