Візіт Прэзідэнта Беларусі ва Украіну

киевПрэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20-21 лiпеня знаходзіўся з афіцыйным візітам ва Украіне. Па праграме візіту адбыліся перагаворы з Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам у фармаце сам-насам і ў пашыраным складзе. Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі развіццё палітычнага, гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Украінай. Адной з тэм сустрэчы стала ўрэгуляванне канфлікту на ўсходзе Украіны, у чым Беларусь актыўна ўдзельнічае, падастаўляючы перагаворную пляцоўку для бакоў працэсу.

Па выніках перагавораў у прысутнасці лідараў дзвюх краін падпісаны шэраг дакументаў, якія датычацца супрацоўніцтва ў розных сферах. На бізнес-форуме, які адбыўся у рамках візіту ў Кіеве з удзелам каля 90 беларускіх і больш як 380 украінскіх кампаній, падпісаны кантракты на суму больш як $45 млн.

Вялікі патэнцыял для развіцця супрацоўніцтва

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў блізкі і дружалюбны характар адносін народаў Беларусі і Украіны. «Мы, рускія, украінцы — ядро цывілізацыі ў гэтай частцы еўрапейскага кантынента», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што з часу сустрэчы з Пятром Парашэнкам у красавіку бягучага года ўрады дзвюх краін многае зрабілі па рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцей. «Гэтыя рэгулярныя сустрэчы заўсёды служаць і развіццю эканомікі нашых дзяржаў. Вы можаце разлічваць на тое, што калі мы нешта ўмеем і можам зрабіць для нашай Украіны, мы гэта зробім», — запэўніў Прэзідэнт Беларусі.

У сваю чаргу Пётр Парашэнка цёпла адзначыў дружалюбнае стаўленне кіраўніка беларускай дзяржавы да Украіны. Ён выказаў зацікаўленасць у развіцці супрацоўніцтва з Беларуссю па самых розных напрамках, у тым ліку ў эканоміцы, культуры, сацыяльнай сферы. «Я ўдзячны, што прывезлі вельмі прадстаўнічую дэлегацыю, і разлічваю, што мы намецім новыя фарматы, новую дарожную карту, новыя крокі і арыенціры, якія змогуць яшчэ больш павялічыць наша з вамі эфектыўнае супрацоўніцтва», — дадаў Прэзідэнт Украіны.

Прапанова стварыць міжрэгіянальны форум супрацоўніцтва

Лукашэнка на перагаворах у пашыраным складзе з Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам прапанаваў Украіне стварыць міжрэгіянальны форум супрацоўніцтва. «У нас добра развіваецца рэгіянальнае супрацоўніцтва з Расіяй, Кітаем, іншымі буйнымі дзяржавамі. Можа, нам прапрацаваць пытанне і збіраць такія міжрэгіянальныя форумы», — сказаў беларускі лідар. У якасці месца правядзення такога форуму Прэзідэнт прапанаваў горад Гомель, а ў далейшым такія форумы можна было б праводзіць па чарзе ў Беларусі і Украіне.

Узаемная зацікаўленасць у эканамічным супрацоўніцтве

Украіну Аляксандр Лукашэнка назваў адным з прыярытэтных рынкаў для беларускіх тавараў, таксама як і беларускі рынак — для ўкраінскіх. У 2016 годзе тавараабарот наблізіўся да $4 млрд, павялічыўшыся ў параўнанні з 2015-м больш як на 10 працэнтаў. За першыя месяцы бягучага года тэмп росту гэтага паказчыка яшчэ вышэйшы. «Аднак заспакойвацца рана. Мы далёкія ад ранейшых дасягненняў беларуска-ўкраінскага супрацоўніцтва, калі гадавы тавараабарот быў амаль $8 млрд. Усе магчымасці для нарошчвання такіх аб’ёмаў у нас ёсць, і сустаршыні нашай сумеснай міжурадавай камісіі запэўнілі, што на працягу двух гадоў мы дасягнём гэтага ўзроўню. Можа, нам удасца яго і перасягнуць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы будзем сумесна вырабляць любую прадукцыю, якая карыстаецца попытам на міжнародных рынках. І ў нас тысячы тавараў, якія мы можам сумесна вырабляць і прадаваць», — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт прывёў прыклад таго, што ў мінулым годзе ва Украіне на сумесных прадпрыемствах сабрана больш за 2,5 тыс. беларускіх трактароў, каля 180 камбайнаў, каля 500 ліфтаў і іншае абсталяванне, патрэбнае краіне.

У сваю чаргу Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў, што развіццё адносін з Беларуссю ў ліку важнейшых прыярытэтаў для Украіны. Паводле яго слоў, рэалізацыя патэнцыялу ў супрацоўніцтве Беларусі і Украіны вельмі важна. «Толькі колькасць падпісаных кантрактаў сёння на бізнес-форуме акупіла нашы візіты. Таму, хоць нашу дружбу немагчыма змераць грашамі, вельмі важна, каб нашы краіны на аснове ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва атрымлівалі канкрэтныя вынікі», — сказаў Прэзідэнт Украіны.

Кіраўнік украінскай дзяржавы таксама прапанаваў у час цяперашніх перагавораў не збаўляць тэмп і намеціць прынцыповую дарожную карту развіцця двухбаковага супрацоўніцтва па ўсіх пытаннях, паставіць адпаведныя задачы.

Пётр Парашэнка, звяртаючыся да Аляксандра Лукашэнкі, заявіў, што Прэзідэнт Беларусі на ўкраінскай зямлі заўсёды жаданы госць.

«Я ўпэўнены, што ва Украіне вас ведаюць як дзяржаўнага дзеяча, нацэленага на максімальна эфектыўны і канкрэтны вынік», — падкрэсліў Прэзідэнт Украіны.

Ён дадаў, што сказанае ім пацвярджаецца таксама складам беларускай афіцыйнай дэлегацыі, у якую ўвайшлі многія міністры. «Гэта падкрэслівае стратэгічны характар нашых палітычных узаемаадносін», — сказаў Пётр Парашэнка.

За мірнае ўрэгуляванне сітуацыі ва Украіне

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што шмат часу на перагаворах было ўдзелена супрацоўніцтву па пытанні Данецкай і Луганскай абласцей. «Перш за ўсё (я Пятру Аляксеевічу аб гэтым сказаў і папрасіў яго), мы пастаўляем гуманітарную дапамогу ў гэтыя вобласці. Мы хацелі б працаваць там без пасрэднікаў і па самым кароткім шляху. І прасіў, што калі будзе інтарэс нейкі і ў нас супадуць гэтыя гуманітарныя канвоі, каб мы гэта зрабілі разам», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Украінскі лідар выказаў удзячнасць Беларусі за падтрымку, якая адчуваецца не на словах, а на справе, а таксама за намаганні па забеспячэнні ўмоў работы мінскай перагаворнай пляцоўкі. «На сённяшні дзень Мінскія дамоўленасці, якія ўвайшлі ў міжнародныя дакументы і падручнікі па дыпламатыі, з’яўляюцца адзіным і безальтэрнатыўным дакументам дээскалацыі канфлікту ва Украіне», — падкрэсліў Пётр Парашэнка.

Ён адзначыў, што атрымаў запэўніванні Аляксандра Лукашэнкі ў тым, што тэрыторыя дружалюбнай Беларусі ніколі не будзе выкарыстана для агрэсіўных дзеянняў супраць Украіны, а ўкраінска-беларуская граніца ніколі не стане граніцай вайны.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.