Ці чытаюць веткаўчане кнігі?

Штогод у першую нядзелю верасня, пачынаючы з 1994 года, праводзіцца Дзень беларускага пісьменства. Свята з’яўляецца нацыянальным у Рэспубліцы. Упершыню яно было праведзена ў Полацку, а далей — у гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры. У 2016 годзе літаратурнай сталіцай стаў горад Рагачоў Гомельскай вобласці, затым Полацк. А ў гэтым годзе Дзень беларускага пісьменства адбудзецца ў горадзе Іванава Брэсцкай вобласці.

Задума свята прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменнасці і друкавання. Беларусам ёсць чым ганарыцца, і дзякуючы гэтаму святу мы не забываем сваю гісторыю і мову, маем магчымасць пазнаёміцца з сучаснай літаратурай.

Цікава даведацца ў веткаўчан, што яны ведаюць пра Дзень беларускага пісьменства? Ці чытаюць яны? І якой літаратуры аддаюць перавагу?

 Таццяна Іванаўна Лявута, пенсіянер:

— Пра Дзень беларускага пісьменства я чула, па тэлевізары паказвалі, як свята праходзіць. Цікава паглядзець. Кнігі я зараз рэдка чытаю, у асноўным газеты. Выпісваю «Голас Веткаўшчыны», аб навінах там даведваюся. Раней мая любімая кніга была «Людзі на балоце» Івана Мележа, некалькі разоў перачытвала. А зараз толькі тэлевізар і газеты.

 

 

Аляксандра Аляксандраўна Андрэенка, у дэкрэтным адпачынку:

— Дзень беларускага пісьменства? Чула калісьці, але слаба сабе ўяўляю сутнасць свята. А вось чытаць мне падабаецца, асабліва раманы. Навіны амаль кожны дзень чытаю ў Інтэрнэце. Сёння, калі існуе Інтэрнэт і тэлебачанне, складана прысвяціць свой час чытанню кніг.

 

 

 

Арцём Ігаравіч Старажэнка, кіроўца:

— Не, я не чуў пра гэтае свята. У мяне і часу няма — праца. Тэлевізар не гляджу, калі толькі фільмы па ноўтбуку, газеты таксама не выпісваю. З кнігамі толькі ў школе сябраваў. Мабыць, зараз, калі б што-небудзь цікавае знайшоў, пачытаў бы, але час трэба, а яго заўсёды не хапае. Часцей за ўсё пра навіны даведваюся праз Інтэрнэт. А што тычыцца свята, трэба паглядзець сёння, для цікавасці.

 

 

Ірына Генадзьеўна Лукашова, пенсіянер:

— Так, я пра Дзень беларускага пісьменства чула, і па тэлевізары паказвалі. Цікава. Кнігі я цяпер не чытаю. Больш часопісы розныя, напрыклад, мне падабаецца «1000 саветаў», альбо пра агарод некаторыя. Аб навінах даведваюся праз тэлевізар і газеты. Напрыклад, «Голас Веткаўшчыны» чытаю.

 

 

К. ЧУДУКОВА.

Comments (0)
Add Comment