Унікальны турыстычны маршрут ад горада Веткі да аграгарадка Неглюбка прыняў сваіх першых наведвальнікаў

Унікальны турыстычны маршрут ад горада Веткі да аграгарадка Неглюбка прыняў сваіх першых наведвальнікаў. Экскурсійная праграма прапануе нашым гасцям пазнаёміцца не толькі з багаццямі беларускага Эрмітажу — Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава. Але і дакрануцца да жывых традыцый беларускага народнага ткацтва, слаўнага далёка за межамі нашай краіны, пазнаёміцца з носьбітамі гэтых традыцый і нават самім паспрабаваць ткаць.

Маршрут быў распрацаваны майстрамі Неглюбскага цэнтра ткацтва, што існуе пры мясцовым Доме культуры, сумесна с супрацоўнікамі музея, паведаміў яго дырэктар Пётр Цалка. Дарэчы, менавіта ён суправаджаў першую экскурсію ў Неглюбку. Цікаўнасць пабыць у Неглюбцы праявілі настаўнікі і навучэнцы Гомельскага прафесійнага каледжа кулінарыі.

Як адзначыў Пётр Цалка, атрымалася цікавая і насычаная праграма. Па дарозе з Веткі ў Неглюбку распайшоў аповед пра гісторыю і культуру Веткаўшчыны як найбагацейшага рэгіёна беларускага народнага ткацтва — толькі ў музеі захоўваецца звыш 4000 адзінак тэкстылю. Дырэктар музея расказаў пра асаблівасці мясцовага ткацтва, культурную спадчыну Неглюбкі, Стаўбуна, Казацкіх Балсуноў, пра сімволіку ручнікоў. З зацікаўленасцю маладыя людзі слухалі легенды пра гісторыю ўзнікнення некаторых населеных пунктаў, паходжанне іх назваў.

Дарога на Неглюбку праходзіць праз адселеныя, зруйнаваныя з зямлёй пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС вёскі. Барталамееўка, Амяльное, Грамыкі, Рэчкі і іншыя населеныя пункты з трагічным лёсам — боль Веткаўскай зямлі, які нельга забыць. Тым больш каштоўнасці надаецца побытавым рэчам, у тым ліку тэкстылю, з гэтых вёсак, што паспелі сабраць супрацоўнікі музея і захаваць для нашчадкаў.

У Неглюбскім сельскім цэнтры ткацтва майстар-клас для экскурсантаў правяла Людміла Кавалёва (на здымку). Удзельніца раённых, абласных і міжнародных творчых форумаў, жанчына мае ганаровае званне народнага майстра Беларусі. Дарэчы, некалькі год таму яна падаравала 30-метровы ручнік-абярэг «Кола жыцця» Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку на мерапрыемствах да 30-годдзя Чарнобыля.

Настаўнікі і навучэнцы каледжа не толькі на ўласныя вочы пабачылі, як ствараецца рукатворная прыгажосць. Людміла Васільеўна дазволіла кожнаму, хто жадаў, прысесці за кросны і паспрабаваць розныя тэхнікі ткацтва, адчуць нітку ў руках.

Дзяўчаты з захапленнем успрынялі магчымасць пераапрануцца ў прыгожы неглюбскі строй, і незабыўныя, адметныя фота былі гарантаваныя.

Па папярэдняй дамоўленасці пасля Дома культуры група накіравалася да хаты адной са старэйшых жыхарак вёскі Неглюбка, колісь выдатнай ткачыхі Ганны Іванаўны Каржовай. І тут таксама моладзі было цікава ўбачыць, што нават у 21-м стагоддзі традыцыйныя тканыя і вышываныя рэчы працягваюць жыць у вясковым інтэр’еры: ручнік упрыгожвае чырвоны кут з іконай, посцілкі прыкрываюць ложак, абрус — на стале…

Госці з Гомеля аддзячылі дабразычлівых гаспадароў вялікім караваем. Па іх водгуках, вандроўка ў Неглюбку прынесла неверагоднае натхненне.

У поўным захапленні ад аналагічнага падарожжа былі і дзве наступныя групы турыстаў — з Расійскай Федэрацыі і горада Магілёва.

Па словах Пятра Цалка, у турыстычнай сферы ёсць цікаўнасць да падобных аўтэнтычных маршрутаў. Супрацоўнікі музея апрабуюць праграмы, распрацоўваюць прэс-рэлізы і іншыя інфармацыйныя даведкі для турфірмаў і навучальных устаноў. І запрашаюць да сябе ўсіх, хто не раўнадушны да роднай культуры наша краю, каб наталіць душу прыгажосцю.

Наталля ЦІТУШКІНА.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.