Калядам усе рады!

Нягледзячы на тое, што Каляды мы святкавалі тыдзень таму, Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава толькі зараз скончыў чараду мерапрыемстваў, прымеркаваных да гэтага свята. Большая частка з іх закранала выхаванцаў дашкольных дзіцячых устаноў.

«Сплывуць усе воды, сплывуць у Ірай» — шматзначны надпіс, вышыты чырвонымі ніткамі на ўзорным канцы ручніка (з калекцыі Веткаўскага музея), з’ядноўвае ў адно цэлае мінулае, цяперашні час, будучыню. Звязвае як лёс асобнага чалавека, так і лёс усяго чалавецтва дзякуючы аднаму, галоўнаму слову — «воды».

Неглюбскія ткачыхі нярэдка ткалі на ўзорных канцах ручнікоў «маленькую» ці «вялікую крывулю» — хвалістую лінію, увасабленне воднай стыхіі, якая ёсць пачатак жыцця. «Павілёначкай» называлі бабіцкія ткачыхі невялікую хвалістую лінію.

У прасторы выставы «Усе Каляды святыя», наладжанай Веткаўскім музеем і раённай цэнтралізаванай бібліятэкай, прадстаўлены  асобныя экспанаты музея (з музейных калекцый: ткацтва і народнага адзення, іканапісу, жывапісу, побыту). Пераважна — гэта ручнікі, вытканыя ў вёсцы Неглюбка Веткаўскага раёна і вёсцы Бабічы Чачэрскага раёна. Прадстаўлены некаторыя традыцыі калядавання ў гэтых вёсках.

На Крышчэнне мы літаральна дакранаемся да вечнай плыні часу, калі п’ем «пасвячоную» — асвечаную сонцам, святлом, крыжам ваду.

Вада даволі часта выкарыстоўваецца ў варожбах, у тым ліку — калядных. У аповедах вясковых людзей можна ўбачыць жыццёвыя, рэальныя адносіны да вады як да жывой істоты і нават — як да сябе падобнага. Таму й казалі: «Вада як чалавек» (Паводле Ніны Данілаўны Шахоўскай, в. Фёдараўка Веткаўскага раёна).

На Крышчэнне даўней і ў наш час вяскоўцы вешаюць ручнікі на зрубы студняў (калодзежаў): любая крыніца, калодзеж, рака ў носьбітаў традыцыйнай культуры з’яўляецца сакральным месцам. Таму ў Бабічах і Неглюбцы ды некаторых іншых вёсках кідалі ў глыбокія студні невялікія драўляныя крыжыкі вечарам, 18 студзеня. Хто прыходзіў першы па ваду, стараўся злавіць крыжык у вядро і выцягнуць наверх. Такім чынам, вада на Крышчэнне асвячалася не толькі святарамі.

Час Калядаў — час гадавога звароту сонца — час святы, прыгожы, але й небяспечны для чалавека. Нездарма калядныя студзеньскія (у праваслаўнай традыцыі) вечары называюць «крывымі». Парушыш забарону — будуць чакаць непрыемнасці: «У Каляды галоўні вадой не залей — кураняты не будуць весціся» — казалі ў Неглюбцы. «…Злей німа Куцці, як Крашчэнне. Тады падходзіш к варотам ціхонька, штоб сусед не паймаў, і гаворыш так: «Вашы вароты трасуцца, мае куры нясуцца. Твае куры — мае яйца». Тры разы так гавораць. Тады ў тога чалавека не нясуцца куры. А ў таго, хто пакалаціў, дак кожэн дзень будуць несца» (Вёска Старое Закружжа).

Каляды — самы магічны і вясёлы час усяго года: у гэтыя дні словамі калядных песень можна спраектаваць будучыню, паспрабаваць заглянуць у яе з дапамогай варожбаў. Не ўсе дзяўчаты адважваліся варажыць — толькі самыя смелыя. У кожнай вёсцы — свае варожбы. Варажылі і варожаць у Ветцы.

  1. Калодзеж з пруцікаў ці з запалак выкладвалі на стакане з вадой, ставілі пад ложак; ноччу павінны быў прысніцца той, «з кім век векаваць».
  2. Расплаўлялі кавалак воску ў лыжцы і вылівалі яго ў місу з вадой. Разглядвалі форму зацвярдзелага воску, стараліся па ёй прадбачыць падзеі ў будучыні.
  3. Кожная з дзяўчат насыпала невялікую кучку проса. Да проса пускалі пеўня. Чыю кучку певень клюне, тая дзяўчына замуж хутчэй выйдзе.
  4. «Палалі» начоўкі з паясамі: чый пояс раней выпадзе з начовак, тая дзяўчына раней замуж выйдзе…

Даволі часта варожбы збываліся.

На Каляды, як і на Вялікдзень, гаспадыня вешала на покуці самы прыгожы ручнік. Адзін або некалькі . Святочны ручнік у куце, напэўна, у такой жа ступені з’яўляецца часткай каляднага абраду, як і наступныя дзеянні: «На ту Коляду …сена клалі, за то, што Хрыстос нарадзіўся ў сене».

Тры куцці, якія старанна гатуе гаспадыня ў час Калядаў (на Раство, на Васілле і на Крышчэнне), нібы тройчы паўтораная малітва, адрасаваная Усявышняму: «Хлеб наш надзённы дай нам сёння…»

На Багатую куццю (на Васілле) — багата весялосці, танцаў, песняў. У Бабічах, бліжэйшых да іх Макаўі, Карме, Старым і Новым Мікольсках, Прытуллі і Нінэлі моладзь спраўляла вечарынкі. У Неглюбцы, Лядзе, Канавалаве ды іншых пасёлках Неглюбскага сельсавета былі знакамітыя ігрышчы. Паўсюль былі свае калядныя зоркі, свае шчадроўкі, свае калядныя маскі. Радасць — адна на ўсіх. «Каза» зычыла шчасця, здароўя, ураджаю, як і ўсе калядоўшчыкі — пасланцы з раю.

А было і так: «У нас, у Вялікіх Нямках, расказвалі. Пасля вайны дужа цяжка было, у сорак шостым, сорак сёмым гадах. Не было чаго есць. І так палучылась, што ніхто ў адзін з етых гадоў не пайшоў шчадраваць — ні большыя, ні меншыя… А тады, вясной, пачалі прападаць каровы. Адна, другая, трэццяя… І што? Сабраліся старыя і пастанавілі: нада абрад здзелаць — ніхай дзеці ў шчодры ідуць. І пайшлі дзеці вясной шчадраваць. Ну, болей, пасля таго, каровы не прападалі» (Вялікія Нямкі). «А хто калядоўшчыкаў не адорвае, дак той і жыве абы як» (Ветка).

Абраз «Раство Хрыстова» (19 ст.), які паходзіць з вёскі Бабічы Чачэрскага раёна, нясе вялікую радасць ад усведамлення вялікай падзеі — Божага нараджэння. Абрадавы комплекс: тры васковыя свечкі, злучаныя разам у адно цэлае, «адзенне» (спаднічка з фартушком), свечкі, грошы, хустачкі (унізе, каля «свячы») — абавязковыя атрыбуты святкавання праваслаўнай іконы «Свячы». Каля аброчных ікон-«свечаў» людзі звычайна абракаюцца: моляцца, просяць дапамогі звыш, кладуць свае дары-аброкі. Пра тое, як «спраўлялі» і цяпер спраўляюць (святкуюць) свячу на Гомельшчыне, чытаем кнігу Генадзя Лапаціна «Ікона звалась «Свячой».

Цудоўныя зімовыя пейзажы, якія паўстаюць на карцінах мясцовых самадзейных мастакоў Гомельшчыны А.А. Прылуцкага, Т.І. Карлова, Ф.Р. Шклярава, Б.І. Тарасенкі, А.А. Буранкова, А.Г. Савянка, — сведчанні прыгажосці нашай зямлі, любові да яе.

Ларыса РАМАНАВА.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.