Камера — надзейны сведка

zavgorodnii_videavoka
Прафілактыка — вялікая справа не толькі для медыцыны. Сацыяльныя хваробы таксама падлягаюць прафілактычнаму лячэнню. Напрыклад, правапарушэнні можна прадухіліць шляхам папераджальнай работы, стварэння неспрыяльнай атмасферы для хуліганства і злачынстваў. Вопыт вялікіх гарадоў паказвае, што выдатным сродкам у гэтай рабоце можа быць відэаназіранне. Так мегаполісы значна зменшылі колькасць дробных злачынстваў, кшталту крадзяжоў і хуліганства. Немалая дапамога “бяссоннага вока” відэакамеры і ў справе апазнання злачынцаў, яно ж з’яўляецца самым надзейным сведкам любога здарэння.
Веткаўскі РАУС надае прафілактыцы правапарушэнняў немалое значэнне. І ў гэтым амаль год ім дапамагае відэаназіранне. На тэрыторыі горада ў месцах, якія найбольш наведваюць веткаўчане, пры супрацоўніцтве з КЖУП “Веткаўскае” былі ўстаноўлены камеры. За кошт таго, што абсталяванне набылі адносна недарагое, з’явілася магчымасць устанавіць больш адзінак. Колькі канкрэтна? Гэта не сакрэт. Як не сакрэт і месцы іх распалажэння. Але як слушна адзначыў загадчык аддзела прафілактыкі правапарушэнняў Аляксандр Пасячнюк, няхай для правапарушальнікаў застаецца інтрыга: з якога месца яшчэ сочыць “вялікі брат”.
А кропак, з якіх ідзе відэазапіс, не так і мала. Гэта ўсё месцы людныя: аўтастанцыя, парк, раён Краснай плошчы. Разлік просты: тут і адбываецца большасць правапарушэнняў. І калі ўжо не стрымлівае кагосьці факт здымкі яго на відыаносьбіт, то запіс можа спатрэбіцца потым як уліка.
І першыя прыклады ўжо ёсць. Распавядае намеснік начальніка Веткаўскага РАУС Вячаслаў Заўгародны:
— Пакуль такіх прыкладаў няшмат, паколькі для стварэння статыстыкі патрэбен больш працяглы час. Але можна казаць аб яркім выпадку, калі запіс з відэа-камеры дапамог пераканаўча даказаць неабгрунтаванасць абвінавачанняў адной асобы іншай. Заведамую няпраўду выкрылі на падставе заяваў грамадзяніна, які сцвярджаў аб тым, што нібы адбывалася ў пэўны прамежак часу ва ўказаным месцы. Пра назіранне камеры заяўнік не ведаў. Пры вывучэнні запісу факты, на якіх настойваў гэты чалавек, не пацвердзіліся. Гэта дазволіла зняць абвінавачванне з таго, на каго быў узведзены паклёп.
— Калі відэаназіранне дае выразны станоўчы рэзультат, то чаму б не ўкараняць яго шырэй?
— Так. Напрыклад, на тэрыторыі супермаркета “Еўраопт” можна казаць пра неаднаразовыя станоўчыя вынікі. Канечне, гэты метад актуальны для вялікіх гарадоў, дзе статыстыка атрымліваецца больш паказальнай, паколькі і людзей, і здарэнняў адпаведна больш. У нас няма ні дзікіх футбольных фанатаў, ні перакананых аматараў вулічнага хуліганства, як у мегаполісах. Што і казаць: Ветка і раён — адны з самых добрых у сэнсе невялікай колькасці правапарушэнняў і злачынстваў: не болей за 8-9 за месяц. І гэта па ўсім рэгіёне.
— Ці можна казаць, што мае месца псіхалагічны момант?
— Безумоўна. Часта спыняе сама наяўнасць відэакамеры, дапамагае астыць і яшчэ раз падумаць пра свой незаконны намер. Праўда, самых “перакананых” хуліганаў не спыняе часам і веданне факту відэафіксацыі. Іншыя проста адыдуць з поля зроку аб’ектыву і ўсё роўна ўчыняць бойкі-разборкі. Ці наогул не зважаюць на камеру, бо пэўны градус падпіцця не дазваляе аналітычна ставіцца да сітуацыі і ацаніць, у што можа выліцца зафіксаваная інфармацыя. А сведчанне відэакамеры будзе надзейней за некалькіх сведкаў, паколькі яно бясстраснае і неперадузятае.
— Дзе яшчэ “відэавока” можа паказаць добрыя рэзультаты?
— Напрыклад, у прыватным сектары. Прыватны дом з вялікім прысядзібным участкам мала абсталяваць камерай. Можна не сумнявацца, што калі на ся-дзібу здзяйсняліся злачынныя замахі, то з упэўненасцю ў 80% можна чакаць, што яны не перапыняцца, калі злачынцы не ведаюць пра факт назірання. Калі ж пра гэта сведчыць папераджальная таблічка, то замахаў такіх, можна сцвярджаць упэўнена, практычна не будзе. Хіба толькі самы дурны і саманадзейны злачынца разлічвае, улезшы на тэрыторыю сачэння, сапсаваць, паламаць камеру. Сапраўды недальна-відна: відэазапіс захоўваецца ў зачыненым памяшканні на накапляльніку інфармацыі, а не ў самой камеры. І кадраў, зробленых тады, калі адчайны злачынца ламаў камеру, будзе больш чым дастаткова для апазнання.
Пашырэнне сфер назірання адбываецца і за кошт прадпрыемстваў гандлю. Дзяржаўныя аб’екты абсталёўваюцца відэатэхнікай, тое ж патрабуецца і ад прыватнікаў. З апошніх новаўвядзенняў: гандлёвы аб’ект не дапускаецца да ўводу, пакуль ён не будзе абсталяваны камерамі. Як можна не разумець: рана ці позна на практычна кожным аб’екце гандлю адбываецца нейкае здарэнне. Што, як не магазін ці кафэ, вабіць злачынцу сваімі таварамі і дзённай выручкай. Таму лагічна паклапаціцца аб прафілактыцы інцыдэнтаў зараней. Ну а калі ўжо нешта здарыцца, то пакараць вінаватага будзе прасцей.
— Ці плануецца яшчэ ўстаноўка камер?
— Канечне. У людных і традыцыйна праблемных месцах плануецца ў будучым устанавіць новыя кропкі назірання. Прывядзенне да культурнага знамянальніка прыходзіцца пакуль праводзіць праз карныя меры.
Самі грамадзяне таксама ацанілі ўжо дзейснасць відэаназірання. Відэарэгістратары прыватных аўто становяцца неабвержнымі сведкамі як непрыемных дарожных здарэнняў, крадзяжоў з аўтамабіляў, так і такіх унікальных з’яў, як падзенне метэарыта.
Трэба адзначыць, што на змяншэнне злачыннасці здольныя ўздзейнічаць нават непрацуючыя камеры і іх муляжы. Злачынны намер будзе, хутчэй за ўсё, адхілены, або злодзей пашукае менш рызыкоўнае месца, каб не спакушаць свой лёс “рамантыка з вялікай дарогі”.
Яшчэ раз хочацца падкрэсліць неабходнасць відэа-назірання ў месцах піцейных, дзе рызыка неадэкватных дзеянняў узрастае ў разы. І адзначыць, што ўсе гэтыя камеры назірання ўсталяваныя ў найбольшай меры не для таго, каб кагосьці выкрыць, абвінаваціць, а для таго, каб не было прычын для адміністратыўных і крымінальных спраў. Самая сутнасць прафілактыкі — прадухіленне, папярэджанне і нераспаўсюджванне крымінальнай свядомасці. І за грамадскім відэаназіраннем тут вялікія абсягі.
Арыя ГАТАЛЬСКАЯ.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.