У разведцы

Гэта было ў студзені 1944 года. Тады мы грамілі немцаў пад Пінскам. Баі прыходзілася весці ў цяжкіх умовах. Пад намі былі незамярзаючыя пінскія балоты. Мы заўсёды былі брудныя, мокрыя. “Чартоўскі нядобрая мясцовасць, — гаварылі байцы.


— Калі мы тут доўга пасядзім, мы проста згніем”. І пры ўсякім выпадку кожны з нас імкнуўся ўдзесяцерыць сілу свайго ўдара, каб як мага хутчэй выйсці з гэтых багністых балот, якія на кожным кроку пагражаюць бяздоннем, і ў любую хвіліну яно можа паглынуць цябе.


Асабліва цяжкай ва ўмовах гэтай мясцовасці была работа разведчыкаў. Чорная коўдра ночы шчыльна пакрывала лес і балота. Станавілася так цёмна, што прыходзілася прабірацца вобмацкам, чапляючыся за кожны ствол дрэва, за кожны куст, арыентыруючыся лёгкім шорахам уперадзе ідучага таварыша. Цемната паглынала ў сябе ўсе гэтыя пагражаючыя жыццю бяздонні, і кожную хвіліну нам пагражала небяспека папасці ў дрыгву і быць жывым пахаваным.


Патрабавалася тэрмінова дастаць кантрольнага палоннага, ці як мы называем — “языка”. Атрымаўшы заданне, наша група разведчыкаў у складзе 12 чалавек выйшла на аперацыю. Прабірацца па гэтаму смерцю дыхаючаму балоту было вельмі цяжка. Вопратку і рукі раздзіралі кусты, за якія ўвесь час прыходзілася чапляцца. Мы ішлі ланцужком. Ішлі доўга, перарываючы шлях невялікімі адпачынкамі. Здавалася, што гэтаму качаючаму балоту не будзе канца. 30 кілометраў прайшлі мы за гэту ноч. Змучаныя і стомленыя, мы, мінуўшы пярэдні край праціўніка, нарэшце выйшлі з лесу на вялікую прафіліраваную дарогу, на якой ні днём, ні ноччу не спыняўся рух.


Разбіўшыся на групы, мы размясціліся па абочынах дарогі. Я кіраваў групай захопу. Аб’ект для нашай работы быў вельмі цяжкім. Па дарозе безупынна ішлі калоны машын, салдат, абозы. Зручнага моманту прышлося чакаць вельмі доўга. Але вось на якісьці момант на дарозе ўстанавілася цішыня, і па ёй ішла адзіная легкавая машына. Момант. Хуткім рыўком выхватваю гранату і кідаю ў машыну. Хутка забіраем двух застаўшыхся ў жывых немцаў, не трацячы часу, пачынаем адыход. Група забеспячэння завязала бой з падыходзячай калонай немцаў. Трэба было спяшацца. Сілы няроўныя — хутчэй у лес, які з кожнай хвілінай станавіўся ўсё бліжэй і бліжэй. Вось і ён. Цяпер балота не здавалася нам такім страшным. Яно павінна ўкрыць нас ад усіх небяспек.


Аддзелаўшыся ад немцаў, знаходзячыся ў глухамані балот, мы перажывалі радасць свайго поспеха. Два немцы, з якіх адзін штабны афіцэр, стаялі, апусціўшы голавы, як быццам бы абдумваючы ўсё тое, што так нечакана і маланкава адбылося.


Уперадзе прадстаяў доўгі і небяспечны шлях, шлях па балоту, праз пярэдні край праціўніка.


Змучаныя, брудныя, але гордыя за сваю работу, мы з’явіліся ў часць.


…Заданне выканана, кантрольныя палонныя ўзяты, — горда дакладваў камандзір групы.


Т. КЛЮЕЎ, былы разведчык. “Сталінская праўда”, 9 мая 1946 г.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.