Пошта на вёсцы — нашмат болей, чым проста ўстанова сувязі. Тут і навіны, і сустрэчы, і атрыманне пенсіі, і камунальныя плацяжы… Не будзе перабольшаннем сказаць, што вакол гэтай установы круціцца сельскае жыццё. Таму не дзіва, што гэты аб’ект абавязковай інфраструктуры пакрысе прыняў на сябе яшчэ і функцыі ўніверсальнага магазіна. А начальнік пошты як начальнік штаба — можна быць упэўненым, што ён у курсе ўсіх падзей.
Святлана Швадронава працуе ў Прыснянскім аддзяленні сувязі з 1986 года. Дзевяць гадоў была простым паштальёнам, а з 1994-га ўзначаліла аддзяленне. Праўда, калектыў гэтага аддзялення складаецца зараз усяго з двух чалавек: самой начальніцы і паштальёна Ніны Масейкавай. Але малы калектыў не значыць малыя клопаты: Святлана Віктараўна мусіць скласці заяўкі, замовіць усе неабходныя тавары, сачыць за дакладнасцю паставак, на ёй і звычайныя паштовыя справы: выдачы пенсій, усіх паштовых перасылак, прыём аплат, падпіскі на друкаваныя выданні, фінансавая справаздачнасць.
Але гэта не ўсе клопаты Святланы Швадронавай. Працаздольнасць і актыўная грамадзянская пазіцыя падказваюць жанчыне, акрамя рабочых і дамашніх клопатаў, мець яшчэ і грамадскія — яна дэпутат сельскага Савета. Што трэба аднавяскоўцам, яна ведае, напэўна, як ніхто. Прыходзячы на пошту, людзі дзеляцца ўсім самым надзённым, ад матэрыяльных да душэўных перажыванняў. Каму неабходна замовіць дастаўку халадзільніка, веласіпеда, а каму трэба параіць з рашэннем няпростай бытавой праблемы. Раяцца з начальнікам пошты і па справах фінансавых, спытваюць, як лепей аплаціць “камуналку”, просяць тлумачэнняў па незразумелых пытыннях.
Сама Святлана Віктараўна кажа так:
— Наша аддзяленне, акрамя звыклых паштовых тавараў, мае ў продажы ўсё (ад зубной шчоткі да камбікармоў). Бачыце, які асартымент? Заказваем усё, што спытваюць. Побач школа, і таму вялікім попытам карыстаюцца розныя салодкасці. Бакалея таксама нарасхват, пральныя парашкі, бо нацэнкі меншыя, чым у магазінах. Патрабуюцца людзям пасцельныя прыналежнасці, бытавыя тавары, вёдры, тазікі, мыйныя і касметычныя сродкі. Нават рытуальныя тавары маем.
Увогуле пошта стараецца задаволіць усе патрэбы аграгарадка і прылеглых населеных пунктаў так, каб людзі не трацілі цэлы дзень на паездку ў горад. Праз пошту можна замовіць любы айчынны тавар любых габарытаў з бясплатнай дастаўкай. Карыстаюцца, праўда, такой магчымасцю нячаста, але галоўнае, што яна ёсць.
Да самой Святланы Швадронавай таксама можна звярнуцца ў любы час. Начальнік раённага вузла паштовай сувязі Ірына Воінава адзываецца пра сваю работніцу выключна станоўча, хваліць за высокія паказчыкі па рэалізацыі розніцы. Ды і старшыня сельсавета Леанід Ксяндзоў кажа пра аднасяльчанку цёпла, са станоўчым пачуццём. Відавочна, што нягучны штодзённы клопат жанчыны цэняць і заўважаюць. А гэта прыемна, хоць на падзякі і не было ніякага разліку. Проста чалавек добра робіць сваю справу і знаходзіцца на сваім месцы.
Арыя ГАТАЛЬСКАЯ.

Comments (0)
Add Comment