Я вучань Веткі

Калі слухаеш песню “Полька беларуская” у выкананні ансамбля “Сябры”, нават не задумваешся, хто ж напісаў тэкст з такімі простымі і добрымі словамі — ну канечне ж, народ! Калі і вы, паважаны чытач, так думаеце — вы крыху памыляецеся. Яе напісаў таленавіты прадстаўнік беларускага народа Леанід Дранько-Майсюк. А калі ў мяне з’явілася магчымасць спытаць у аўтара, ці ёсць у вас любімы верш, — ён не задумваючыся адказаў: “Полька беларуская”.
Толькі зойдзе ў хату госць,
Будзе ўзята чарка.
Ёсць гармонік, бубен ёсць,
Чым не гаспадарка?
…Полька, полечка, трасуха.
Не чужая, нашая.
Абдымуха, паскакуха,
Лепшае нямашака…

Калі амаль кожны беларус ведае словы гэтай песні, значыць іх аўтар мае ўсе падставы адчуваць сябе зоркай. Але, прабачце. Нашаму сціпламу паэту так не здаецца.
— Беларускі літаратар не можа быць зоркай, ён, перш за ўсё, працаўнік.
Але адразу прыпамінае выпадак, калі дзякуючы аўтарству “Полькі беларускай” ён стаў самым шаноўным госцем у бары каля мінскага кінатэатра “Перамога”.
— Было гэта ў 1993 годзе. Гаспадар бара Анатоль, дазнаўшыся, што “Польку беларускую” напісаў я, частаваў мяне бясплатна півам. А заходзіў туды я часта, па два разы на дні. Жанчына, якая стаяла за барнай стойкай, убачыўшы мяне, абыхо-дзіла чаргу і прапаноўвала мне смачны напой, а здзіўленым наведвальнікам заяўляла: “Ну што ўста-віліся? Гэта пісацель”. Тады яшчэ ў мяне нарадзілася рыфма: “Раблюся я шчаслівы, мая святлее доля, калі я вып’ю піва ў бары Анатоля”.
А яшчэ ў размове пра “зорнасць” вядомы паэт успомніў цікавы эпізод з таксі.
— Аднойчы запрасіў мой сябар, які зараз з’яўляецца прарэктарам аднаго з мінскіх універсітэтаў, на выступленне. Выступіў я перад студэнтамі, выйшаў на вуліцу, а тут дождж — ну проста з пяці бочак! Добра, што таксі выклікаў, машына пад’ехала і пасярэдзіне калюгі стала. Прарэктар — цудоўны такі хлопец, мой аднакласнік, а тут ён стаў начальнікам, і началь-ніцкія ноткі ў гаворцы прарываюцца. Ён да таксіста: “Сдай назад!” Шафёр здаў назад, астанавіўся перада мной, тут зноў вада. “Сдай вперёд!” Здаў наперад. Я сеў, сябар тады кажа: “Ты знаешь, кого везёшь? Ты везёшь народного поэта Беларуси!” А шафёр, не выпускаючы руль, кажа: “Пятруся Броўку?!” Ехаць было нядоўга, але я так смяяўся! Вось для шафёра народны паэт — гэта значыць Пятрусь Броўка. І з такой радасцю ён вёз мяне, думаючы, што вязе Пятруся Броўку.
Я вучань Веткі
— Каго з літаратараў Беларусі ці замежжа вы лічыце сваім настаўнікам?
— Зараз так модна сказаць: “Ах, мой настаўнік Бадлер, ці Хемінгуэй”. Я ўдзячны лёсу, што сустрэўся ў свой час у Маскве з Дзмітрыем Кавалёвым, вашым земляком, і ён, па сутнасці, дапамог мне паступіць у 1975 годзе ў Маскоўскі літаратурны інстытут, выкладчыкам якога з’яўляўся. У патрэбную хвіліну Дзмітрый Міхайлавіч Кавалёў прадаставіў мне духоўную пазыку.
Ён так любіў Беларусь, беларускую літаратуру, і хаця пісаў на рускай мове, мяне настройваў на беларускую інтанацыю, беларускую музыку і псіхалогію. Ён вяртаў мяне ў родную стыхію і таму ён мой настаўнік — Дзмітрый Кавалёў — паэт і выдатнейшы чалавек.
Праз яго вобразы, праз яго паэзію я ўбачыў Ветку, яшчэ не пабываўшы тут. А калі прыехаў, пераканаўся, што духоўна-паэтычная інфармацыя адпавядала рэчаіснасці. Я вучань Кавалёва, вучань Веткі.
І аднойчы Дзмітрый Міхайлавіч у літаратурным інстытуце нам, 18-гадовым, сказаў: “Самае цікавае, што ў жыцці бывае, тое, што адбываецца паміж Ім і Ёй, паміж мужчынай і жанчынай”.
Пра жанчын
Першы верш, які напісаў у сваім жыцці Леанід Дранько-Майсюк, быў прысвечаны дзяўчынцы Ларысе.
Хто ты? Хто ты?
Я не знаю,
Кветка, ці актрыса.
Але я цябе кахаю,
Ты мая Ларыса.

Здарылася гэта ў 4-м класе. З тых часоў Леанід Міхайлавіч не адзін зборнік вершаў прысвяціў жанчыне, а асобныя радкі такіх вершаў сталі візітоўкай паэта, яны вельмі падабаюцца прадстаўніцам цудоўнага полу:
У вашым голасе квітнеюць астры,
Якіх не бачыў я раней,
Мне зразумела ўсё і ўсё не ясна…

Гэты верш даўно ўбачыў свет, яго з задавальненнем вывучаюць настаўніцы і вучаніцы, але ёсць яшчэ шмат цудоўных радкоў, якія чакаюць свайго зоркавага часу і гадамі пралежваюць у выдавецтвах.
Пяць гадоў знаходзіцца ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” падрыхтаваная да друку кніга паэта пад назвай “Кніга для спадарыні Л”. Асобныя вершы з гэтай кнігі, прадэкламаваныя паэтам на сустрэчах у Ветцы, трапляюць у самае сэрца, абяззбройваюць сваёй шчырай трапнасцю.
Мужчына шукае ў жанчыне Жанчыну,
Жанчына шукае ў мужчыне Мужчыну.
І так ад калыскі і да дамавіны,
Ад гліны біблейнай да нашае гліны.
Як пошук удалым завершыцца чынам
І доля цудоўнай азорыць хвілінай,
То шчасце тады для мужчыны жанчына,
І шчасце тады для жанчыны мужчына.

— “Кніга для спадарыні Л” — хто такая Л?
— Л — гэта наша сучасніца. Гэта тып сучаснай жанчыны: маладой, рацыянальнай, касметычна прыгожай. Такіх жанчын мы бачым на вокладках глянцавых часопісаў. Ёй здаецца, што ніколі не надыдзе старасць, што яна заўсёды будзе здаровай, маладой і ў адносінах з мужчынай заўсёды будзе выкарыстоўваць халодныя, рацыянальныя стасункі. Але мне здаецца, што мая гераіня памыляецца ў філасофіі, бо старасць — гэта з’ява непазбежная. На такіх жанчын я гляджу з дастатковай доляй іроніі, хаця цаню іхні розум, працавітасць, упэўненасць. Я не прымаю сам тып так званай дзелавой жанчыны — “бізнес-вумэн”. З гэтай дзелавітасцю жанчына губляе нешта жаночае, нешта тонкае ў сваёй душы.
— У вас ёсць ідэал жаноцкасці?
— Мне не падабаюцца жанчыны, з вуснаў якіх зыходзіць фраза: “Мужчина должен зарабатывать”. Пасля гэтай фразы гінуць сем’і. Жанчына не павінна кіраваць мужчынай, ці няхай робіць гэта вельмі тонка, выкарыстоўваючы свой артыстычны талент, каб мужчына гэтага не заўважаў. Таму што мужчыны вельмі крыўдлівыя.
Аб марах
— Аб чым марылі ў дзяцінстве?
— Вы не паверыце, я ўжо з 5 год марыў пра сваю жонку. Уяўляў яе, перш за ўсё, ласкавай, яна павінна была мяне разумець, а я павінен быў яе абараняць, зарабляць грошы, і на апошнім месцы была яе прыгажосць.
Мне пашанцавала з жонкай — ажаніўся я на масквічцы Вользе — з ёй у нас абсалютнае паразуменне. А пазнаёміла нас беларуская мова: калі я вучыўся ў літінстытуце, мне патэлефанавалі і папрасілі сустрэцца з маскоўскай дзяўчынай, якая хоча вывучаць беларускую мову. І я сустрэўся.
— Аб чым марыце зараз?
— Хачу дапісаць свае рукапісы. У мяне прыкладна тры незавершаныя кнігі, на якія патрэбен час.
Галоўныя пытанні і адказы
— Што сёння больш за ўсё хвалюе патрыёта?
— Моладзь зараз знаходзіцца ў палоне Інтэрнэта, яна аддаляецца ад кнігі і гэта мяне непакоіць. Мы павінны сказаць нашай моладзі, што электронныя сродкі сувязі з’яўляюцца дапаможнымі, а асноўным сімвалам культуры павінна заставацца кніга. Я хачу, каб наша моладзь чытала Чорнага, Гарэцкага, Караткевіча, таму што беларускі менталітэт можа задаволіць толькі наша класіка — я ў гэтым упэўнены.
— Якое пытанне вы б хацелі пачуць?
— Ці можа прынесці адзінота шчасце?
— І які будзе адказ?
— Адзінота прыносіць шчасце, калі гэта адзінота творчая.
— Хто вы?
— Дранько-Майсюк з Давыд-Гарадка.
Пыталася і слухала Таццяна БАСЯЧЭНКА.

Comments (0)
Add Comment