Дзіва-машына і яе аператар


Веткаўскі спецлясгас імкнецца працаваць сінхронна прагрэсу. Таму набыццё ў лізінг шматаперацыйнай машыны — харвестара “Амкадор-2541” — было лагічным працягам агульнай тэндэнцыі да мадэрнізацыі вытворчасці. Аднак набыць тэхніку — толькі частка справы: працаваць на гэтай тэхніцы можа далёка не кожны. Бартавы камп’ютар і джойсцікавы прынцып кіравання работай харвестара кардынальна адрозніваюцца ад звычайнага начыння прамысловай тэхнікі папярэдніх пакаленняў. Падрыхтоўка тут патрэбна грунтоўная. Аператар харвестара, а спачатку проста вадзіцель, Іван Бельскі не пабаяўся складанасцяў і пайшоў на перападрыхтоўку. І, варта адзначыць, зрабіў правільную стаўку на будучыню: цяпер ён спецыяліст, якіх у нашай краіне адзінкі. І не толькі ў нашай. Такія спецыялісты вядомы ў сваіх галінах дзейнасці паіменна.
Харвестар выконвае ўсе аперацыі па нарыхтоўцы лесу, патрэбны толькі тэхналагічныя калідоры-прасекі, па якіх будзе рухацца агрэгат. Ён здольны працаваць і ў начную змену. Аснашчаны моцнымі пражэктарамі на даху, у цемры харвестар здольны стварыць уражанне пасадкі лятаючай талеркі. Ды і чмыханне гэтай машыны мала нагадвае звычайныя гукі лесанарыхтоўкі. Аператар Іван Бельскі, як капітан касмічнага карабля, бараздзіць не прасторы сусвету, а абшары касмічна ціхіх лясоў Веткаўшчыны. Таму не варта палохацца сляпучага святла, што прабіваецца праз засень дрэў: хутчэй за ўсё, гэта працуе харвестар Веткаўскага спецлясгаса.
Арыя ГАТАЛЬСКАЯ.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.