«ТУТ ЖЫЎ ЦАР ДАНІЛА…»

Традыцыі вёскі Данілавічы, у адрозненне ад Неглюбкі, Стаўбуна, Барталамееўкі, Казацкіх Балсуноў, раскручаных шматлікімі этаграфічнымі экспедыцыямі, пачынаючы ад Еўдакіма Раманава, заўсёды заставаліся паза ўвагай этнографаў і фалькларыстаў. Найбольш поўна аповеды жыхароў гэтай вёскі пра свае абрады, звычаі, песні, зафіксаваныя аўтарам гэтай публікацыі, захоўваюцца ў архіве этнаграфічных матэрыялаў Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава. У свой час менавіта аўтар гэтай публікацыі выступіў у ролі кансультанта для вядомага веткаўчанам краязнаўца Уладзіміра Цейкіна, калі ён працаваў над кнігай, прысвечанай аграфірме імя Лебедзева.

Жыхары Данілавічаў сапраўды любяць свае культурныя традыцыі, якія дасталіся ім у спадчыну ад іх продкаў. У аснове гэтых традыцый ляжаць святы. Найбольш ушанаванымі для  іх з’яўляюцца Каляды, Вялікдзень, Ушэсце. Для мясцовых жыхароў святы не толькі час песень і весялосці, але і час, здольны спрыяльна паўплываць на стан хатняй гаспадаркі, на лёс людзей. Але разам з тым парушэнне прымеркаванасці песні да пэўнага перыяду можа выклікаць непажаданыя наступствы:

«Па закону нільзя пець песні, каторыя ні паложана. Еслі вісной — нада вісне пець, летам — летнія песні. Старыя бабы, як ужэ послі Паскі, сабіраліся і карагоды вадзілі. А вісну гукалі: «У-у-у!..

Вісна, вісняначка,

Дзе твая дачка Мар’яначка? У-у-у!..

Мая дачка Мар’яначка сядзіць у садочку,

Шыя свайму сыночку сарочку».

[Так казалі старыя, што нільзя пець ні ў час?]

Я так думаю, што нільзя пець абы-калі. Яны ж ні пелі… Вот у Каляды карагодныя, ці вясну гукаць…»

Ужо не аднойчы я пераконваўся, што культура кожнай вёскі сваімі абрадамі, уяўленнямі, песнямі заўсёды паўтарае традыцыю, якой належыць. Але разам з тым кожная вёска здольная ўнесці ў яе нешта сваё самабытнае. У гэтым плане мяне проста ўразіла данілавіцкая калядная песня, у якой літаральна кожны  калядны дзень становіцца лёсавызначальным. Так, калі дзяўчына жадала даведацца, хто яе кахае, то ў ноч з серады на чацвер, перад тым як класціся спаць, яна прыгаворвала:

«Серада, серада, серадзіца,

Хлеб да вадзіца,

Няхай прысніцца той,

Хто ў мяне ўлюблён».

Мясцовыя жыхары лічаць, што калі прысніцца хлопец і вада — дзяўчыну кахаюць па-сапраўднаму, а калі хлопец і хлеб — яе імкнуцца ашукаць. У ноч з пятніцы на суботу можна было пазнаць пра здзяйсненне  любога жадання. Для гэтага перад сном казалі:

«Васкрэсенейка з панядзелкам,

аўторак з серадой,

чацвер з пятніцай,

а ты, субота-удовушка, падкажы:

“Ці збудзіца (казаць жаданне),

То ніхай я ў сне знайду, куплю, украду.

А калі не — згублю, прадам, аддам».

Трэба адзначыць, што такое шанаванне асобных дзён на Веткаўшчыне ведаюць толькі данілаўцы.

Гэты матэрыял падрыхтаваны мной паводле маіх гутарак з жыхарамі вёскі Данілавічы: Кацярынай Еўдакімаўнай Чуяшковай, 1931 г.н., Ганнай Пятроўнай Попчанка, 1923 г.н., Нінай Сцяпанаўнай Дзядковай, 1925 г.н., Таццянай Станіславаўнай Ганчаровай, 1983 г.н., Аляксеем Цімафеевічам Агеевым, 1926 г.н., Любоўю Кузьмінічнай Чуяшковай, 1933 г.н., Анастасіяй Барысаўнай Сычанковай, 1924 г.н., Марыяй Міхайлаўнай Сапуновай, 1921 г.н., Анастасіяй Андрэеўнай Лебедзевай, 1921 г.н., Марыяй Рыгораўнай Тульжанковай, 1939 г.н.

Амаль з усімі з іх у свой час мяне пазнаёміў мясцовы краязнаўца і біблятэкар Уладзімір Мікалаевіч Раманцоў.  Большасць з іх былі яго чытачамі. Ён добра ведаў гэтых людзей. І як успаміная ён сам: «Гэта былі рэальна добрыя і цікавыя  людзі. Яны ніколі не адмаўляліся ад размовы. А як яны размаўлялі!.. Заўсёды памяншальна-ласкавымі словамі. Ад іх нельга было пачуць: «Эй, пацан, хадзі  сюды!» А заўсёды: «Унучок». Так могуць размаўляць толькі вясковыя жанчыны. У гарадах такога няма. Яны жылі ў далёкія ад нас часы, шмат чаго ведалі і заўсёды былі адкрытыя да размовы».

Першыя пісьмовыя звесткі аб вёсцы Данілавічы адносяцца да  ХIV ст., калі яна ўваходзіла ў  Чарнігаўскае княства. У надалейшым Данілавічы ў розныя часы ўваходзяць у ВКЛ, у склад Расійскай імперыі, у склад Магілёўскай губерніі. Больш падрабязна афіцыйную біяграфію вёскі можна пабачыць ў акадэмічным выданні «Гарады і вёскі Беларусі: том 1».

Але ж кожная вёска мае і сваю неафіцыйную біяграфію, якая перадаецца ў вуснай форме па пакаленнях. Данілавічы — не выключэнне. Як распавёў Аляксей Цімафеевіч Агееў: «Данілавічы пачаму называіцца… Тут такі дзед стары… Мужыка дзядзька… Ён умер… Дак я гаварю: “Дзед Ляксей, а чагой-та Данілавічы называіцца?” Эта калісьці тут жыў ці цар, ці хто… Даніла звалі… У яго багата сыноў было, дак і сыноў называў Данілы… Дак Данілавічы здзелалі… Замосце… Масты… Канава ішла… Вот ад Данілавічэй ёсць мост… І з Лугініц на Замосце тожэ масты… Масты кругом былі… Замосцье… На Пахары — замашчане. З Замосцья. [З Данілавічаў не сяліліся на Пахар?] З Данілавіч — на Новы, Зялёнае. З Данілавіч перасяленіе первае — разрядзіць, цэсна ўжо жылі, крыша ў крышу, некуды сяліцца было. А здзесь ужо свабадней былі, акуратна каждаму атмерана зямля, і рэжэ сталі, свабадней жыць. Тада ж было так: у бацькі зямлі ў дзярэўні есць гарод, а дальшы — сасед, і там сасед. Жаніўсь — хату паставіць негдзе, дак добра, што бацька на свой гарод пусця, дак ішчо цісней становіцца. А тут ужо аб’явілася, так і звалася то ўрэмя, с пітнаццатага года, прымерна, з дзісятага, і да дваццатага года, так этат перыяд у народзі зваўся перыядам свабоды. Свабода!.. Лес быў нічэй, леснікоў разагналі, памешчыкаў выгналі, а лес ішчо ў гасударства ні прынялі, шчэ некагда была, вайна ішла гражданская. За этат перыяд гражданскай вайны ў нас лесу гектар трыста вырубілі. Кажды хазяін — хата есць, і он ішчэ лесу на хату навазіў. Лес нікім ні ахраняўся — нічэй быў. Майго цесця бацька майму цесцю, бацьку маей жонкі, хату зрубіў новаю, і другому сыну хату новаю і сабе — тры дамы зрубіў. Васпользаваўся этай неразбірыхай — свабодай гражданскай». Сапраўды, у 1920-я гады вакол Данілавічаў узніклі шматлікія пасёлкі, якія нібыта дзеці ўвабралі ў сябе культурную спадчыну сваёй маці. І жыхары гэтых пасёлкаў памятаюць пра гэта. І сведчуць: «У нас роўныя празнікі і ў Данілавічах. Вот тры пасёлкі — усе Пакроў спраўлялі… Што ў Данілавічах  празнуюць, то і ў нас… У Данілавічах быў аброчны празнік, затым у нас такі празнік…»

Каляды

«У шчодры хадзілі па сваіх, толькі к сваім. Сшыя матка сумачку, і мы бягом па сваіх.

Я нікада па чужых хатах ні хадзіла. Прыходзіла к сваёй матцы кроснай, к бацьку кроснаму. А так па чужых ні хадзіла. Вот ціпер, я пагляджу, ціпер ходзяць і па чужых. Так, я гавару на Таньку: «Нада міняць грошы! Штоб даваць дзіцям па тысічы!» Вот дала грошы, і, глядзіш, дзеці засміяліся. Нада нам сабіраць і даваць грошы».

***

[На Калядкі ў шчодрыкі хадзілі?]

«Хадзілі… Пабягом гуртам, штук сем нас дзяцей сабярэцца там, у Замосці… «Многая лета…» пелі дзеду Міхалю. Эта он любіў.

Многая лета, многая лета!..

Многая лета, многая лета!..

Спасі Хрісце Божэ!..

Спасі Хрісце Божэ!..

На многая лета!..

То канхвет січас… Тады ж напякуць сваіх с пшаніцы, с прастога прамола пампушак… Хто сала дасць кусочык, хто калбасу, як уб’е [кабана], такі багаты чылавек, атламлівая кожнаму. А ў нас быў у Замосці ўчыціль Александр Нікіфаравіч, пчолы ў яго былі, дак ён нам такія кускі мёду паатрызая, што выкатываюць, у сотах, як смокчыш».

***

«У нас дзяўчына была такая, іна… Матка іе багата знала такіх песен, дак іна панавучывалася, як па шчодрах… С сумкамі такімі, пачыпляім, матка пашыя палатнянаю… Нам даюць шчодры, хто семак, хто хлеба кусок і с салам, бальшынство сала давалі…»

***

«Перад Раздзяством, перад сёмым — шостага, варыцца куцця, кладзецца хлеб, сена кладзецца на стале, на сена кладзецца хлеб, варыцца куцця з крупы, пшаніца ці ячмень, у каго што ё. І стаіць ета куцця да Крашчэння, а тады хлеб аддаюць карові, а куццю аддаюць курам».

***

«У Каляды, пад Крашчэнне, Крашчэнне — дзівятнаццатага, а мы — васімнаццатага ўсігда варажылі. Звязвалі платочкі, кідалі ў начоўкі і палалі: чый платок уперад выскача із начовак, тая ўперад замуж пойдзя, а чый астанецца — тая ўдзеўках будзя. Тады бегалі ішчэ, дзе дарога на крэсты, і там стаялі: у якім баку сабака забрэша ці поезд, ці певень запея — у тэй бок замуж пойдзіш. Кідалі ішчэ башмакі — у які бок замуж пойдзіш — чэраз прасла».

***

«Варажылі… Вот як Куцця… К адным саседзям… Баба была і ў яе дзве дачкі… Мы да дзвінаццаці часоў сядім у іх, яна расказывая старынная… Гавора: «Ідзіця, разувай з нагі буракі чэраз вароты кідай… На дварэ стаіш і на вуліцу кідай. Куды паверніцца ступень, у якую сторану. Выходзіця, глядзіця… Палядзіш: у тую сторану!.. «Баба Анісья, управа мой бурак ліжаў». — «Значыць, у тую сторну пойдзіш замуж».

Падрыхтаваў Генадзь ЛАПАЦІН.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.