Стараабрадніцкія абразы, велікодны неглюбскі рушнік…

У межах Велікоднага фестывалю, які праходзіць у Гомелі з 25 красавіка па 24 мая, Веткаўскім музеем стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава быў ініцыіраваны шэраг лекцый, прысвечаных святкаванню Вялікадня на Веткаўшчыне. Супрацоўнікі музея наведалі школы ў Старым Сяле, Хальчы, гімназію г. Веткі, а таксама сярэднюю школу №1 імя Грамыка А.А. 2 мая лекцыя пад назвай “Вялікдзень на Веткаўшчыне” адбылася і ў Веткаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы.


Сустрэча пачалася з праслухоўвання аўдыёзапісу інтэрпрэтаванай Рыгорам Барадуліным малітвы “Ойча наш” у выкананні аўтара, а таксама аўдыёзапісу верша пісьменніка, пакладзенага на музыку, у выкананні Алеся Камоцкага. Лірычную хвалю прадоўжыла Ларыса Раманава, якая ўзгадала абрады і звычаі, звязаныя з чыстым чацвяргом, а таксама са святкаваннем Вялікадня. Асноўны акцэнт даследчыца зрабіла на неглюбскай традыцыі, скіраваўшы ўвагу і на “ўбор” дзяжы, і на неглюбскі строй. Не быў абмінуты і велікодны неглюбскі рушнік, які быў прадэманстраваны на выставе.


Завяршыла выступленне Ларыса Дзмітрыеўна слайд-прэзентацыяй, дзе былі адлюстраваны выявы стараабрадніцкіх абразоў. Каментар спецыяліста і глыбокага знаўцы старажытнай культуры крыху наблізіў слухачоў да разумення хрысціянства.


Ганна КОДАЛАВА, Голас Веткаўшчыны.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.