У Веткаўскай раённай бібліятэцы працуе выстава «З надзеяй на уваскрашэнне»

На пачатку красавіка ў Веткаўскай раённай бібліятэцы адбылося адкрыццё выставы  «З надзеяй на уваскрашэнне», падрыхтаванай супрацоўнікамі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава. На гэты раз тэмамі даследавання і паказу сталі бортніцтва і пчалаводства. Чытачы могуць убачыць выставу жывапісу «Спрадвечнае» Святланы Раманавай; асобныя карціны прысвечаны пчалаводсту — даўняму занятку. Выстава будзе працаваць да канца красавіка.

Пчолы, як і птушкі, — пасрэднікі паміж Богам і людзьмі ў традыцыйнай беларускай культуры, сімвал працавітасці, мудрасці, уваскрашэння. Людзі, якія клапоцяцца пра жыццё гэтых маленькіх істот, аказваюць неацэнную паслугу ўсяму чалавецтву, бо, як сцвярджаў сусветна вядомы вучоны Альберт Эйнштэйн, калі раптам на нашай планеце знікнуць пчолы, чалавецтва зможа пражыць усяго толькі чатыры гады. Як вядома, найбольш пчолы  ў параўнанні з іншымі насякомымі апыляюць кветкі, якія ўтрымліваюць будучую завязь пладоў.

Бортніцтва як старадаўні лясны промысел, пчалаводства — сучаснае культурнае развядзенне пчол, галіна сельскай гаспадаркі — малавядомыя тэмы для сучаснікаў. Росквіт бортніцтва прыходзіцца на 16-17 стагоддзі. Тэхналогія пчалаводства тых часоў была нескладанай: прыгатаванне на дрэвах новых борцяў, заманьванне ў іх раёў, абарона ад звяроў і птушак, збор воску і мёду. Сучаснае  пчалаводства ўзнікла ў выніку трох адкрыццяў-вынаходніцтваў: штучнай вашчыны (1857 г.), медагонкі (1865 г.) і рамачнага вулля (1614 г.).

У параўнанні з іншымі абласцямі Беларусі на Гомельшчыне, Брэстчыне бортніцтва, калоднае пчалярства захавалася найбольш. Так, па словах стваральніка «Братэрства босых бортнікаў» Івана Дзмітрыевіча Осіпава, на Палессі налічваецца больш за сто бортнікаў. Дзе-нідзе ў адселеных пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС мясцінах даволі рэдка, але яшчэ можна ўбачыць калоду на дрэве ці на зямлі — сведчанне таго, што тут працавалі бортнікі. Багатыя на бортнікаў Лельчыцкі, Жыткавіцкі, Рэчыцкі ды іншыя раёны Гомельшчыны.

У 2016 годзе Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча ўнесла бортніцтва ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Для Беларусі гэта таксама надзвычай актуальная тэма. У апошнія гады ў нашай краіне робяцца захады — найперш «Братэрствам босых бортнікаў» — унесці бортніцтва ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Асобныя пчаляры імкнуцца далучыць сучаснікаў да сваёй працы, давесці да грамадства ідэю аб захаванні гэтага даўняга традыцыйнага занятку і, увогуле, захаванні саміх пчол. На тэрыторыі Беларусі існуе параўнальна нямнога аграсядзіб, экамузеяў, гаспадары якіх  паказваюць наведвальнікам, турыстам моманты з жыцця пчол і працы пчалавода, распавядаюць пра пчаліныя таямніцы. Так, у Чачэрскім раёне ёсць аграсядзіба «Пчаліны рай». Экамузей «Пчальнік», створаны ў Чавускім раёне, на Магілёўшчыне, цікавы як дарослым наведвальнікам, так і дзецям: Віктар Іванавіч Панасюк, сябра рэспубліканскай грамадскай арганізацыі «Беларускія пчаляры», зрабіў для сваёй пасекі шкляны вулей, каб была магчымасць бліжэй назіраць за жыццём працавітых пчолак.

У апошнія гады усё больш людзей імкнецца далучыцца да пчалаводства, да традыцыйных абрадаў і святаў, у якіх выкарыстоўваюцца прадукты пчалаводства, сімволіка пчалы. Дзеля прыкладу: у 60-70-я гады мінулага стагоддзя на Вялікдзень каля царквы ў вёсцы Барталамееўка (адселена пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС) мясцовыя жыхары спальвалі пустыя, старыя вуллі як ахвяру для Бога: «У нас вуллі палілі на Паску. Паставяць возьлі цэрквы і запалюць. Агонь шугае, а тады як стрэліць! Хлопцы ўкінуць што-та такоя, штоб луччай гарэла».

У Веткаўскім музеі стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава на працягу амаль трох дзясяткаў гадоў быў сабраны вялікі палявы матэрыял пра даўні абрад — «Свячу», які існуе па сёння. Сабраны матэрыял стаў асновай для стварэння кнігі «Ікона звалась «Свячой», аўтар якой — вядучы навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея Г.І. Лапацін. Таксама — для стварэння выставы з такой жа назвай, якая  экспануецца ў дадзены момант у філіяле музея ў Гомелі, для стварэння шэрагу навуковых артыкулаў і нават — цыкла лекцый, правядзенне якіх запланавана ў філіяле ў красавіку 2019 года. Вядома, існаванне гэтага абраду (на працягу некалькіх стагоддзяў(!)) без выкарыстання аднаго з галоўных атрыбутаў — вялікай васковай свячы, таксама — малых свечак, мядовай сыты было б немагчымым.

Беларуская культурная прастора ў апошнія гады папоўнілася двума цудоўнымі выстаўкамі, якія дапамаглі ўявіць маштабы, асаблівасці развядзення пчол як на тэрыторыі сучаснай Беларусі, так і ў асобных раёнах Гомельшчыны, Брэстчыны. Маю на ўвазе фотавыставу «Апошнія бортнікі Еўропы, якіх я сустрэў», адкрыццё якой адбылося ў красавіку 2017 года ў выставачнай зале ДзУК «Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр» (на якой экспанаваліся фотаздымкі Кшыштафа Хейке, асобныя прылады працы, якімі карысталіся бортнікі, іншыя рэчы), а таксама выставу «Пчолачкі гудуць, хатку будуюць…», наладжаную супрацоўнікамі Веткаўскага музея і Братэрствам босых бортнікаў у філіяле музея ў Гомелі  (дзейнічала з 8.07.2018 па 30.11.2018). На гэтай выставе, акрамя надзвычай цікавых экспанатаў (некалькі лязіваў, скура мядзведзя, лазьбень ды інш.), была прадстаўлена выява — фрагмент карты вандроўніка Алафуса Магнуса, на якой тэрыторыя сучаснай Беларусі была пазначана малюнкам борцевага дрэва, прыладай бортніцтва — палкай-самабіткай. Існаваннем бортніцтва, менавіта гэтага старажытнага промыслу, на думку стваральніка карты, была адметнай наша тэрыторыя ў 16 ст.

Сапраўды, звесткі, прыведзеныя аднымі з аўтараў энцыклапедычнага выдання «Этнаграфія Беларусі» У.С. Гурковым, С.Ф. Цярохіным, уражваюць. «Мёд і воск былі галоўнымі відамі экспарту. У пач. 16 ст. толькі праз Полацкую мытную камору штогод вывозілася больш за 2 тыс. пудоў воску. У той час на Беларусі было больш 1 млн борцяў, таварная прадукцыя якіх перавышала 0,5 млн пудоў мёду штогод. Бортніцтва было прыбытковай галіной гаспадаркі. У 1773 г. Члухаўскае лясніцтва ў Аўгустоўскай пушчы за продаж драўніны выручыла 14 талераў 25 грошай, а бортны падатак склаў суму 507 талераў».

Як вядома, з канца 17 ст. у сувязі з распрацоўкай зямлі пад ворыва, масавым высяканнем лясоў бортніцтва прыйшло ў заняпад, у першай палове 19 ст. яно саступіла месца калоднаму пчалярству.

Важную ролю бортніцтва, пчалярства ў жыцці мясцовых людзей ў мінулыя стагоддзі можа падцвердзіць тэкст шчадровай песні, запісаны даследчыкам М.М. Гаршковым у в. Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна. Даўней, паводле звычая, «шчодры просяцца: «Цётачка, дзядзечка, благаславі песянку спець. Скажаць ужэ, якой дзеўцы там… «Будзь разумненька, расці скорынька»… Спявалі — «салдату Раману» з тлумачэннем «як будзе іціць у салдаты», «хлопцу», дзеўцы», «большаму, «маламу», «што папарна жывуць, мужыку й жонцы», «панам», «пчолам»…

У гэтым пераліку пчолы — удзельнікі сям’і і гаспадаркі. Заўважым, што ніякай другой жывой істоце, якая была ў дамашняй гаспадарцы  (конь, карова і г.д. шчадровых песень не прысвячалі).

Тэкст «шчадроўкі» — гэта дыялог, адзін з удзельнікаў якога — старая матка:

— А хто гэта йдзе — дуброва гудзе?

Святы вечар, дуброва гудзець!

Старая пчолачка раёчык вядзець.

Святы вечар, раёчык вядзець!

— Маладыя райке, садзісь у вулляйке.

Святы вечар, у новыя вулляйке!

Нясіце, райкі, сладкія мядкі.

Святы вечар, сладкія мядкі!

А я, старая, жоўтыя васкі.

Святы вечар, жоўтыя васкі!

Сладкія мядкі — людзям на канун,

Жоўтыя васкі — Богу на свячкі…

Некаторае ўяўленне пра важную ролю, якую нашы продкі надавалі развядзенню пчол, дае цікавы дакумент «Описание староства Чечерского, находящегося в Рогатинской провинции», складзены ў 1773 годзе, адразу пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. У гэтым жа годзе усходняя Беларусь стала часткай Расейскай імперыі. Невядомы ўкладальнік (магчыма, ён быў не адзін) старанна рабіў апісанне новых уладанняў. У тэксце ёсць радкі: «Крестьяне как сами объявили, кормятся от хлебопашества, имея притом некоторое вспомоществование от содержания пчёл в лесах, прибыток для поташной фабрики от поставки в оную золы очень почитают замалой; ибо по их объявлению один крестьянин в неделю неполную виленскую бочку или 2 четверти золы приготовить может, за что только 15 получит копеек» (4, 12).

Дарэчы, у гэтым дакуменце даюцца звесткі аб высяванні канопляў у буйных памерах, у тыя часы менавіта з пянькі выраблялі канаты, вяроўкі для рачных і марскіх суднаў, вяроўкі з пянькі выкарыстоўвалі ў вясковай гаспадарцы. Каноплі — расліна, прывабная для пчол: з кветак канопляў пчолы збіраюць пылок, частка якога ідзе на выраб праполіса — рэчыва, якім на зіму пчолы «заклейваюць» маленькія шчылінкі ў вуллі.

У «Экспедыцыйных матэрыялах» Веткаўскага музея ёсць запісы аб былым існаванні прыватных пасек у асобных вёсках Веткаўскага, Чачэрскага раёнаў, аб існаванні пасекі з калоднымі вуллямі (у 20 ст.), сабраны асобныя звесткі, якія датычацца традыцыйных уяўленняў, звязаных з пчалой, пчалаводствам. Ёсць звесткі аб працы сучасных пчалаводаў: Івана Цімафеевіча Транькова, Міхаіла Аляксеевіча Крышчыхіна, Ігара Васільевіча Медзіна, Васіля Рыгоравіча Ціпунова, Уладзіміра Пятровіча Шыцікава, Валерыя Рыгоравіча Рудкоўскага, Міхаіла Стэфанавіча Кавалькова ды іншых, якія гадуюць пчол у Данілавічах, Стаўбуне, Ветцы, Прысно, Радузе, Фёдараўцы, Навасёлках, Старым Сяле, Залатым Розе, Неглюбцы… Яны па-сапраўднаму слугуюць пчолам.

Праца па апытальніку, ёсць спадзяванне, дапаможа ўсім, хто вырашыў занатаваць веды, уменні нашых продкаў і сучаснікаў, звязаныя з бортніцтвам, пчалаводствам як часткай беларускай духоўнай і матэрыяльнай культуры. Праца гэта датычыцца этнографаў,  эколагаў, моваведаў, гісторыкаў, настаўнікаў, іншых зацікаўленых людзей. Добры ўнёсак у гэтую справу — выданне манаграфіі «Лексіка народнай гаспадаркі ў гаворках Мазырска-Прыпяцкага Палесся», аўтары якой — А.А. Станкевіч, А.М. Воінава, Л.М. Мінакова. Менавіта ў гэтай працы занатавана: «Дворнік — чалавек, які збіраў мёд у вуллях, што размяшчаліся на дрэвах; «от прыходзіў час мёд збіраць, за ім дворнік на дзераво лез» (В. Каменка, Мазырскі раён). Сімволіка борці, пчалінага дому з цягам часу пачала атаясамлівацца з домам, дваром чалавека. У пчалінай калоды ёсць «шапка» або «галава» — верх калоды, ёсць «пята» або «под» — ніжняя частка калоды. Ёсць цэнтр, нутро; «гняздом» сучасныя пчалаводы называюць цэнтральную частку вулля (там жыве, гадуецца пчаліны расплод — заўтрашняе пакаленне пчол). У пчол ёсць «калошкі» — пылок, які рабочыя пчолы збіраюць сабе на ножкі ранняй вясной, ды і пазней з жоўтых «коцікаў» вярбы, з клёна, маць-і-мачыхі, іншых кветак. Жоўты колер — самы любімы ў пчол. У іх ёсць свая ежа, неабходная ў першую чаргу для вырошчвання пчаліных дзетак  (чэры). Пчаляры іншы раз называюць яе «хлябінай». Гэта — пярга, пылок, пакладзены ў соты.

Такім чынам, даследванне жыцця пчол і самых розных цікавых з’яў, звязаных з імі — найпрыемны занятак (не кажучы ўжо пра падтрыманне пчалінай «цывілізацыі»), які прыносіць не толькі задавальненне, здароўе, але і вялікую пазнаваўчую каштоўнасць.

Ларыса РАМАНАВА.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.