18 мая Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р.Шклярава запрашае ўсіх на Дзень і Ноч музеяў

Калі апошні раз вы наведвалі музей? Наколькі вы добра ведаеце, што выстаўлена ў музеі вашага горада? Ці ўсе закуточкі вы там абгледзелі? Ці дазвалялі вам у музеі кранаць нешта рукамі? А як наконт танцаў у музеі? Калі хоць над адным з пытанняў вы задумаліся, то Веткаўскі музей рады запрасіць вас, каб разам адсвяткаваць Міжнародны дзень музеяў,  а можа, нават і цэлую ноч.

Міжнародны дзень музеяў з’явіўся на календары ў 1977 годзе, калі на чарговым паседжанні ICOM (International Council of Museums — Міжнародны савет музеяў) была прынята прапанова аб зацверджанні гэтага свята. З 1978 года гэты дзень адзначаецца болей чым у 150 краінах свету. Музей з’яўляецца неад’емнай часткай нашага з вамі жыцця, кагосьці сюды прыводзяць яшчэ ў школьныя гады, а хтосьці ўжо ў свядомым узросце прыходзіць сам і далучае да гэтай традыцыі сваіх дзяцей і ўнукаў. Паводле слоў Жака Перо, прэзідэнта ICOM, “музеі павінны заняць сваё месца ў сэрцы грамадства і быць адкрытымі грамадскасці. Развіццё нашых устаноў залежыць у большай ступені ад дапамогі грамадскасці, і мы павінны прапанаваць ёй магчымасць падтрымаць нашы мэты і прыняць удзел у нашай працы. Такім чынам, неабходна, каб музеі і грамадства працавалі разам, у атмасферы творчасці і навацый”.

Прынята лічыць, што праз музеі грамадства выяўляе свае адносіны да гісторыка-культурнай спадчыны, і з гэтым цяжка не згадзіцца. Збіраючы і захоўваючы помнікі матэрыяльнай і духоўнай культуры, музеі вядуць вялікую навукова-асветніцкую і адукацыйна-выхаваўчую працу.

18 мая (пятніца) з 9.00 да 18.00 Веткаўскі музей адчыняе свае дзверы для нашага з вамі агульнага святкавання Дня музеяў. У гэты дзень вас чакаюць:

11.30 —  майстар-клас па пляценні традыцыйных паясоў (гістарычны будынак купца Грошыкава па адрасе: Чырвоная плошча, 5);

13.00 — урачыстае адкрыццё дзіцячага інтэрактыўнага праекта “Спазнай гісторыю рукамі” (адміністрацыйны будынак музея па адрасе: Чырвоная плошча, 13, першы паверх);

15.00, 16.00 — квэст-гульня “Шляхамі Шклярава” (гістарычны будынак купца Грошыкава па адрасе: Чырвоная плошча, 5);

18.00 — беларускія народныя танцы ля драўляных варот музея.

Усе мерапрыемствы і экспазіцыі музея ў гэты дзень можна будзе наведаць бясплатна!

Саму ж “Ноч музеяў”, якая ў гэтым годзе праходзіць пад лозунгам “Спазнай традыцыю праз таямніцы танцаў”, Веткаўскі музей прапануе правесці ў сваім філіяле, што знаходзіцца ў Гомелі.

На канцэртнай пляцоўцы выступяць танцоры лепшых школ танца абласнога цэнтра: традыцыйныя беларускія танцы, габрэйскія, ірландскія народныя, усходні танец жывата, іспанскае фламенка і аргентынскае танга. Падтрымаюць жа рытмы танцу самыя этнічныя музыкі наваколля, сталіц і заграніц!

Вакол будынка філіяла Веткаўскага музея збяруцца ўнікальныя майстры-рамеснікі, каб падзяліцца частачкай свайго майстэрства на майстар-класах. Кавальства, саломапляценне, традыцыйныя абрадавыя лялькі, ткацтва і шмат іншых цікавасцяў чакае вас на інтэрактыўных пляцоўках.

Не застануцца без увагі і самыя маленькія ўдзельнікі начной акцыі музея. Менавіта для іх будзе арганізавана дзіцячая пляцоўка з размалёўкамі, пазламі, традыцыйнымі гульнямі і забавамі.

Выставачныя залы музея «Жывапіс і графіка«, «Стараабрадніцкі іканапіс«, «Традыцыйныя строі«, «Старажытныя кросны» і музычныя інструменты «загавораць» з наведвальнікамі голасам традыцыі.

Цікавай і карыснай будзе акцыя “Новае жыццё ў абмен на крышачкі”. Таму абавязкова бярэм з сабой на святкаванне звычайныя пластыкавыя крышачкі, яны дакладна нам спатэбяцца.

Як днём 18 мая, так і ноччу 19 мая экспазіцыі Веткаўскага музея, філіяла ў Гомелі і святочныя імпрэзы можна будзе наведаць бясплатна!

Пятро ЦАЛКА, загадчык філіяла ДУК “Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава” ў Гомелі.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.