Візіт Прэзідэнта Беларусі ў Егіпет

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19–20 лютага зрабіў афіцыйны візіт у Егіпет. Беларускі лідар правёў у Каіры перагаворы з Прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам ас-Сісі. Кіраўнік дзяржавы таксама сустрэўся са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Егіпта Алі Абдэлем аль-Саедам.

Ключавыя беларуска-егіпецкія праекты

Цяпер Беларусь і Егіпет працуюць прыкладна над дзясяткам праектаў, палавіна з іх арыентавана на прамысловую кааперацыю. Бакі пашыраюць вытворчасці тэхнікі МАЗ і МТЗ, «Бабруйскаграмаша», «Амкадора», Мінскага маторнага завода. Перад краінамі стаіць задача не проста вырабіць тэхніку, але і арганізаваць устойлівыя продажы, сэрвіснае абслугоўванне і падрыхтоўку персаналу.

Беларусь таксама хоча пашырыць пастаўку ў Егіпет прадукцыі дрэваапрацоўкі і мэблі. Прычым тут бакі не абмяжоўваюцца пастаўкамі: беларускі бок рыхтуе кадры для дрэваапрацоўчай і мэблевай галіны Егіпта. Сярод новых ініцыятыў — праект па ачыстцы вады. У егіпецкіх правінцыях гэта тэма выклікала вялікі інтарэс.

Адначасова з візітам Аляксандра Лукашэнкі ў Каіры праходзіла кантактна-кааперацыйная біржа. Перагаворы праводзілі больш як 30 беларускіх і каля 120 егіпецкіх кампаній.

Стаўка на сумесныя прадпрыемствы

Беларусь і Егіпет вырашылі рабіць стаўку на сумесныя прадпрыемствы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паведаміў журналістам пасля перагавораў у Каіры з Прэзідэнтам Егіпта.

Асноўную ўвагу на перагаворах прэзідэнты ўдзялілі гандлёва-эканамічным сувязям. «Прыемна адзначыць, што дамоўленасці аб узаемадзеянні ў гэтай сферы ў цэлым выконваюцца: і беларускі, і егіпецкі бакі прыкладаюць для гэтага ўсе намаганні», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, добрыя сумесныя напрацоўкі ёсць у прамысловай, ваенна-тэхнічнай, сельскагаспадарчай, навуковай, гуманітарнай галінах. У сферы прамысловай кааперацыі краіны пачыналі з праектаў па стварэнні ў Егіпце зборачных вытворчасцей. Арганізавана зборка тэхнікі Мінскага аўтамабільнага і Мінскага трактарнага заводаў. У бліжэйшай перспектыве пачнецца выпуск прадукцыі «Бабруйскаграмаша», «Амкадора», рухавікоў Мінскага маторнага завода.

Патэнцыял беларускі бок бачыць у інавацыях і высокіх тэхналогіях, навуцы і адукацыі. «Таму мы робім стаўку на прасоўванне высокатэхналагічнай прадукцыі ў Егіпет з далейшым стварэннем сумесных прадпрыемстваў. Такі падыход паказаў ужо сваю эфектыўнасць», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама лічыць перспектыўным супрацоўніцтва ў сферы бяспекі і інфармацыйных тэхналогій, уключаючы сучасныя сістэмы забеспячэння грамадскай бяспекі. Беларусь гатова пастаўляць у Егіпет найноўшае медыцынскае абсталяванне, а таксама прадукты харчавання.

Камісія па супрацоўніцтве і палітычным дыялогу

Па выніках перагавораў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам ас-Сісі ў Каіры падпісаны пакет дакументаў. Сярод іх міжурадавая выканаўчая праграма аб супрацоўніцтве ў сферы вышэйшай адукацыі, пагадненне аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах.

Паміж міністэрствамі замежных спраў заключаны мемарандум аб узаемадзеянні. Ён прадугледжвае стварэнне сумеснай камісіі высокага ўзроўню па пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва і палітычнага дыялогу паміж Беларуссю і Егіптам на ўзроўні міністраў замежных спраў. Сумесная камісія высокага ўзроўню павінна будзе прымусіць усе міністэрствы і ведамствы абедзвюх краін працаваць у цесным узаемадзеянні, каб не ўзнікалі нейкія бюракратычныя перашкоды і цяжкасці.

БЕЛТА

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.