Каб сям’я была шчаслівай

У мінулым годзе ў Расіі з’явілася новае свята — Дзень сям’і, любові і адданасці, які адзначаецца на дзяржаўным узроўні 8 ліпеня. Гэты дзень прысвечаны праваслаўнай царквой памяці святых благаверных Пятра і Фяўроніі Мурамскіх. Святкавалася яно і сёлета, найперш у г. Мураме, дзе ў 12 ст. жылі і правілі гэтыя святыя муж і жонка.
У нашы дні, калі традыцыйная сям’я распадаецца, у тым ліку і ў нас, у Беларусі, часам мяняюцца ролі мужчыны і жанчыны ў сям’і, наладжванне такога свята ды ім падобных — яшчэ адна “цаглінка” у пабудове гарманічнага жыцця, асабістага і грамадскага. У выпадку, калі людзі адмовяцца ад інстытута сям’і, у будучым гэта пагражае стратай нармальных чалавечых адносін. Уяўленні пра сям’ю звычайна фарміруе масавая культура, аднагодкі. У наш час уступленне ў шлюб, цнатлівасць да шлюбу, шматдзетнасць ды іншыя традыцыйныя сямейныя каштоўнасці маюць свой сэнс найбольш для веруючых, уцэркаўлёных людзей. Іх не так многа. Між іншым, паводле статыстыкі, у 2007 у суседняй Расіі нарадзілася 28% пазашлюбных дзяцей, у Францыі, Нарвегіі, Швецыі — больш 50%. Праўда, палова з пазашлюбных нараджэнняў — гэта бацькоўства без шлюбу: дзіця рэгіструецца па сумеснай заяве бацькі і маці.

Што зрабіць, каб сям’я была шчаслівай? У традыцыйнай беларускай культуры на гэта пытанне ёсць свае адказы: шматлікія ўяўленні, практычныя дзеянні. Варта згадаць, што нашыя бабулі, прабабулі з малітвамі аб жаночым шчасці, сямейным дабрабыце звярталіся да св. мучаніцы Параскевы. Дарэчы, ёсць некалькі словаў, якімі суправаджаецца імя таго ці іншага святога, святой: “бяссрэбранік”, “благаверны”, “мучанік” (“вялікамучанік”), “іспаведнік”, “прападобны”, “раўнаапостальны”, “свяціцель”, “страстацерпяц”, “юродзівы” (бажаволак, бажавоўк). Словы ўказваюць на тое, якім менавіта подзвігам праславіўся той ці іншы чалавек. “Вялікамучанік” — гэта той, хто пацярпеў за сваю веру: быў забіты, але не адрокся ад Хрыста.

Мучаніца Параскева жыла ў Іконіі ў 111 ст. (на тэрыторыі сучаснай Турцыі). Яе бацькі, хрысціяне, надта ўшаноўвалі пятніцу, дзень Божых пакутаў. Дачку, якая нарадзілася ў гэты дзень, яны назвалі Параскеваю (у перакладзе з грэчаскай мовы — Пятніцай).

Параскева прысвяціла сваё жыццё Богу. У гады ганенняў на хрысціян гарадскі кіраўнік загадаў люта мучыць Параскеву. Пасля таго ёй адсеклі галаву.

Хрысціяне звярталіся і звяртаюцца да св. Параскевы з малітвамі, у якіх просяць дапамагчы вылечыцца ад цяжкіх душэўных і цялесных хвароб. Да св. Параскевы звяртаюцца найбольш жанчыны. Яна — апякунка жаночай працы: ткацтва, прадзення, шыцця. Звычайна ў пятніцу (любую пятніцу) жанчыны імкнуліся пазбягаць працы з ніткамі, прадзеннем, ткацтвам. Паводле праваслаўнага календара, св. Параскеву кожны год ушаноўваюць 10 лістапада.

Прапануем увазе чытачоў запісы супрацоўнікаў Веткаўскага музея, зробленыя ў вёсках Веткаўскага, Добрушскага раёнаў. У гэтых аповедах — уяўленні пра Параскеву Пятніцу, адзін з дзявочых “сакрэтаў” (пра тое, як прыварожвалі хлопцаў), а таксама — вельмі даўняя песня пра трагічны лёс дзяўчыны, праспяваная аднаго разу жыхаркай в. Стаўбун…

У пятніцу не пылі, не зялі…

У пятніцу не пралі і перад пятніцай не пралі. У пятніцу ўвечары ўжо можна было прясць. За вечар можна было напрасць адну цэўку на самапрадцы. (Ад П.Д. Хамяковай, 1907 г.н., в. Казацкія Балсуны, 24.02. 1998 г. запісала І.Ю. Чыжова).

У пятніцу не пылі, не зялі. У пятніцу не пралі, не жлукцілі. (Ад В.С. Прыходзька, 1930 г.н., пас. Гібкі. Зап. І.Ю. Чыжова).

У пятніцу на рэчку не хаджу. Мая маць хадзіла ў Белыя Берагі, пад Бранск. Гаварыла: “Там ікона Пятніца. Як што дзелаюць на яе — яна плача”. Па пятніцам нельзя шыць. (Ад А.Т. Барысавай, 1924 г.н., в. Лужная, Ершыцкі р-н, Смаленская вобл., зап. Г.Р. Нячаева, Л.М. Мазейка ў 1998 г).

Па пятніцах усё дзелалі, но не пралі. Маталі цэўкі…, лён часалі, абдзіралі. Сёння дзевятая пятніца. У тую — дзесятую абракаліся людзі, служылі, як даждзю не было. А есьлі прасць? Гасподзь даець прызнак, убытак не самой, так парасёнку. (Ад М.Л. Марозавай, 1925 г.н, в. Стаўбун, зап. у 1999 г. Л.Д. Раманава, Г.І. Лапацін).

Ручнік і посцілкі з “любісцікам”

Маці ў 1922 г. выходзіла замуж, і ручнік, падараваны Вольгай Фраловай, ткаўся ёй да замужжа. Маці нарадзілася ў в. Насовічы Добрушскага раёна. Цэнтральны ўзор на ручніку — “любісцік”. Лісточкі ўзора падобны на любісцік. Ёсць такая расліна. І ў нас ён называецца “любісцік”. Дык вось, яны казалі: “Посцілку выткалі “любісцікам”. Траву гэту выкарыстоўваюць і сёння як лекавую, мыюцца ёй маладыя. Ён пахне, любістак. Хлопцаў ім прыварожваюць. Дзеўкі стараліся ткаць “любісцікам” — што вось сама прыгатавала, можа быць, сама і прываражу. Маці гаварыла, што посцілкі былі такія. Дык, гаворыць, калі прыходзяць хлопцы з другой вёскі ды застаюцца начаваць у каго, у дзяўчат, дык трэба слаць посцілку, якая выткана “любісцікам”. (Паводле В.Ф. Чатырка, 1925 г.н., в. Пясочная Буда, Добрушскі р-н, у 1998 г. запісала Л.А. Новікава).

***

Ой, зацвітала да наша Волга-рэчачка, да яна не цвятамы, эй!

Не цвятамы… Да зацвітала да наша Волга-рэчачка да яна караблямы, эй! Караблямы…

Да прасілася да красная дзевачка, да ў атца, сваёй маці, эй!

Ой, маці! Да пусці, пусці, ацец, родна маці, на карабль гуляці, эй!

Воля це, да ідзі, ідзі, да красная дзевачка, куда йдзі, не барыся, эй!

Не барыся… Да к цёмнаму вечарочку а назад вараціся, эй! Вараціся…

Да пашла, пашла да красная дзевачка, да яна забарылась… Забарылась…

Да з удалым дзеўка матросам, да яна загулялась. Эй, да загулялась…

Да прадалі дзеўку удалыя матросы, а яны падманулі.

Падманулі, да спадманіўшы да красную дзевачку да ромам напаілі.

Эй, напаілі, да напаіўшы да красну дзевачку да спаці палажылі.

Эй, палажылі, да палажыўшы да красную дзевачку, да карабель атвалілі. Атвалілі…

Выспіся, да красная дзевачка, да выспіся на гора. На гора…

Да прашнулася да красная дзевачка да сярод сіняга мора. Эй, мора…

Да зірне, гляне на сіняя мора — ані краю, ні крутога берага — дай усё сіня мора… эй!

Эй, мора… Дай як кінецца красная дзевачка да матросу ў ногі, Эй, у ногі…

“Да пусьці, пусці, удалы матросе, да з родам папрашчацца! Эй!” Папрашчацца…

“Да ціпер табе, да красная дзевачка, да з матросам ні знацца, эй! Ні знацца…

Да ціпер табе, да красная дзевачка, да з матросам вянчацца, эй!” Вянчацца…

Дай як кінецца да красная дзевачка да кулём у сіня мора, эй! Эй, мора…

“Да ніхай маё белае цела да й балюе, эй! Эй, балюе…

Да ніхай яно ні дастанецца, эй, да матросу-падлюге… эй!”

(Запісаў М.М. Гаршкоў ад Надзеі Міхайлаўны Пяўнёвай, 1911 г.н., у в. Стаўбун у 1992 г.)

Падрыхтавала Ларыса РАМАНАВА.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.