Лукашэнка прыняў удзел у саміце АДКБ

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у саміце Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, які прайшоў 28 лістапада ў Кыргызстане. Традыцыйна на палях саміту кіраўнік беларускай дзяржавы правёў сустрэчы і перагаворы з замежнымі калегамі.

Аб мірных ініцыятывах і глабальных пагрозах

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні на саміце Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ў Бішкеку зрабіў акцэнт на мірных ініцыятывах і глабальных пагрозах бяспецы. Кіраўнік дзяржавы спыніўся на асобных аспектах, найбольш актуальных для Беларусі. Ён, у прыватнасці, выказаў заклапочанасць у сувязі з глабальным палітычным і эканамічным процістаяннем паміж вядучымі сусветнымі дзяржавамі, адзначыў фактары, здольныя нанесці сур’ёзны ўрон усёй існуючай сістэме міжнароднай бяспекі.

Беларусь выступіла з прапановай прыняць шматбаковую палітычную Дэкларацыю адказных краін аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе. Актуальнай застаецца і яшчэ адна беларуская ініцыятыва аб аднаўленні шырокага дыялогу па пытаннях міжнароднай бяспекі.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, рэгіянальныя ўзброеныя канфлікты, у тым ліку тлеючага характару, застаюцца адной з асноўных крыніц палітычных, ваенных і тэрарыстычных пагроз, нелегальнай міграцыі, незаконнага транзіту зброі. У гэтым кантэксце ён спыніўся на сітуацыі ва Украіне, на ўсходзе якой пяты год ужо прадаўжаецца ўзброенае процістаянне, гінуць людзі, сярод якіх і мірныя жыхары.

У Бішкеку была агучана яшчэ адна ініцыятыва Беларусі. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ў сферы забеспячэння ваеннай бяспекі дзяржаў-членаў АДКБ, разам з планамерным развіццём ваеннага сегмента арганізацыі, захоўваецца актуальнасць выхаду на прамы і раўнапраўны дыялог з Паўночнаатлантычным альянсам. Гэта асабліва актуальна з улікам таго, што гэтыя дзве ваенна-палітычныя структуры адказваюць за забеспячэнне бяспекі на прасторы ад Ванкувера да Уладзівастока.

Неабходна больш цесна працаваць і з ААН, лічыць Аляксандр Лукашэнка. Беларускі бок таксама лічыць мэтазгодным нарошчваць антытэрарыстычны патэнцыял АДКБ.

Патэнцыял АДКБ для садзейнічання стабілізацыі сітуацыі ў свеце

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка бачыць у АДКБ патэнцыял для садзейнічання стабілізацыі сітуацыі ў свеце.

«Вы вельмі правільна сказалі, бурны наш свет. Зразумела, што вы пад гэтым тэрмінам маеце на ўвазе. Таму, чым больш арганізацый, якія стрымліваюць бурны паток, тым лепш. АДКБ — адна з сур’ёзных арганізацый, якая будзе садзейнічаць стабілізацыі сітуацыі ў свеце ўсялякімі метадамі. І інфармацыйнымі, і палітычнымі, і дыпламатычнымі, і ваеннымі», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прадстаўнікі СМІ пацікавіліся меркаваннем беларускага лідара, ці будзе АДКБ «як адзіны кулак, калі, не дай бог, ірване». «У кожнага свая зона адказнасці. Але калі рване там, дзе ў нас сканцэнтраваны ўсе інтарэсы, значыць, мы будзем процідзейнічаць гэтым узрывам разам. Гэта адназначна», — запэўніў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што лейтматывам на пасяджэнні ў Бішкеку быў тэзіс аб тым, што краіны арганізацыі павінны быць і самі бліжэй, і заяўляць на міжнароднай арэне, што будуць разам рэагаваць на тыя ці іншыя рэчы.

«Ёсць «узрывы» лакальнага характару. Зона адказнасці, дапусцім, на заходнім напрамку, — гэта наша з Расіяй. У Цэнтральнай Азіі — цэнтральнаазіяцкіх (дзяржаў. — Заўвага) пры падтрымцы Расіі», — растлумачыў беларускі лідар.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.