Тэма тыдня: форум «Еўрапейская бяспека: адысці ад краю бездані»

Форум «Мінскага дыялогу» на тэму «Еўрапейская бяспека: адысці ад краю бездані» прайшоў 7-8 кастрычніка ў беларускай сталіцы. Удзел у форуме прыняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Мерапрыемства сабрала высокапастаўленых афіцыйных асоб і вядучых экспертаў з ЕС, Расіі, ЗША, Кітая і дзяржаў Усходняй Еўропы, Паўднёвага Каўказа і Цэнтральнай Азіі. Місія форуму — прадастаўляць адкрытую пляцоўку без геапалітычных раздзяляльных ліній для даследаванняў і дыскусій аб міжнародных адносінах і бяспецы ва Усходняй Еўропе.

Лукашэнка: пагрозы бяспецы дамінуюць у спісе сучасных выклікаў чалавецтву

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беспрэцэдэнтная напружанасць у міжнародных адносінах, разладжванне асноў інтэрнацыянальнай бяспекі, рост колькасці рэгіянальных канфліктаў закранаюць большасць кантынентаў.

Ён дадаў, што не вырашаюцца шматлікія ўзброеныя і замарожаныя канфлікты на Блізкім Усходзе, у Азіі, Лацінскай Амерыцы і Еўропе. Пры гэтым, паводле яго слоў, выкарыстоўваюцца ўсё больш прадуманыя метады барацьбы. У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў атакі з дапамогай беспілотнікаў на нафтавыя аб’екты Саудаўскай Аравіі, назваўшы іх новым, раней не бачаным прэцэдэнтам.

Лукашэнка: за апошнія два дзесяцігоддзі Беларусь апынулася ва ўнікальнай сітуацыі

«За апошнія два дзесяцігоддзі Беларусь апынулася ва ўнікальнай сітуацыі. З аднаго боку, мы ваенна-палітычны саюзнік нашай Расіі, удзельнік Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Ні ў адной дзяржавы няма такога ўзроўню адносін з Масквой, як у нас. У той жа час наша краіна заключыла міжнародныя дагаворы ў галіне бяспекі і мер даверу з усімі суседзямі, у тым ліку з дзяржавамі — членамі НАТА. А з такім суседам, як Украіна, у нас больш за 120 міжнародных пагадненняў. Мы гатовы напаўняць гэтыя двухбаковыя пагадненні новым зместам, удасканальваць іх», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, сігналы, якія беларускі бок атрымлівае ад партнёраў, сведчаць аб тым, што і яны гатовы да такога ўзаемадзеяння. «Гэта — унікальны рэсурс у цяперашняй сітуацыі. І мы ўсе абавязаны ім скарыстацца. Каб мы, еўрапейцы, даказалі самі сабе і ўсяму свету, што архітэктура еўрапейскай бяспекі можа быць адноўлена, што можа быць іншая мадэль адносін Расіі і НАТА, Кітая і ЗША і яе праекцыя на Еўропу. Не такая, як апошнія пяць гадоў», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт дадаў, што Беларусь шмат у чым фарміруе такую гісторыю поспеху ў пытаннях рэгіянальнай бяспекі, краіна і далей будзе прадаўжаць такі курс, як бы ён камусьці ні падабаўся.

Лукашэнка агучыў канкрэтныя прапановы па пачатку новага Хельсінкскага працэсу

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў неабходнасць правядзення ў бліжэйшыя гады міжнароднага саміту ў рамках новага Хельсінкскага працэсу.

«Усё больш відавочна неабходнасць правядзення ў бліжэйшыя гады міжнароднага саміту ў рамках новага працэсу «Хельсінкі» — пад эгідай АБСЕ, а магчыма, і пад эгідай ААН, — сказаў ён. — Трэба прыняць дакумент стратэгічнага характару па ўмацаванні міжнароднай бяспекі і ў Еўра-Атлантыцы, і ў больш шырокім маштабе. Сёння немагчыма вырашаць гэтыя пытанні без Кітайскай Народнай Рэспублікі. Важна ўлічваць таксама меркаванне і іншых краін, чый уплыў у свеце сёння расце».

«Мы гатовы пашыраць ідэю «Хельсінкі-2», дыялог Еўрапейскага саюза і Еўразійскага эканамічнага саюза, АДКБ і НАТА, спалучэнне з кітайскім праектам «Адзін пояс, адзін шлях», з ШАС, АСЕАН, стварэнне «пояса лічбавага добрасуседства» (аб гэтым усё больш цяпер гавораць). Будзем падтрымліваць усе канструктыўныя ідэі, накіраваныя на пераадоленне раздзяляльных ліній, захаванне міру», — запэўніў Прэзідэнт.

Беларусь ініцыюе распрацоўку дэкларацыі аб нераспаўсюджванні РСМД у Еўропе

У сувязі з разрывам Дагавора аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці нарастае занепакоенасць ЗША і Расіі наконт бяспекі ва Усходнееўрапейскім рэгіёне. «Аб гэтым сведчаць нашы нядаўнія кантакты з амерыканскімі прадстаўнікамі і пасланне Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна шырокаму колу краін аб мараторыі на разгортванне ракет у Еўропе і іншых рэгіёнах свету», — растлумачыў Прэзідэнт.

«Можа, усё ж такі варта сабрацца і абмеркаваць гэту, бадай што, самую актуальную на гэты час праблему. Калі хочаце — у Мінску або нейкім іншым месцы, — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. — Тым больш што Беларусь ужо выступіла з прапановай прыняць шматбаковую палітычную дэкларацыю адказных краін аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе. Гатовы нават ініцыяваць, а тое і ўзяць на сябе, распрацоўку тэксту гэтага дакумента».

Лукашэнка: градус недаверу і канфрантацыі паміж Усходам і Захадам дасягнуў мяжы

«Нас не можа не хваляваць той факт, што градус недаверу і канфрантацыі паміж Усходам і Захадам дасягнуў мяжы. Эксперты ў галіне бяспекі і раззбраення з абодвух бакоў ужо малююць жудасную сваёй праўдападобнасцю карціну. Усяго за некалькі хвілін Расія і НАТА, напрыклад, могуць прайсці шлях ад ненаўмыснага лакальнага канфлікту да ядзернай вайны», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, пасля нядаўняга выхаду з Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці ключавых яго ўдзельнікаў — ЗША і Расіі — працэс разбурэння архітэктуры кантролю над узбраеннямі фактычна выйшаў на фінішную прамую.

БелТА

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.