19 лютага ў гімназіі, 21 лютага ў першай гарадской школе адбыліся святочныя сустрэчы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы

Яны былі наладжаны супрацоўнікамі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава і бібліятэкарамі раённай бібліятэкі.
Вучні 8-га класа гімназіі мелі магчымасць убачыць фільм Ларысы Шчыраковай, галоўны герой якога — незабыўны Міхась Басякоў, беларус, які нарадзіўся ў Расеі (так казаў ён) у 1965 годзе ў сям’і «самаходаў». «Самаходы» — беларусы, якія перасяляліся ў Сібір у 1880-1890-я гады, і сёння, жывучы там, кажуць па-беларуску. Здымкі фільма адбываліся ў асноўным на Серыкавай (Каменнай, Чортавай) гары каля пасёлка Чамярня Веткаўскага раёна ў 1911 годзе, у вёсцы Казацкія Балсуны, у школьных аўдыторыях.
Шкада, мала хто ў нашай краіне чуў беларускія народныя песні ў надзвычай таленавітым выкананні Міхася Басякова. “Калі спяваю, стараюся расквеціць песню”, — так казаў Міхась пра свае спевы. Першы фільм пра яго быў створаны Тамарай Варфаламеевай. Пра яго ўнікальную манеру выканання ў свой час казала Зінаіда Мажэйка, вядомы беларускі этнограф, даследчыца песенных народных традыцый Беларусі.
У 2011 г. Міхась Басякоў жыў прыкладна паўгода ў Веткаўскім раёне, працаваў на ферме ў вёсцы Пыхань доярам машыннага даення. Менавіта тады адбыліся сустрэчы з ягоным удзелам, наладжаныя аўтарам артыкула ў гімназіі і сярэдняй школе №1 г. Веткі, а таксама ў Гомельскай гарадской бібліятэцы імя А.І. Герцэна.
Зусім блізка ад вёскі Пыхань знаходзіцца вёска Прысно, у якой у свой час жыла і вучылася ў Прыснянскай сярэдней школе Святлана Алексіевіч, беларуская пісьменніца, наш першы Нобелеўскі лаўрэат у галіне літаратуры.
Так, міжволі, узнікла размова пра нашу сучасную беларускую літаратуру. Вучні гімназіі ўслых чыталі ўрыўкі аповесці «Мёртвым не баліць» народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.
Акрамя гэтага, я паказала вучням некалькі ручнікоў з кветкавымі кампазіцыямі, якія захоўваюцца ў тфондахВеткаўскага музея страабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава, пераказала тэкст песні пра голуба і галубку, Машу і Васіля, падзялілася сваімі вершам, які з’явіўся ў 212 годзе:
Сучасніку (урывак)
Ты паміраеш сёньня… Уначы.
І хоць крырчы ты тут,
ці хоць ты не крычы, —
цябе ўжо не пачуе аніякі бог,
бо да сябе, мой сябра, ты зусім аглух.
Насеньне тое, што расьсяваў Скарына,
сваёй рукою ты за плот адкінуў
як нешта непатрэбнае, чужое
(вось лёс які ў беларускай мовы!)
ды выбіраеш слова не сваё…
І дзеліцца твая душа надвое.
На агародзе, у садзе — пустазельле, крапіва.
Відаць, табе патрэбная яна?
Жывеш у крэдыт, з працягнутай рукою,
ня верачы ні ў што, зь вялікаю маною.
Дзічэе сад. Так глуха, смутна, вее вецер!
Вось сімвал твой, даўней квітнеючая Ветка…
Ды ўсё ж… Ты тут — не госьць.
Ты — гаспадар, ты — сьведка
таго, як Бог нас вучыць жыць…
На сустрэчы з вучнямі 4 «В» класа сярэдняй школы №1 г. Веткі імя А.А. Грамыкі было знаёмства з рознымі казачнымі і не зусім падзеямі, якія адбываліся ў кнізе «Каляды з хроснай. Праўдзівыя гісторыі і крышачку чарадзейства» беларускай пісьменніцы Алены Масла. Хлопчыкі і дзяўчынкі чыталі фрагмент казкі «Фотаздымак анёла», называлі і запісвалі на паперы беларускія словы — назвы частак Сусветнага дрэва — узора на белым ільняным ручніку ды іншае, іншае, іншае…
Ларыса РАМАНАВА.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.