Адначасовыя грашовыя выплаты

Выпускнікі, якія прыбылі на працу па размеркаванні ў Ветку і Веткаўскі раён, могуць разлічваць на шэраг гарантый і грашовых кампенсацый. І ў тым ліку на адначасовую грашовую дапамогу пры заключэнні працоўнага кантракта тэрмінам на пяць гадоў. Каму яна належыць? Як яе атрымаць? З гэтымі і многімі іншымі пытаннямі нам дапамог разабрацца старшыня Веткаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Міхаіл Савостаў.

— У 1998 годзе была прынята пастанова Савета Міністраў аб кантрактнай форме найму на працу для асобных спецыялістаў і работнікаў у раёнах, якія падвергліся радыёактыўнаму забруджванню ў выніку аварыі на ЧАЭС. У 2012 годзе былі дададзены пункты, якія тычацца адначасовых выплат. Права на атрыманне адначасовых выплат у памеры 200 базавых велічынь (зараз адна базавая складае 24,5 рубля) маюць: педагогі, медыцынскія работнікі, фармацэўты, работнікі культуры і мастацтва, спецыялісты і кіраўнікі спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, спецыялісты сельскай і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, работнікі сістэмы спажыўкааперацыі, а таксама маладыя спецыялісты, якія заключылі кантракт пасля 31 снежня 2012 года тэрмінам на пяць гадоў для працы ў арганізацыях, размешчаных у зонах з правам на адсяленне і наступнага адсялення. Але атрымаць выплаты магчыма пры ўмове, што гэты тэрмін трэба адпрацаваць толькі на гэтай пасадзе без перапынення кантракту. Потым пры жаданні ў работніка ёсць магчымасць заключыць другі кантракт, таксама на пяць гадоў на ўмовах першага і атрымаць яшчэ 300 базавых, — распавёў Міхаіл Пятровіч.

Аднак у гэтай ідылічнай карціне ёсць адзін немалаважны нюанс. Калі раптам так здарылася, што кантракт неабходна датэрмінова скасаваць, адначасовую выплату прыйдзецца вярнуць прапарцыйна неадпрацаванаму часу. Тэрмін на гэта — два месяцы.

Тры гады таму ў спіс «шчасліўчыкаў» увайшлі работнікі, занятыя ветэрынарнай дзейнасцю. Ініцыіравала гэта новаўвядзенне Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.

На дадзены момант разглядаецца пытанне аб тым, каб унесці ў гэту пастанову работнікаў лясной гаспадаркі, паведаміў Міхаіл Пятровіч. Менавіта яны больш за ўсіх знаходзяцца ў зоне радыёактыўнага забруджвання. Пытанне аб выплаце адначасовай грашовай дапамогі стаіць на кантролі ў кіраўніцтва і прафсаюзаў.

Маладыя спецыялісты могуць разлічваць на выплату, але трэба памятаць, што наймальнік мае права самастойна вызначаць для супрацоўніка тэрмін дзеяння кантракта. Ён залежыць ад дзелавых якасцяў работніка і неабходнасці замацавання яго ў дадзенай арганізацыі.

К. ЧУДУКОВА.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.