Директор центра банковских услуг Ветки Жанна Лаптеева рассказала о судьбе отделения «Беларусбанка» агрогородка Столбун

c12he5_2_trueНа адной з сустрэч насельніцтва з прадстаўнікамі ўлады паўстала пытанне: ходзяць упартыя чуткі, што на «паўночнай зоне» раёна неўзабаве мусіць закрыцца апошняе на акалотак аддзяленне «Беларусбанка». Ці так гэта і як адаб’ецца магчымае закрыццё на абслугоўванні сялян, мы высветлілі ў дырэктара цэнтра банкаўскіх паслуг Веткі Жанны Лапцеевай.

У Стаўбуне аддзяленне функцыянуе паводле штатнага раскладу на 0,5 стаўкі. Але і пры гэтым нагрузка на яго значна ніжэй планавай як і адпаведна нагрузка на работніка: наведванне нізкае, у асноўным камунальныя плацяжы ды грошы «на тэлефон» нясуць. Аб’ёмы аперацый вельмі нязначныя. Але банку, каб заставацца рэнтабельным, неабходны таксама і аперацыі па ўкладам, адкрыццё і папаўненне дэпазітаў у беларускіх рублях і замежнай валюце, валютна-абменныя аперацыі, аперацыі з аблігацыямі, страхаванне, крэдытаванне насельніцтва і іншая банкаўская фінансавая дзейнасць.

Не карыстаецца Ў Стаўбуне папулярнасцю і продаж латэрэйных білетаў, каштоўных металаў, памятных манет. Няма тут міжнародных банкаўскіх аперацый і пераводаў унутры краіны. Гэта значыць, затраты на камунальнае ды іншае абслугоўванне перавышаюць рысу, за якой мэтазгоднасць існавання самаго аддзялення. Пры цяперашніх эканамічных варунках справу, якая не выходзіць нават «у нуль», а прыносіць толькі выдаткі, ніхто трымаць не будзе. «Беларусбанк» як арганізацыя сур’ёзная разважае гэтак жа.

Лагічна, але для мясцовых жыхароў здаецца ўсё роўна няправільным: «Як жа мы без банка?..» Тут для тых, хто хвалюецца, што не будзе дзе зрабіць у выпадку неабходнасці банкаўскія аперацыі, ёсць добрая навіна. Дырэктар паведаміла, што з РУП «Белпошта» ў банка заключана дамова, паводле якой розныя аперацыі па ўкладах можна рабіць на паштовым аддзяленні. У прыватнасці, прыём на спецыяльныя ўклады «Паштовыя». Усе камунальныя плацяжы на пошце таксама прымаюцца без камісіі. Для пенсіянераў наогул не павінна быць ніякай нязручнасці: тут атрымалі пенсію, тут і заплацілі «за газ» і «за свет».

Пытанне закрыцця аддзялення яшчэ не вырашана канчаткова. Для лепшага разумення грамадзянамі сітуацыі работнікамі банка пратлумачылі, што нерэнтабельнасць аб’екта абумоўлена значнымі расходамі на набыццё і дастаўку грашовай наяўнасці і каштоўнасцяў, абслугоўванне сістэм відэаназірання, ахоўнай і пажарнай сігналізацыі, транспартныя расходы і іншыя, звязаныя з аддаленасцю аддзялення ад галаўнога. Ну і ўжо згаданыя расходы па арэндзе, атапленню, электразабеспячэнню.

На шалі вагаў «за закрыццё» кладецца і адсутнасць кандыдатуры спецыяліста адпаведнага кваліфікацыйным патрабаванням з ліку мясцовых жыхароў. Зараз спецыяліста прыходзіцца прывозіць з Веткі транспартам ЦБП раз на тыдзень, у панядзелак, рэжым работы з 8.00 да 18.15. Гэта таксама кладзецца фінансавым цяжарам, які не акупаецца. Прыязжаць на аўтобусе на «паўночную зону» раёна спецыяліст не можа, бо яны ідуць ці занадта рана, ці занадта позна, а вярнуцца і зусім няма магчымасці. Перарабіць графік з гэтай нагоды філіял не мае права: тыпавы графік работы зацверджаны галаўным офісам і не мяняецца па жаданні работнікаў ці кліентаў.

Контраргумент мясцовых жыхароў: «дык пастаўце нам банкамат і інфакіёск» таксама разбіваецца аб прычыны аб’ектыўныя адсутнасць умоваў бяспечнага функцыянавання гэтага абсталявання. Ды і фінансавыя ўкладанні зноў перавысяць магчымыя выгады: наяўна-грашовы абарот у гэтым рэгіёне нязначны.

У Стаўбуне ўсе гандлёвыя аб’екты абсталяваны тэрмінальным абсталяваннем, што павінна, на думку кіраўніцтва банка, кампенсаваць нязручнасці, звязаныя з магчымым закрыццём банка. «А заработная плата?» — пытаюцца жыхары гэтага кутка. «Беларусбанк» раіць у якасці выйсця спосаб атрымання заробку па ведамасці ў бухгалтэрыі арганізацыі, як у нядаўнія часы. Зразумела, работадаўцам такі варыянт не падабаецца: ім будзе дадатковы клопат, трэба некаму будзе вазіць гэтыя грошы, камусьці выдаваць, што і напружна, і адказна. Каму яно трэба, як кажуць…

Раіць афіцыйны банкаўскі адказ звяртацца ў райцэнтр. Так, у тую самую Ветку, да якой і ехаць далёка, і транспарт ходзіць не часта ў сувязі з той жа нізкай рэнтабельнасцю. Але транспарт скараціць яшчэ больш транспартнікі-перавозчыкі не могуць па прычыне захавання сацыяльнага стандарту. Камерцыйныя ж банкі не падпадаюць пад гэты стандарт. У якасці альтэрнатывы Жанна Лапцеева прапануе звярнуць сваю увагу на гэты куток раёна «Белаграпрамбанку»: тут падпрыемствы ў асноўным сельскагаспадарчыя, як раз іх кліенты. Таму чаму б «аграпрамаўцам» не адкрыць тут аддзяленне?

Што параіць стаўбунцам і жыхарам бліжэйшых населеных пунктаў? Мяняць стэрэатыпы. Нягледзячы на ўзрост і звычкі, трэба прымаць той факт, што нешта незваротна мяняецца. Спецыялісты банка настойліва раяць авалодваць інтэрнэт-банкінгам, нават па магчымасці спрыяюць гэтаму. Мала кватэр і хат, дзе б не было Інтэрнэта. Няма ў аднаго, дык ёсць у другога суседа. Ды і пошта аказвае амаль усе паслугі. Ну толькі з заробкамі, якія апошнімі гадамі пералічваліся на пластыкавыя карткі, незразумела што рабіць. Тут, што называецца, пытанне застаецца адкрытым і чакае рашэнняў.

А пытанне з закрыццём стаўбунскага аддзялення яшчэ не вырашана на сто працэнтаў. А раптам заўтра-паслязаўтра насельніцтва праявіць асабліва высокую актыўнасць, плацёжаздольнасць, жаданне адкрываць і папаўняць уклады, і аддзяленне стане рэнтабельным…

Арыя ГАТАЛЬСКАЯ.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.