Ветковчане получили диплом в международном конкурсе «Искусство воспитания»

SONY DSC
SONY DSC

«Мастацтва выхавання» — пад такой назвай нядаўна ў Маскве адбыўся Міжнародны конкурс аўтарскіх метадычных распрацовак у галіне дашкольнай педагогікі. Конкурс праводзіўся ў межах VI Усерасійскага фестывалю навукі, ХI фестывалю навукі ў Маскве. Алена Васільеўна Пічуха, намесніца загадчыцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г. Веткі, Ларыса Дзмітрыеўна Раманава, вядучы навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава, прыняўшы ўдзел у конкурсе, атрымалі высокую адзнаку сваёй працы — дыплом ІІ-й ступені.

— Якія ўражанні засталіся аб удзеле ў міжнародным конкурсе? Хто ў ім удзельнічаў? — з такімі пытаннямі мы звярнуліся да Алены Васільеўны.

SONY DSC
SONY DSC

— Вядома, пасылаючы канспект занятка «Птушкі — нашы сябры. Вітаем птушак!”, які да таго быў праведзены ў нашым цэнтры, мы спачатку і не думалі, што трапім у лік 228 удзельнікаў конкурсу. Пасля таго, як мы атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў, я сказала: “А што, Ларыса Дзмітрыеўна, можа, мы яшчэ і ў фінал трапім, і ў Маскву з’ездзім?” Неверагодна: так яно і адбылося! Мы трапілі ў фінал. Трэба верыць у сваю перамогу і часцей казаць услых пра свае мары. Здараецца: мары збываюцца. Мы ўвайшлі ў лік 86 фіналістаў, з гэтай нагоды на дзень наведалі сталіцу суседняй краіны. Дарэчы, інфармацыю пра  гэты конкурс можна адшукаць на сайце “Наша Буся”.

2016-10-07_18_21_57Перамога ў фінале конкурса — вынік сумеснай працы Веткаўскага музея і дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці.

Педагогі нашага дашкольнага цэнтра працуюць па інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі арганізацыі працэса патрыятычнага выхавання ва ўстановах дашкольнай адукацыі”. Арганізацыя працы па патрыятычным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту распрацавана кансультантам інавацыйнага праекта кандыдатам педагагічных навук, дацэнтам Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка (г. Мінск) Л.М. Варанецкай.

Сацыяльна-культурныя аб’екты нашага горада ажыццяўляюць дзейнасць па далучэнні дзяцей да беларускай культуры і народных традыцый. Дзякуючы супрацоўніцтву з Ларысай Дзмітрыеўнай Раманавай дзеці дашкольнага цэнтра маюць магчымасць пазнаёміцца з абрадамі Веткаўшчыны, даведацца пра традыцыйныя рамёствы раёна, пра гісторыю Веткі.

У конкурсу надзвычай цікава было ўбачыць відэапрэзентацыі нашых калег — выхавацеляў, загадчыкаў дзіцячых садоў, якія прыехалі з Рэспублікі Казахстан (г. Астана, Талдыкорган), Расійскай Федэрацыі (г. Санкт-Пецярбург, Рэутаў, Балашыха), з Рэспублікі Саха (Якуція). Найбольшая колькасць фіналістаў, якія змаглі прысутнічаць у правядзенні фіналу — гэты выхавацелі, загадчыкі дзіцячых дзіцячых садоў Масквы. Рэспубліку Беларусь на конкурсе прадстаўлялі шэсць чалавек. Было вельмі прыемна, што дыплом пераможцы атрымала беларуска, Наталля Віктараўна Пралыгіна (Мінск), аўтар многіх метадычных распрацовак якая выступала ў беларускім народным сцэнічным строі. Удзельнікам конкурсу спадабаўся верш, які яна прачытала на беларускай мове. Мінск прадстаўлялі таксама Ліліяна Генадзьеўна Стрэльская — загадчыца ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці №26 г. Мінска”, Анжэліка Станіславаўна Чамко — намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці (працуе ў гэтай жа ўстанове). Прадстаўнікі Беларусі атрымалі дыпломы І, ІІ, ІІІ ступеняў. Калегі з Казахстана, Расіі ў прыватных размовах казалі пра тое, што выхавацелі беларускіх дзіцячых дашкольных устаноў працуюць на высокім прафесійным узроўні, адзначалі, што беларускія дашкольныя дзіцячыя ўстановы маюць добрае матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне.

— Ларыса Дзмітрыеўна, якім чынам ваша праца ў музеі звязана з удзелам у конкурсе “Мастацтва выхавання”?

— Больш за дваццаць пяць гадоў у Веткаўскім музеі адбываюцца музейна-педагагічныя заняткі Школы старажытнай і сучаснай народнай культуры “Аз, букі, ведзі — глаголь дабро!” па матэрыялах мясцовых традыцый. У 1999 годзе ў Гомелі была выдадзена Праграма заняткаў Школы, у якую ўключана 36 тэм. Там жа надрукаваны і некаторыя канспекты нашых заняткаў. Гэтая “метадычка” даўней мела вялікі попыт у педагогаў, выхавацеляў. Бяру яе ў рукі і зараз, згадваючы мінулае… Супрацоўнікі музея на працягу многіх гадоў праводзяць музейна-педагагічныя заняткі для дзяцей рознага ўзросту. Самая першая тэма для выхаванцаў дашкольных устаноў — “Што такое музей?”. На гэтым тыдні супрацоўнікі музея праводзяць заняткі для вучняў школы №1 г. Веткі імя А.А. Грамыкі.

Падчас правядзення заняткаў “выхоўваюць” і выкарыстоўваюцца не толькі экспазіцыі музея, але ж і тыя экспанаты, якія захоўваюцца ў фондах. Гэта ўнікальныя кнігі, іконы, ручнікі, карціны мастакоў, чыё жыццё звязана з Гомельшчынай, многія іншыя рэчы, якія расказваюць пра жыццё, светапогляд людзей, якія жылі да нас у гэтай мясцовасці. Так, у музеі сабрана адна з найбольшых па колькасці адзінак (у параўнанні з іншымі музеямі Беларусі) калекцыя народнага ткацтва. У ёй налічваецца каля 1300 тканых і вышытых ручнікоў. Па гэтай прычыне даволі многія заняткі з дзецьмі прысвечаны знаёмству з народным ткацтвам. У выніку экспедыцыйных паездак па Веткаўскім і суседніх раёнах у музеі сабраны багаты матэрыял па традыцыйнай духоўнай і матэрыяльнай культуры. Сёння налічваецца 157 сшыткаў з палявымі запісамі, якія рабілі навуковыя супрацоўнікі музея на працягу многіх гадоў.

Правядзенне заняткаў для дзяцей — наладжванне своеасаблівага моста паміж мінулым і будучым, адзін са спосабаў падоўжыць існаванне народных традыцый. У аснову заняткаў Школы “Аз, букі, ведзі — глаголь дабро!” пакладзена арыгінальная методыка, распрацаваная дырэктарам музея, Галінай Рыгораўнай Нячаевай. Галоўная асаблівасць методыкі — культуралагічны падыход да засваення духоўнай і матэрыяльнай спадчыны ў асобным, канкрэтным кантэксце традыцыйнай культуры.

Сёння людзі ў большасці губляюць глыбінную сувязь з зямлёй, перастаюць успрымаць яе як жывую сутнасць. Не дзіва пачуць выказванні ад вяскоўцаў, людзей старэйшага ўзросту, пра тое, што “зямля цяпер захаладзела”, “мы цяпер — як мёртвыя пчолы”… Здаўна нашы продкі ўмелі працаваць на зямлі, любілі і абаранялі яе, нездарма на многіх ручніках — сімвалы ўзаранай, квітнеючай зямлі, сімвалы ўраджаю. Можна і каласы ўбачыць на вышытым ручніку.

Ёсць прыгожая легенда пра тое, што ўсе мы зараз жывём на кацінай і сабаччай долі: маўляў, пакінуў Бог адзіны каласок на жытняй сцяблінцы для нявінных катоў і сабак, але ж не для людзей. Усе іншыя каласкі, якія раслі на высокай сцяблінцы да пэўнага часу (хлеб, які спажывалі людзі, і аднойчы перасталі яго цаніць), Бог сарваў сваёй рукой у знак пакарання. Гэтая легенда вядома на Украіне, Беларусі, у Расіі. Памятаюць яе і на Веткаўшчыне Калі прашу дзяцей, згадваючы гэту легенду, з букетам каласоў у руках, паказаць, дзе які колас, дзеці могуць назваць і паказаць хіба толькі жытні.

Веткаўчанка N. неяк расказвала пра тое, як гады тры-чатыры таму яна з маленькім унукам непадалёк ад Веткі падыйшла да кукурузнага поля. Унук пытае: “Бабуля, мы з табой на другой планеце?” Перад імі раскінулася незвычайнага выгляду кукурузнае поле: сцябліны кукурузы ад каранёў да верхавін былі “адпрасаваныя” коламі трактара — ляжалі шчыльна прымятымі да зямлі. Сапраўды, ці не фантастычны незямны пейзаж? Ёсць сведкі, якія бачылі “адпрасаванае” трактарам поле з пачарнелым сланечнікам на тэрыторыі Веткаўшчыны.

З чаго пачынаецца Радзіма?.. Не думаю, што з хлусні і абыякавасці. Хутчэй — з ведаў, з пачуццяў… Ты вырастаеш і “узрастаеш” на гэтай зямлі, нібы тое ж самае дрэва ці колас, кладзешся ў яе вечныя абдымкі ў канцы грэшнага зямнога шляху.

Нямногія з дарослых, не тое што дзеці, ведаюць пра існаванне такой зерневай азімай культуры, як трыцікале (амфізіплоід жыта і пшаніцы). Дарэчы, па колькасці засеянай зямлі ў гэтым годзе трыцікале займае другое месца.

У аснове плана занятка “Птушкі — нашы сябры. Вітаем птушак!» — пазнаваўчы пачатак: дзеці самі расказваюць пра мясцовых птушак, пра традыцыйныя ўяўленні, звязаныя з імі. Калі чалавек штодзень бачыць перад сабой, трымае ў душы красу і прыгажосць свайго краію, у тым ліку — імёны сваіх сяброў і родных людзей, вобразы мясцовых краявідаў, назвы асобных мясцін — ён моцны, нягледзячы ні на што. Нават і тады, калі аблічча гэтых мясцін непазнавальна змяняецца… Таму і ткалі на слуцкіх паясах “Заміж персідскага ўзору — цвяток радзімы васілька” (Максім Багдановіч), а ўзорамі неглюбкіх тканых ручнікоў былі і ёсць “лотаціны сушчэленыя”, “яблачкі”, “лісце кучаравае”, “хрэшчыкі”, “зоркі”, а таксама — 216 назваў узораў, зафіксаваныя ў кнізе “Арнаменты Падняпроўя” (акрамя незафіксаваных).

Любоў да зямлі, праца на ёй трымае чалавека ў гэтым свеце.

Надарыў Бог нашую зямлю незвычайнай прыгажосцю — у гэтым і яшчэ ў некаторых важных рэчах спрабую пераканаць многіх, хто завітвае ў музей на экскурсіі, на музейна-педагагічныя заняткі. Але ці вартыя мы таго — калі дазваляем сваёй душы (цяжка сказаць, як часта) зарастаць імхом ды плесенню?..

Алеся ГРЫНЬКОВА.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.