Супрацоўнікі Веткаўскага музея паказалі традыцыйныя абрадавыя дзеянні і калядоўшчыкаў ва ўстановах адукацыі раёна. Пад час лялечнага спектакля “Цар Ірад” расказалі пра гісторыю свята

Час ад Раства Хрыстова да Хрышчэння ў традыцыйнай культуры фарміруецца як прастора свята, чараўніцтва і цуда. Невялічкае цуда ў гэтыя дні ствараюць і супрацоўнікі Веткаўскага музея. Адразу пасля Раства яны ўзялі зробленую рукамі сяброў музея скрыню — батлейку і паехалі на «гастролі» па ўстановам адукацыі раёна.

Усе дзеткі чакаюць 13 студзеня, каб пайсці ў “шчодры”. Супрацоўнікі музея спецыяльна падрыхтавалі калядныя песні на роднай мове, паказалі традыцыйныя абрадавыя дзеянні і калядоўшчыкаў. Пад час лялечнага спектакля “Цар Ірад” расказалі пра гісторыю свята.

На Каляды па ўсёй Беларусі паказвалі батлеечныя спектаклі. Адкуль жа такі тэатр і яго назва? Зараджэнне народнага лялечнага тэатра ў Беларусі адносіцца да канца XVI — першай паловы XVII стагоддзя. Яго ўзнікненне звязваюць з каляднымі святамі (адгэтуль назва, Віфлеем, Bethlehem — месца нараджэння Хрыста). На тэрыторыю нашай краіны батлейка трапіла з Польшчы і Украіны. Арганізатарамі відовішчаў звычайна былі вучні калегій. Распаўсюду батлейкі спрыялі вандроўныя семінарысты, якія ўносілі ў рэпертуар сюжэты школьнага тэатра. Хутка батлейку ад царкоўнікаў пераймаюць мяшчане, сяляне — тэатр робіцца народным.

Да XIX ст. у рэпертуары батлейкі пераважала рэлігійная тэматыка. У часы Асветніцтва батлейкавыя прадстаўленні ладзіліся ў драўлянай (спачатку — аднапавярховай, потым — двухпавярховай) скрыні (батлейцы) статычнымі або рухомымі лялькамі. Іх дзеянні суправаджаліся вершаваным дыялогам, песнямі. У прадстаўленнях, прымеркаваных да калядных свят, паказваліся біблейскія сцэны нараджэння Хрыста, пакланення яму пастухоў і каралёў-вешчуноў, праследу жорсткім царом Ірадам нявінных немаўлятак. У рэпертуар батлейкі, побач з рэлігійнай п’есай «Цар Ірад», народнай драмай «Цар Максіміліян», уваходзілі таксама жанравыя сцэны «Мацей і доктар», «Антон з казой і Антоніха», «Вольскі — купец польскі», «Бэрка-карчмар», «Цыган і цыганка», «Ванька малы», «Паніч» і іншыя, насычаныя сацыяльнай сатырай.

Паступова, становячыся здабыткам народа ў шырокім сэнсе слова (мяшчане і сялянства), у прыватнасці ў перыяд XVII–XVIII ст, батлейка актыўна звяртаецца да народна-камедыйных, свецкіх па характары пастановак. Прадстаўленні батлейкі даваліся да пач. XX ст. Сёння адбываецца адраджэнне народных лялечных тэатраў па ўсёй краіне.

За ўвесь калядны перыяд, ад Раства да Хрышчэння, Веткаўскі музей плануе даць 14 спектакляў у школах, гімназіі і садках Веткі, Хальча, Радугі і Неглюбкі. Для музея вельмі важна, што ініцыятыву падтрымалі бацькі, адміністрацыя, настаўнікі, дзеткі. Заўсёды прыемна захоўваць традыцыю разам.

Ірына ЮДЗІНА, навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея.