Аб святым Аляксеі, чалавеку божым, аб матушцы Еліканідзе

30 сакавіка праваслаўныя людзі ўшаноўвалі дзень памяці святога прападобнага Аляксея, Чалавека Божага. Яго жыціе — адно з самых любімых у хрысціян.
Аднаго разу я паказала тэкст псальмы, у якой расказваецца аб жыцці святога Аляксея, маладому веткаўчаніну з гэткім жа імем. Прачытаўшы тэкст, малады чалавек (а ён у той час збіраўся ажаніцца) здзівіўся: “Што ж гэта за подзвіг такі ў святога — кінуць нявесту перад вяселлем, а пасля, вярнуўшыся праз некалькі дзесяткаў гадоў, жыць побач і не прызнацца, хто ты ёсць?” Сапраўды, некаторыя ўчынкі св. Аляксея здаюцца напачатку незразумелымі адносна жыццёвай маралі.< Але здараецца так, што нараджаюцца людзі, якія з малых гадоў адчуваюць сваё адрозненне ад іншых, пакліканыя да іншага жыцця. Згадаем жыццё святой Еўфрасінні Полацкай, якая з малых гадоў чытала Біблію, а пасля адмовілася выйсці замуж, выбраўшы для сябе шлях служэння Богу. Таццяна Мікалаеўна Хрушчова, жыхарка Неглюбкі, расказвала аб жыцці сваёй цёткі, Еўдакіі Ігнатаўны Прыходзька, якую ў Неглюбцы называлі манахіняй Еліканідай: “Мама наша ўсё расказвала, яна ж, кажа, была меншая, а Еўдакія — старэйшая. Мы, кажа, гуляем у куклы, а яна ўсё ў каробачкі. Дзе знойдзе, усё іконкі дзелала. Схавае, ну і ў пограб. А бацька быў проціў, яна ж была большая, нада была работніца. А яна — вот… Ёй стала трынаццаць гадоў. Яна кажа: “Пайду толькі ў манастыр”. Яна бача, што бацька хоча іе замуж аддаць. Пятнаццаць гадоў ёй было. Так яна во пайшла і ні маме, ні бацьку не сказала. Як была надзета, так і паехала, у Чыгірынскі манастыр… Ён на Украіне, у Чэркасскай вобласці”. Матушка Еліканіда (так яе называлі ў Неглюбцы і бліжэйшых вёсках) пражыла сто два гады, як ёй прадсказаў у сне Гасподзь Бог. Пахавана ў Неглюбцы, “на Барсуках”. За веру ў Бога Еўдакія Ігнатаўна 8 гадоў адбывала пакаранне ў турме. “Яна слабенькая была, яна была нізкага росту. А вот усё роўна пражыла столькі”, — заўважыла Таццяна Мікалаеўна Хрушчова. Цуды Божыя выяўляюцца найбольш тады, калі чалавек знаходзіцца ў крытычным стане, адчувае сваю фізічную немач. Матушка Матронушка, як вядома, не магла бачыць (не было зроку), але апісвала размяшчэнне дамоў на адной з вуліц італьянскага горада. Яна вылечвала многіх людзей. Магчыма, са слоў Матушкі Еліканіды Таццяна Мікалаеўна запомніла псальму аб жыцці і духоўных подзвігах св. Аляксея. У ёй распавядаецца, як малады Аляксей, сын багатых бацькоў, абраў замест жыцця з маладой жонкай у бацькоўскім доме жыццё жабрака. Аддаўшы сваё адзенне і грошы, ён пачаў жыць у малітвах і душэўных подзвігах каля храма Святой Багародзіцы ў горадзе Эдессе. У хуткім часе людзі заўважылі Аляксея, яго паслухмяныя паводзіны, адданасць Богу і пачалі паважаць і нават ставіць яго ў прыклад. Каб пазбегнуць славы сярод людзей, Аляксей вырашае пакінуць горад. Калі ён плыў на караблі, паднялася страшэнная бура, і пасля некалькіх дзён карабль прыбіўся да берагоў Італіі — недалёка ад Рыма, дзе калісьці, 17 год таму, нарадзіўся Аляксей. Сустрэўшы свайго бацьку, які не пазнаў яго, Аляксей папрасіўся да яго служкай. І той згадзіўся. Жыццё Аляксея не змянілася і тут, побач з роднымі, ён ціха і паслухмяна жыў у малітвах, не просячы нічога для сябе. Толькі цяжка было яму бачыць сум сваіх бацькоў і жонкі аб прапаўшым сыне. Так прайшло яшчэ 17 год. Відзел я іх ежэднеўна,
как рыдалі аба мне,
разрывалась маё серца,
я плакал ў цішыне.
Абіжалі мяне слугі
ў доме майго атца,
аблівалі, іздзявалісь да канца.
Цярпел холад, цярпел холад
і цялесна аслабел.
Быў без сонца ў кушчы цёмнай,
І сьмярцельна забалел.

Аб тым, што ў іх доме жыве святы чалавек, бацькі Аляксея даведаліся ад епіскапа Рымскага Інакенція. Падчас богаслужэння ў храме раздаўся голас: “Шукайце чалавека божага ў доме Яўхіміана” (бацькі Аляксея).
Калі ўсё стала вядомым, усе прысутныя рушылі да раней невядомага жабрака — да Аляксея. Аднак, калі ўвайшлі ў яго беднае жытло, ён ляжаў нерухома, а яго твар свяціўся.
І ўсе людзі памянулі Аляксея…
“За ўпакой”…
Яўхіміана уцяшалі — штоб ні падаў ён душой.
Добрый папа Інакенцій адпяваньне атслужыл,
і ў аградзе сьвятой цэрквы Аляксея схараніў.

Але (пра тое не гаворыцца ў псальме) перад тым, як пакласці цела Аляксея ў мармуровую дамавіну, яго паклалі на галоўнай рымскай плошчы. Сюды сышліся ўсе рымляне. Імператар і Папа самі ўнеслі цела святога ў царкву, дзе яно знаходзілася цэлы тыдзень. Каля святых мошчаў пачаў адчувацца водар міра, ад якога вылечваліся хворыя.
Ларыса РАМАНАВА.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.