Аксёнаў Аляксандр Нічыпаравіч

8 верасня 2009 года на 85-м годзе пайшоў з жыцця былы Старшыня Савета Міністраў БССР Аляксандр Нічыпаравіч Аксёнаў.

Аляксандр Нічыпаравіч Аксёнаў нарадзіўся 9 кастрычніка 1924 года ў вёсцы Кунтараўка Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. Сваё працоўнае жыццё ён звязаў з роднай Беларуссю, з якой давялося разлучыцца толькі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Абараняць сваю Радзіму ад фашызму 18-гадоваму камандзіру ўзвода 49-й гвардзейскай стралковай дывізіі А.Н. Аксёнаву выпала ў складзе Сталінградскага фронту, дзе ў адным з баёў ён быў цяжка паранены. У родную Беларусь Аляксандр Нічыпаравіч вярнуўся ў лёсавызначальным для рэспублікі 1944 годзе.

Талент арганізатара, дасведчаны падыход да любой работы, асаблівыя чалавечыя якасці і надзвычайная ўнутраная культура — усё гэта, несумненна, дапамагала А.Н. Аксёнаву напаўняць сваю працоўную біяграфію толькі добрымі справамі, цікавай і яркай работай. Педагог па адукацыі і прызванню Аляксандр Нічыпаравіч Аксёнаў з 1944 па 1959 год прайшоў шлях ад намесніка загадчыка аддзела па рабоце сярод школьнай моладзі і піянераў Баранавіцкага абкама ЛКСМБ да першага сакратара ЦК ЛКСМ Беларусі, а затым сакратара ЦК УЛКСМ.

Працавітасць і аўтарытэт, прафесіяналізм, уласны стыль работы А.Н. Аксёнава ў далейшым былі запатрабаваны на розных пасадах у сістэме дзяржаўнага кіравання — намесніка Старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі пры Савеце Міністраў БССР, Міністра ўнутраных спраў БССР, другога сакратара ЦК Кампартыі Беларусі.

Найбольш яркім радком біяграфіі А.Н. Аксёнава стала яго паспяховая дзейнасць на пасадзе Старшыні Савета Міністраў БССР у 1978-1983 гадах. За гэты час А.Н. Аксёнаў праявіў сябе як кіраўнік высокага дзяржаўнага ўзроўню, які здолеў з’яднаць вакол сябе прафесіяналаў і калектыў аднадумцаў, што садзейнічала стабільнай рабоце эканомікі Беларусі і стварэнню станоўчага іміджу рэспублікі. Пасля дзейнасці на пасадзе Старшыні Урада БССР А.Н. Аксёнаў быў назначаны Надзвычайным і Паўнамоцным паслом СССР у Польскай Народнай Рэспубліцы, а затым Старшынёй Дзяржаўнага камітэта СССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні.

Яркі і плённы працоўны шлях А.Н. Аксёнава быў адзначаны многімі высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі, сярод якіх тры ордэны Леніна, ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі, два ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэн Славы IIІ ступені і ордэн Айчыннай вайны I ступені, а таксама медалі і ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР і Савета Міністраў Беларусі.

Лёс падарыў гэтаму чалавеку яркае, напоўненае добрымі справамі і павагай людзей жыццё. На вялікі жаль, гэта светлае жыццё спынілася, але абавязкова застанецца светлай памяццю ў нашых сэрцах.

Для калег і саратнікаў, землякоў, для простых грамадзян рэспублікі Аляксандр Нічыпаравіч назаўсёды застанецца чалавекам, якому былі ўласцівы прынцыповасць і адказнасць, добразычлівасць і сціпласць, працавітасць і прыстойнасць.

Светлая памяць пра Аляксандра Нічыпаравіча Аксёнава, пачуццё шчырай павагі да гэтага чалавека назаўсёды застануцца ў нашых сэрцах.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.