У Беларусі сфарміраваны па-сапраўднаму працаздольны парламент

У Беларусі сфарміраваны па-сапраўднаму працаздольны прадстаўнічы і заканадаўчы орган, адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў звароце да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу шостага і сёмага скліканняў.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што кожнае новае скліканне народнага прадстаўніцтва характарызавалася паслядоўным і адказным рухам па шляху прагрэсіўных пераўтварэнняў. За час сваёй дзейнасці беларускі парламент прыняў больш за 2 тыс. законаў, з якіх амаль 300 — вынік працы дэпутацкага корпуса, які 5 снежня завяршыў сваю работу. Кіраўнік дзяржавы перакананы, што ў многім дзякуючы дзейнасці дэпутатаў і сенатараў беларускі парламент стаў вядомым і мае аўтарытэт.

Асаблівай увагі, на думку Аляксандра Лукашэнкі, заслугоўвае работа парламента шостага склікання з моладдзю. Падрыхтаваны праект палажэння аб Маладзёжным савеце пры Нацыянальным сходзе, створана Маладзёжная палата пры Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі. Сфарміраваны маладзёжныя парламенты пры абласных Саветах дэпутатаў.

«Усе дасягненні і высокія вынікі дзейнасці дэпутацкага корпуса сталі магчымы перш за ўсё дзякуючы адсутнасці палітычных рознагалоссяў і настроенасці парламентарыяў на канструктыўнае супрацоўніцтва з іншымі галінамі ўлады, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Нацыянальны сход заўсёды выбудоўваў сваю работу такім чынам, што прымаемыя законапраекты сапраўды адпавядалі інтарэсам грамадства і дзяржавы. Упэўнены, нававыбраныя дэпутаты захаваюць пераемнасць плённай і актуальнай заканатворчасці».

Парламенцкія выбары прайшлі ў адкрытай канкурэнтнай барацьбе, пры вялікай колькасці прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. «Чарговыя парламенцкія выбары прайшлі ў адкрытай канкурэнтнай барацьбе. Прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат было нават больш, чым у папярэднюю кампанію», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Зроблены беларусамі выбар чарговы раз паказаў стабільнасць нашага грамадства, яго прыхільнасць да традыцыйных каштоўнасцей і імкненне да мірнай стваральнай працы», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён павіншаваў нававыбраных парламентарыяў з паспяховай здачай аднаго з самых адказных экзаменаў у іх жыцці і адзначыў характэрныя рысы новага складу парламента. У яго ўвайшлі вопытныя кіраўнікі і тыя, хто ведае жыццё і вытворчасць знутры: работнікі аграпрамысловага комплексу і прамысловасці, таленавітыя выкладчыкі, урачы, юрысты, суддзі, сілавікі, яркія прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, моладзі і СМІ. «Заахвочваючы імкненне маладых грамадзян удзельнічаць у палітычным жыцці краіны, мы сёння ўмацоўваем будучыню нашай суверэннай дзяржавы», — перакананы Аляксандр Лукашэнка.

«У цэлым у выбраным парламенце прадстаўлены і адлюстраваны інтарэсы ўсіх слаёў насельніцтва. Перакананы: гэта дасць магчымасць паспяхова вырашаць усе пастаўленыя перад вамі задачы і апраўдае чаканні нашых выбаршчыкаў», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што новы парламент павінен стаць цэнтрам прагрэсіўнай заканатворчасці. А для рэалізацыі гэтай мэты неабходна кіравацца двума правіламі. «Першае — прынятыя папраўкі і законы перш за ўсё павінны адлюстроўваць рэальныя патрэбнасці нашых грамадзян. Не трэба лятаць у космасе, трэба глядзець на жыццё і рабіць усё, каб яно было лепшым. А для гэтага трэба ісці не па паняццях, а праз законы. Другое — наступствы любых змяненняў у заканадаўстве павінны быць прааналізаваны і падлічаны на некалькі гадоў наперад, каб людзі разумелі, куды мы ідзём і чаго хочам», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт дадаў, што ў бліжэйшы час дэпутатам і сенатарам трэба будзе разам вырашаць важнейшыя і актуальныя пытанні, якія хвалююць грамадства, а значыць, з’яўляюцца прыярытэтнымі мэтамі дзяржаўнай палітыкі.

БЕЛТА

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.