Организацией торговли теперь занимается новое предприятие «ВеткаТорг»
Жыхары Веткаўскага раёна не маглі не заўважыць: напаўненне паліц мясцовых магазінаў, сельмагаў і універсамаў апошнім часам змянілася, і да лепшага. Пашырыўся асартымент малочных, каўбасных і бакалейных вырабаў, цэннікі часцей пачалі радаваць зніжкамі. Звязана гэта не ў апошнюю чаргу з рэарганізацыяй гандлёвых структур. АСП “Веткаўскае” перадала частку сваіх паўнамоцтваў новастворанаму прадпрыемству “Ветка-торг”. АСП па-ранейшаму будзе займацца нарыхтоўчымі закупкамі ў насельніцтва, грамадскім харчаваннем і вытворчасцю. А гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства — толькі гандлем. Размежаванне паўнамоцтваў павінна зрабіць работу абодвух прадпрыемстваў больш эфектыўнай.
Такое пераразмеркаванне функцый не было простай фармальнасцю. Стварэнне 19 кастрычніка бягучага года новай структуры прадыктавана тым, што ў універсальнай базы, вышэйстаячай структуры АСП “Веткаўскае”, не вырашаліся праблемы з напаўненнем магазінаў таварамі. З-за даўгоў і невырашаных пытанняў з пастаўшчыкамі склады былі пустыя. Але пакупніка не павінны датычыцца складанасці гандлю: у малым населеным пункце, асабліва, дзе магазін адзіны, тавар проста павінен быць. Дырэктар гандлёвага прадпрыемства “Ветка-торг” Галіна Басай падкрэсліла гэта: “Стварэнне прадпрыемства прадыктавана неабходнасцю насычэння рынку запатрабаванымі канкурэнтнымі таварамі. Гомельская ўніверсальная база не магла забяспечыць належны ўзровень.”
Зараз у склад прадпрыемства увайшло ўжо 12 гандлёвых аб’ектаў: 2 магазіны ў Гомелі, 3 ў Ветцы і 7 на “паўднёвай зоне” раёна.
— Магазіны “паўночнай зоны” таксама ўвойдуць у нашу структуру, але паступова. Мы прыймаем іх па асобку, і да першага сакавіка наступнага года ўсе гарадскія і сельскія крамы раёна далучацца да “Ветка-торг”, падначаленага гомельскаму аблспажыўсаюзу, — распавядае Галіна Пятроўна. Да тых пор астатнія магазіны абслугоўваюцца АСП “Веткаўскае”, якое падпарадкавана ўніверсальнай базе. Неўзабаве яно перадасць нам гандлёвыя функцыі, пакінуўшы сабе выключна прапрацоўку, нарыхтоўку, вытворчасць паўфабрыкатаў, сістэму грамадскага харчавання.
Прэтэнзіі сельскіх пакупнікоў дагэтуль застаюцца не цалкам задаволеныя там, дзе тавары пастаўляе ўніверсальная база. Напрыклад, у Неглюбцы няма тытунёвых вырабаў, былі перабоі з цукрам, алеем, гаспадарчымі таварамі кшталту дробных цвікоў. На цяперашні момант праблему спрабуюць вырашаць: бакалею падвезлі. Але цыгарэт мясцовыя курцы так і не дачакаліся. Выручаецца населены пункт наяўнасцю аўтагандлю і нядзельных базараў. Але што рабіць вёскам, дзе няма такой выгоды? Хіба крыху пацярпець у надзеі на лепшае абслугоўванне ў новага пастаўшчыка.
У “Ветка-торг” больш шырокія магчымасці ў заключэнні дамоўленнасцяў на пастаўкі тавараў. Як паведаміла дырэктар прадпрыемства, закупкі тавару ў іх менш зацыкленыя на мясцовых вытворцах, чым у мінулым, калі магазіны былі ў АСП.
— Заключаем дамовы з усёй рэспублікай. Па лепшых прапановах выбіраем каўбасныя, малочныя, кандытарскія вырабы, самастойна робім закупкі. Напрыклад, сярод прапаноў на сыры лепшыя ўмовы былі ў “Бярозкі” Гродзенскай вобласці. І паколькі мы выконваем абавязацельствы перад пастаўшчыкамі, маем магчымасць пашырэння акцыйных тавараў. Пераглядаем гандлёвыя надбаўкі ў бок зніжэння: канкурэнцыя ад прыватнікаў і сецевых супермаркетаў прымушае варушыцца. Пастаўшчыкі ідуць насустрач, прапануючы шэраг зніжак, каб і мы маглі прапанаваць тавар пакупніку з мінімальнай таварнай надбаўкай.
Напрыклад, зараз мы прапануем самую нізкую па гораду цану на мандарыны. Што мы не проста дзеля бачнасці толькі перакрэсліваем на цэнніку “старую” цану і ставім новую, нібы зніжаную, даказвае рост гандлёвага абароту: з 2 тысяч у дзень ён вырас да 3,5. Гэта значыць, што мы сапраўды прывабілі пакупніка рэальнай зніжкай. Прычым не толькі ў горадзе, але і ўва ўсіх магазінах “паўднёвай зоны” раёна.
Цяпер да нас “на разведку” ходзяць і буйны мясцовы прыватнік, і прадстаўнікі гандлёвай сеткі: як нядаўна мы ў іх “падглядалі” цэны, каб нешта пусціць танней, так цяпер яны арыентуюцца, прыкідваюць: зніжкай на які тавар паклікаць пакупніка да сябе.
Так, спажывец цяпер галасуе нагамі. Але як быць тым, у каго няма выбару, дзе ў населеным пункце толькі адзін магазін або і таго няма?
— На сёння мы маем адзін аўтамагазін, які абслугоўвае поўдзень раёна. Аўталаўка прыязджае па зацверджаным графіку ў Чыстыя Лужы, Тарасаўку, Юркавічы, Боркі, Пабеду, Станкі. Прычым круглагадова, не меней 2 разоў на тыдзень у кожны з населеных пунктаў. Справа гэта не прыносіць прадпрыемству прыбытку, але мы мусім несці і сацыяльныя функцыі: такія вёскі ў асноўным населеныя пенсіянерамі, якія не маюць ні іншай магчымасці закупіцца, ні асабістага транспарту, каб з’ездзіць у буйнейшае селішча.
Калі да нас перайдзе “паўночны” бок раёна, далучыцца клопат яшчэ 30 населеных пунктах. Іх і зараз абслугоўваюць 2 аўталаўкі. На выяздным гандлі асаблівае месца займае сістэма папярэдніх заказаў. Што прывезці ў наступны раз — байкавы халат ці веласіпед — запісваецца ў адмысловай кнізе. Штодзённыя ж пакупкі пенсіянераў складаюцца на 70% з малочных і хлебабулачных вырабаў. Летам вырастае значэнне будаўнічай групы тавараў, напрыклад, цэмент замаўляюць часцей за ўсё.
Каб быць канкурэнтназдольнымі напярэдадні навагодніх святаў, “веткаторгаўцы” прадумалі шэраг мерапрыемстваў, якія абяцаюць і гандлю прыбыткі, і спажыўцам эканомію. Акцыя “Навагодні стол” мае наўвазе прапанаваць заманлівыя цэны на два віды свежамарожанай рыбы, рыбу далікатэсную, гарошак, кукурузу, лікёра-гарэлачныя вырабы, вараныя і вэнджаныя каўбасныя вырабы, мяса птушкі, два віды садавіны, два гатункі сыру.
Непасрэдна пераднавагоднія акцыі пачаліся толькі 22 снежня, але і дагэтуль магазіны прадпрыемства былі здольныя пацягацца з бойкімі “сецевікамі”. (Да ведама: у большасці гэта прадстаўнікі знешняга фінансавання, не мясцовыя і нават не беларускія.) Веткаўскае ж прадпрыемства наладзіла неблагія пастаўкі рыбы і ўжо зараз дае мінтай па 3.92 і кільку па 2.65, мае добрыя віды на зніжкі на цвёрдыя сыры да 8 рублёў за кілаграм.
Пашырэнне асартыменту адбылося і ў сектары малака, кефіру, тварагу. Калінкавічы, Мазыр, Гомель і Рагачоў пасунуліся на малочных паліцах, даўшы месца таксама і прадукцыі “Савушкін-прадукт” з Брэсцкай вобласці, “Здравушка” з Мінскай, “Беллакт” з Гродзенскай і іншым. Як кажа дырэктар прадпрыемства, гэта адказ на пакупніцкі попыт, на розныя густы і кашалькі. Камусьці падавай патлусцей, а камусьці аднапрацэнтнай тлустасці досыць.
Да слова, ні аднаго магазіна прадпрыемства (у мінулым магазінаў АСП) не закрылася і не плануецца. Мясцовы гандаль застаецца тым, што раней называлі дзяржаўным гандлем: выконвае сацыяльны стандарт у забеспячэнні насельніцтва таварамі першай неабходнасці нават тады, калі гэта і не дужа выгадна самаму прадпрыемству. Таму назва “Родны кут” для пакупніка мусіць мець асаблівы сэнс: як ні цяжка прадпрыемству (а гэты год даўся гандлю няпроста), а яно стараецца не толькі дастойна выжыць, але і арыентуецца на рэаліі падзення пакупніцкай здольнасці мясцовага жыхара. Набываючы тавар тут, можна яшчэ прыгадаць, што выручка пойдзе на развіццё мясцовай інфраструктуры, падаткі, у мясцовы бюджэт. А што? Тут не толькі патрыятычны пафас, але і своеасаблівае самафінансаванне: заезжы камерсант звязе выручку на сваю радзіму, а грошы, патрачаныя дома паўплываюць на развіццё роднага раёна.
У нейкай ступені новае прадпрыемства яшчэ толькі абяцае выканаць тыя авансы чаканняў, што на яго ўскладаюцца. Але нешта заўважна і цяпер. Напрыклад, выкладка тавару, акцыйныя цэннікі, увага да попыту, водгук на чаканні пакупніка “ўключыліся” ў цэнтральным універсаме Веткі “Родны кут”, які апошнім часам пачынаў было выпадаць з канкурэнтнага поля. Якой будзе работа прадпрыемства ў далейшым — пабачым, але ўсяго два месяцы разгортвання яго работы выглядаюць шматабяцальна.
Арыя ГАТАЛЬСКАЯ.