Першакласны вадзіцель Аляксей Чарнюгоў

Мы не ўяўляем нашага жыцця без святла дома і на вуліцы, без разнастайных гаджэтаў і ўсіх тых выгод цывілізацыі, да якіх прывыклі і якія лічым неаддзельнай часткай нашага камфортнага існавання. Але нельга забываць, што гэта складаная праца вялікай колькасці разнастайных прафесіяналаў, якія бесперабойна забяспечваюць нас электраэнергіяй.

Калектыў Веткаўскага РЭС складаецца менавіта з такіх людзей. Работы па рамонту паветраных ліній, замене іх апор, рамонт і будаўніцтва трансфарматарных падстанцый — гэта не поўны спіс задач, з якімі цалкам спраўляюцца работнікі арганізацыі.

З адным з прафесіяналаў сваёй справы нам давялося пазнаёміцца. Аляксей Чарнюгоў працуе машыністам ямабура ў Веткаўскім РЭС каля пяці гадоў. Яго агульны вадзіцельскі стаж складае больш за 30 гадоў. За рулём Аляксей Аляксеевіч з 1986 года, спачатку працаваў на трактары, а ў 1987-м сеў за руль машыны. На працягу гэтага часу атрымліваў новыя катэгорыі, зараз мае правы першага класа.

Яшчэ да службы ў арміі мужчына працаваў у ДРСУ-185, пасля — у бальніцы і сельгасхіміі. Каля дваццаці гадоў — вадзіцелем у рэдакцыі газеты “Голас Веткаўшчыны”.

Пяць гадоў таму Аляксей Аляксеевіч адвучыўся на машыніста ямабура і прыйшоў у Веткаўскі РЭС. У яго асноўныя абавязкі ўваходзіць распрацоўка ям пад апоры. Не так даўно ён разам с калегамі скончыў вялікую працу ў вёсцы Данілавічы. Перараблялі лінію для будаўніцтва новага дома Гомельэнерга.

Дзякуючы гэтым адказным людзям падтрымліваецца ў спраўным стане шматкіламетровая электрасетка раёна і падаецца святло ў нашы дамы.

Кацярына ЧУДУКОВА.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.