Колядные обряды и гадания ветковской шляхты

Ад Калядаў да старасвецкага Новага года, Шчодрыка, як сто і трыста гадоў таму, дзяўчаты варожаць аб замужжы. Ну пра што яшчэ пытацца звышнатуральныя сілы, калі табе хоць 13, хоць 23?..

Мае продкі жылі ў Веткаўскім раёне, «шляхецкіх» вёсках Свяцілавічы і Жалезнікі. Іх побыт і традыцыі адрозніваліся ад «мужыцкіх», тых, дзе шляхта складала меншасць ці не было практычна зусім: Стаўбун, Неглюбка, Балсуны… Шляхецтвам ганарыліся і не забываліся на яго і ў савецкія часы. Мая бабуля нават забракоўвала нявестак-мужычак: хацела, каб не псавалі роду нешляхецкімі дамешкамі. Але варажбу на Каляды сярод шляхты не адмаўлялі, самі варажылі. Бабуля «па мячы» Арына нават умела болей, чым простыя шэпты, ведала варажбу пабытовую і абаронную. Прабабуля «па кудзелі» Хадосся  каго загаварыла на вайну, усе вярнуліся.

Беларускі варажылі як і ўсе славянкі, а можа, як і ўсе еўрапейкі незалежна ад паходжання, зыходзячы з «таго, што пад рукамі». На дрывотні, плоце: колькі палак абхапіла рукамі, лічы, калі цот — будзеш у пары, няцот — год у дзеўках. У ХІХ-ХХ стагоддзях пашырана было і такое гаданне, як пытацца імя суджанага ў першага сустрэчнага. Увечары на Каляды ці на Хрышчэнне слухалі ля хат, з якога боку забрэша сабака: туды, у той бок і выйдзеш замуж.

Паколькі гадалі ў асноўным дзяўчаты, то і пытанні ўсё тыя ж, што і цяпер: замужжа, дзеці, каб муж не п’яніца і не жабрак. А чаго яшчэ дзяўчыне? Пра здароўе яшчэ ні думкі, пра курс даляра ці пра палітыку пытацца, ці што?..

Гадальныя атрыбуты бываюць розныя, з таго, што ёсць. У штодзённасці мы таксама «гадаем»: «калі гэта атрымаецца, то значыць здзейсніцца тое». Напрыклад, сучасныя «варажбіткі» гадаюць па колеры першай сустрэчнай машыны, першым пачутым па тэлевізары слове…

Традыцыйна прысутнічае свечка, лепш, каб васковая, царкоўная. Яна нібы асвячае гэты не зусім ухвалены грамадствам і рэлігіямі занятак. Без свечкі няма чаго рабіць пры гаданні на воску. Воск (ці стэарын у ХХ стагоддзі) расплаўляецца, і з пытаннем ці пажаданнем выліваецца ў пасудзіну з халоднай вадой. Што атрымаецца — адказ на пытанне. Сімволіка адпаведна народным уяўленням. Ну і па асацыяцыі таксама. Калі пра будучага мужа пытаюцца, то фігурка сабакі будзе значыць, што жанішок у гэтым годзе намалюецца звяглівы, брахлівы, куслівы. Певень — значыць, самазадаволены, эгаіст. Кропелькі манеткамі, замок ці кашэль — багаты. Галоўнае, каб нічога падобнага на бутэльку ці чарку, а то будзе горкі прапойца. Крыж не лічыўся добрым знакам, асацыяваўся з пагрозай крыжа магільнага ці няўдачай у загаданай справе.

Свечкі павінны былі стаяць і паабапал люстэркавага калідора. З люстэркамі, дарэчы, гаданне больш шляхецкае. Раней гэты прадмет быў надзвычай дарагі, а мець два — наогул старасвецкая раскоша. Да ХХ стагоддзя ён з’явіўся і ў сялянскім побыце. Але гэта гаданне лічылася самым экстрэмальным: прыйсці мог не нарачоны, а нячысцік, ды і ўхапіць дзеўку. Таму па адной гадалі рэдка. Трэба было распусціць пояс і косы, развязаць усе вузлы і зачыніць усё, што магло зачыняцца, замкнуць, што замыкаецца. Пакінуць прыадчыненымі толькі адны дзверы ці вакно. Можна прыадчыніць чыста сімвалічна. Гэта для таго, каб потым адправіць духа, што пакажа табе нарачонага назад, а зачыніўшы дзверы, адрэзаць шлях на вяртанне. Крыжык, вядома, здымаўся, абразы завешваліся. Або гадалі ў памяшканні без абразоў.

Практычна ўсё з арсеналу гаданняў выкарыстоўваецца і зараз. Асабліва ў школьна-студэнцкім асяродку. І на кнізе варожаць, калі загадваецца радок і старонка і адкрываецца наўгад. І на рэшаце: з яго выцягваюць пярсцёнкі дзяўчат, мяркуючы, што чый першы выцягнецца, тая першая і замуж, і далей па чарзе.

Гадаюць і на сон: перад засынаннем задаецца пытанне, адказ у сюжэце сну, які можна разумець як літаральна, так і сімвалічна. Яшчэ пад падушку клаліся паперкі з імёнамі хлопцаў, а ўранні навобмацак цягнулі адну. Галоўнае — пасля пачатку гадання звечара ўжо ні з кім не гаварыць і не ўставаць, «а то не збудзецца».

Наша шляхта апошнія стагоддзі жыла даволі блізка да сялян і мяшчан, хіба толькі строямі адрозніваючыся. Мая бабуля Арына насіла строй як у прапрабабулі Магдалены, і лічыла занадта яркія вышыванкі і празмерна стракатыя андаракі мужыцкасцю. А што за строй? Тыя ж спадніцы, кашулі, ніжняя спадніца ці сарочка, фартух як і належыць жанчыне. Спадніца ў пажылой кабеты колерамі стрыманая, летам ярчэйшая, але пераважна ў два тоны.

Фартух у параўнанні з сялянскім быў хіба больш стрыманы, у светлых танах, з фальбонамі, брыжыкамі, карункамі. Маглі быць кішэні ці штосьці кшталту сумачкі за фартухом. Ну і гарсэт, канечне, карычневы, сіні ці баровы. Як цяпер без станіка не ходзяць, дык і бабуля лічыла амаль непрыстойным кашулі без падтрымкі бюсту. На гаданні, калі яно праходзіла ў памяшканні, дарэчы, трэба было заставацца ў адной кашулі. І лепей босай. І ты як бы адкрытая перад містычнымі сіламі.

Шляхта, канечне, вражыла таксама. Хіба ў сем’ях бацькоў маіх бацькоў катэгарычна не ўхваляліся Шчодры і каледаванне ў частцы збору гасцінцаў. Нават у галодныя гады саромеліся прымаць шчодрыкі. Жылі амаль як сяляне, асабліва пасля таго, як савецкая ўлада забрала і падзяліла зямлю. Аднак карнавал калядных пераапрананняў, вячоркі, гулянкі (цікава, што без спіртнога ці з чыста сімвалічнай колькасцю), ваджэнне казы, нашэнне зоркі — гэта было агульным і бессаслоўным, гэта было можна і шляхце. Хіба толькі мясцовыя габрэі не хадзілі, ды і тое не забаранялася ні прысутнічаць, ні браць удзел.

Гаданні адбываліся без хлопцаў, чыста жаночымі кампаніямі. Зразумела, каб зараней не выдаць сваіх прыхільнасцяў і тайных думак. Бо ў маладосці ўсе пытанні, у тым ліку і ў варажэнні на будучыню — амаль выключна пра каханне ды замужжа.

Арыя ГАТАЛЬСКАЯ.

Comments (0)
Add Comment